Лета ў студатрадзе

Студэнцкія атрады імя Герояў Савецкага Саюза А.М.Гарчыліна, І.М.Кажадуба і Азіма Рахімава, сфарміраваныя з навучэнцаў Мінскага каледжа прадпрымальніцтва, яшчэ ў ліпені заступілі на працоўны фронт у філіял “Мінская гарадская тэлефонная сетка” РУП“Белтэлекам”.

Разам з вопытнымі супрацоўнікамі 20 навучэнцаў сталі аператарамі групы телемаркетынгу. У іх абавязках — пераключэнне абанентаў на іншыя тарыфныя планы і пакеты паслуг, інфармаванне аб новых і дзеючых акцыях кампаніі, афармленне дакументаў, апавяшчэнне абанентаў аб пераключэнні на тэхналогію GPON (тэхналогія пасіўных аптычных сетак), разбіранне абсталявання сувязі, якое было ў карыстанні, знаёмства патэнцыяльных кліентаў з усім комплексам паслуг, якія сёння прапануе “Белтэлекам”.

— Работа ў студэнцкім атрадзе — выдатная магчымасць пазнаёміцца з новымі людзьмі, атрымаць цікавы вопыт і з карысцю правесці вольны час, — расказвае ўдзельніца студатрадаТая Ходас.

Падчас работы ў “Белтэлекаме” хлопцы і дзяўчаты пазнаёміліся з поўным спектрам паслуг кампаніі, працавалі ва ўнутраных камп’ютарных сістэмах.

— Працаваць у кампаніі мне спадабалася. Утульна, дружны калектыў, — дзеліцца ўражаннямі ўдзельнік студэнцкага атрада. — Нас пазнаёмілі з асноўнымі паслугамі кампаніі, работа зводзілася да тэлефанавання абанентам кампаніі. Мы прапаноўвалі аб’яднаць іх паслугі ў адзін пакет. У асноўным людзі ахвотна згаджаліся, бо паслугі застаюцца тыя ж, але кошт — у паўтара-два разы меншы.

Работа ў студатрадзе — гэта магчымасць атрымаць працоўны вопыт і зарабіць першыя грошы. Па словах маладых людзей, у іх было некалькі прапаноў, дзе правесці свой працоўны семестр. Калі прыйшлі ў “Белтэлекам”, пераканаліся, што зрабілі правільны выбар.

Як сцвярджаюць байцы студатрада, ім даверылі продаж тарыфаў і пакетаў, апавяшчэнне абанентаў аб акцыях, паслугах кампаніі, інфармаванне аб запазычанасцях, работу з базамі даных прадпрыемства. Работа кожнага студэнта ацэньваецца па спецыяльнай сістэме паказчыкаў эфектыўнасці, якая ўлічвае складанасць паслуг, што прадаюцца, іх колькасць, а зарплата залежыць ад канчатковага выніку. Падаходны падатак для работнікаў атрада зніжаны — усяго 7%.

Па словах удзельнікаў студатрада, 2 з 20 працягнуць працаваць у групе телемаркетынгу пасля заканчэння работы ў студэнцкім атрадзе.

Як сцвярджае педагог-арганізатар Мінскага каледжа прадпрымальніцтва Юлія Ларцава, удзельнікі студатрада будуць заахвочаны не толькі высокай грашовай аплатай, але і паходамі ў аквапарк, білетамі на забаўляльныя мерапрыемствы ад Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

Георгій Шышкану.