Лета яркіх эмоцый і ўражанняў

- 10:20Навіны рэгіёнаў

Весела адпачыць, паўнавартасна аздаравіцца, а таксама дэталёва азнаёміцца з буднямі ваеннаслужачых — такую магчымасць атрымалі летам школьнікі Хоцімскага раёна.

— У перыяд летніх канікул у нашым раёне адкрываюцца аздараўленчыя лагеры розных тыпаў. Аздараўленне ў летніках папулярнае сярод навучэнцаў. Асаблівую цікавасць традыцыйна выклікаюць у дзяцей профільныя лагеры. Так, мноства жадаючых імкнуліся трапіць у грамадзянска-патрыятычны палатачны летнік “Выбар”, — расказала метадыст Хоцімскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Т.М.Траханава.

Паводле яе слоў, лагер “Выбар” для раёна стаў ужо традыцыйным. Дзеці пра яго шмат чулі, таму і жадаючых паспрабаваць сябе ў ролі салдат заўсёды многа.

— “Выбар” з году ў год збірае дзяцей з розных сем’яў. Гэта падлеткі, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным станові­шчы. Таксама прыя­рытэт для аздараўлення ў гэтым лагеры мы аддаём дзецям з мнагадзетных, малазабяспечаных сем’яў, дзецям-сіротам, якія засталіся без апекі баць­коў. Усяго сёлета ў летніку адпачылі 60 дзяцей. Акрамя арганізацыі адпачынку, адна з галоўных мэт лагера — выхаванне ў падлеткаў патрыя­тызму, любові да радзімы. У працэсе аздараўлення яны вучацца самастойнасці, уменню прымаць рашэнні, становяцца больш адказнымі, дысцыплінаванымі, развіва­юць свае фізічныя здольнасці, — адзначыла Таццяна Мікалаеўна.

У арганізацыі адпачынкавай дзейнасці падлеткаў упор рабіўся на мерапрыемствы грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці. У “Выбары” хлопцы маглі таксама азнаёміцца з асновамі ваеннай падрыхтоўкі. Прычым аб вайсковым жыцці ім расказалі непасрэдна самі вайскоўцы.

— Палатачны лагер наведвалі прадстаўнікі вайсковых часцей рэгіёна. Вайскоўцы воінскай часці 6713 Магілёва правялі з выхаванцамі лагера стралковы турнір, майстар-клас па страявой падрыхтоўцы, турніры па міні-футболе і валейболе, ваенна-патрыятычную акцыю “Жыць — Радзіме служыць!”. Салдаты і афіцэры вайсковай часці 12180 Асіповіч арганізавалі ваенна-патрыятычную гульню “Зарніца”, квест “Вайсковыя будні”, інфармацыйную гадзіну “Быць ваенным — гэта ганарова”, анкетаванне “Маё стаўленне да службы ў войску”. У мера­прыемствах, якія праходзілі з удзелам вайскоўцаў, выхаванцы лагера ўдзельнічалі з асаблівым энтузіязмам, — падкрэсліла Т.М.Траханава.

Наогул, кожны дзень у лагеры “Выбар” быў насычаны для падлеткаў падзеямі. Акрамя ваенных, да іх у госці з цікавымі мерапрыемствамі і акцыямі прыяз­джалі спецыялісты раённага краязнаўчага музея, медыцынскія работнікі, інспектары ІСН, супрацоўнікі РАНС і РАУС.

— Фарміраванню ў дзяцей навыкаў бяспечнай жыццядзейнасці таксама ўдзялялася асаблівая ўвага. Яны вучыліся бяспечным паводзінам падчас правядзення тэматычных дзён. Вельмі актуальнай і пазнавальнай была сустрэча з прадстаўнікамі РАНС, у ходзе якой была праведзена гутарка аб бяспецы ў побыце, паводзінах пры пажары. Выхаванцам лагера прадставілася магчымасць пабываць са­праўднымі ратавальнікамі, прымерыць баявую форму, азнаёміцца з прыладамі пажарнай машыны. Дзеці атрымалі шмат новых ведаў, якія дазволяць ім пазбег­нуць трапляння ў надзвычайныя сітуа­цыі, — заўважыла Таццяна Міка­лаеўна.

За лета ў “Выбары” прайшлі тры аздараўленчыя змены. Дзевяць дзён адпачынку праляталі незаўважна. І нядзіўна, бо кожны дзень у гэтым лагеры быў насычаным, напоўненым станоўчымі ўражаннямі і яркі­мі эмоцыямі.

Адметна, што гэтак жа быў арганізаваны адпачынак для хоцімскіх навучэнцаў і ў іншых аздараўленчых летніках раёна. Усяго адпачыць, загартавацца і набрацца сіл да новага навучальнага года ў разнастайных лагерах змаг­лі звыш 1000 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадстаўлена Хоцімскім раённым вучэбна-метадычным кабінетам.