Лета за горадам

- 17:49Нам пішуць

Лета — гэта i весела, забаўляльна, гэта канiкулы, адпачынак ад урокаў. Лета — гэта свабода. А канікулы ў летніку за горадам — гэта яшчэ i новыя сябры, незабыўныя старонкi жыцця. Летнiк “Змена” Мiнскага завода колавых цягачоў знаходзiцца ў сасновым бары недалёка ад Мiнска, у Смалявiцкiм раёне. У летнiк прыязджаюць дзецi са сталіцы. За тры змены тут адпачылi i прайшлi аздараўленне 590 дзяцей.

Змены не падобны адна на адну, таму дзецi часта застаюцца ў летніку на дзве, а то i на тры змены. Кожная мае сваю назву, сваю тэму, дзецi прыдумваюць свайму атраду адпаведную назву i дэвiз, а затым конкурс атрадных куточкаў вызначае лепшых. Тэмы былi такiя: 1-я змена — “Дзiцячае тэлебачанне”, 2-я — “Град”, 3-я — “Марское падарожжа ў краiну адкрыццяў”. Дзецi з атрада “Сталiца” 2-й змены намалявалi карту Мiнска i адзначылi на ёй усе раёны, з якiх яны прыехалi, прыдумалi вiктарыну пра горад, намалявалi сталiчны транспарт. I калi атрад “Сталiца” — гэта сур’ёзнасць i крэатыў, то атрад “Крэветкi” — гэта яшчэ і гумар (3-я змена). Iх дэвiз проста выдатны: “Мы крэветкi проста клас! У акiяне многа нас. Мы жывём на пазiтыве ў самым лепшым калектыве!”

А колькi талентаў паказвалі студэнты-практыканты з БДПУ iмя Максіма Танка! “Купальскi вечар” зачараваў дзяцей сваёй таямнiчасцю, музычнасцю, вiдовiшчнасцю. Дзяўчаты змайстравалi касцюмы з рагожы ў народным беларускiм стылi, упрыгожылi iх лiстамi дуба, папараці, кветкамi, зёлкамi. Ролi міфічных істот выконвалi студэнты. Купальскi карагод з песнямi, вогнiшчам — усё гэта было загадкава, але весела i прыгожа, разумна i незабыўна. Гэта было сапраўднае старажытнае абрадавае свята.

Ідэя мiру, дружбы, беларускасцi праходзiць праз усё летняе жыццё дзяцей у лагеры. Так, у конкурсе ваенна-патрыятычнай песнi “Песнi вялiкага подзвiгу” гучала асноўная думка: “Мая зямля, мая Радзiма — гэта i ўся светлая наша Беларусь, і мая малая радзiма, мой родны кут, якiя зараз свабодныя i якiя мы павiнны зберагчы. Трэба жыць, дружыць, працаваць на карысць сваёй сям’i і сваёй Радзiмы”.

А якое ж аздараўленне без фiзiчнай культуры, фiзiчнай зарадкi, спартыўных гульняў! Тут трэба асобны дзякуй сказаць кiраўнiку фiзiчнага выхавання Д.М.Чарнову за яго прафесіяналізм і актыўнасць. Ён асаблiвую ўвагу ўдзяляў народным беларускiм гульням i спаборнiцтвам. Уявiце сабе: узяў бервяно даўжынёй прыкладна 7 метраў, паклаў яго на траву i замацаваў па баках чатырма калочкамi, наладзіў спаборнiцтва “Сутычка волатаў”. У спаборнiцтве было тры раўнды. Дзецям трэба было праявiць i спрытнасць, i каардынацыю рухаў, i этыку барацьбы. Перад спаборнiцтвам кожную пару Дзянiс Мiкалаевiч iнструктаваў, паказваў, як трэба змагацца. Дзецi былi ў захапленнi i ад “Алiмпiйскiх гульняў”, i ад эстафет, у якiх прымалi ўдзел i выхавальнікі. Было вельмi весела!

Цяжка пералiчыць усе цiкавыя, захапляльныя мерапрыемствы ў летнiку, лепш сюды прыехаць, адпачываць i прыняць у iх удзел! Ды i пуцёўка танная, бо дзяржава робiць датацыi. Умовы для адпачынку ў летнiку створаны на высокім узроўні: чысцiня, кветкi, клуб, адкрытая эстрада, стадыён і водар сасновага бору. А кiруюць усiм гэтым хараством начальнiк упраўлення сацыяльнага забеспячэння i развiцця МЗКЦ В.В.Васiлеўскi, начальнiк летнiка А.С.Кiрпiч i старшы выхавальнiк Л.І.Давыдзенка. Прыязджайце ў “Змену”! Не пашкадуеце!

Тамара ГРУШЭЦКАЯ,
настаўнiца, тэхнiчны работнiк летнiка “Змена” МЗКЦ.