Лета ў кадэцкім вучылішчы

- 16:44Нам пішуць

Летам вучням сярэдняй школы № 32 Гродна гасцінна адчыніла свае дзверы Гродзенскае абласное кадэцкае вучылішча, на базе якога функцыянаваў 9-дзённы стацыянарны лагер “Патрыёт”. Летнік быў размешчаны ў ціхім маляўнічым месцы аг. Парэчча, на беразе возера.

Пад кіраўніцтвам дасведчаных выхавальнікаў, якія здольны ператварыць кожны дзень у сапраўдную маленькую прыгоду, для дзяцей ладзілі выхаваўчыя і спартыўныя мерапрыемствы. Праграма аказалася насычаная і была прысвечана Году малой радзімы.

Дзеці наведалі тэматычныя кабінеты Гродзенскага абласнога кадэцкага вучылішча, музей ваеннай службы. Пабывалі на экскурсіі ў аг. Парэчча, пазнаёміліся з яго гісторыяй, агледзелі мясцовыя славутасці. Супрацоўнікі бібліятэкі кадэцкага вучылішча правялі для вучняў бібліятэчны ўрок “Кніжная спадчына Беларусі”.

Не менш разнастайнымі былі і мерапрыемствы, якія праводзілі для дзяцей выхавальнікі лагера: заняткі з элементамі гульні “Здароўе — гэта модна”, краязнаўчая гульня “Сабяры Беларусь у сваім сэрцы”, віктарына “Край мой — Беларусь” , выставы малюнкаў “Мой горад”, “Вясёлка здароўя”, конкурс плакатаў “Азбука беларускага арнаменту”, музычная гульня “Песні Белай Русі”, конкурс сачыненняў “Роля чытання ў жыцці сучаснай моладзі”.

Нашы вучні прымалі ўдзел у мерапрыемствах сумесна з кадэтамі. Так, падчас работы лагера правялі спаборніцтвы па футболе, валейболе, баскетболе, патрыятычную гульню “Ці лёгка быць салдатам?” Выказваем вялікую ўдзячнасць супрацоўнікам Гродзенскага абласнога кадэцкага вучылішча і яго дырэктару Мікалаю Васільевічу Жыгэу за гасціннасць. Гэтыя 9 дзён, праведзеныя ў лагеры “Патрыёт”, надоўга застануцца ў сэрцах і думках нашых вучняў яркім незабыўным успамінам.

Таццяна МАКАРЭВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 32 Гродна.
Т.Я.Макарэвіч,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце cярэдняq школs № 32 Гродна.