Летні адпачынак скрозь “Кола часу”

Летні перыяд павінен стаць актыўнай парой сацыялізацыі школьнікаў — вырашылі ў Навагрудскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Прышкольны аздараўленчы лагер кругласутачнага знаходжання стаў не толькі месцам адпачынку і аздараўлення, але і месцам правядзення новых эксперыментаў, арыгінальных падыходаў, творчых пошукаў у арганізацыі дзейнасці часовага дзіцячага калектыву з улікам іх узроставых асаблівасцей.

У нашым летнім лагеры штогод праходзяць аздараўленне 40 дзяцей. У першую чаргу пуцёўкамі ў лагер забяспечваюцца выхаванцы, якія патрабуюць асаблівай педагагічнай увагі: дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзеці з апякунскіх, прыёмных і мнагадзетных сем’яў.

2017 год абвешчаны Годам навукі. У сувязі з гэтым паўстала ідэя стварэння аздараўленчага праекта “Кола часу”, які дазволіў выхаванцам здзейсніць вандраванне ў мінулае і на крылах фантазіі перанесціся ў будучыню. Выхаванцы сталі ўдзельнікамі ролевай гульні, падчас якой пабывалі ў розных эпохах, пазнаёміліся з іх асаблівасцямі, папоўнілі запас ведаў пра традыцыі гэтых эпох. Выхоўваць дзяцей на слаўным мінулым беларускага народа, дапамагчы самім спраектаваць магчымы варыянт будучыні — такая асноўная мэта аздараўленчага праекта “Кола часу”.

“Кола часу” аб’яднала тры эпохі (тры атрады): эпоху казак і легенд, эпоху рыцараў і эпоху “Госці з будучыні”. План работы лагера быў складзены з улікам узроставых асаблівасцей выхаванцаў і ўключаў разнастайныя формы дзейнасці: фэст эпох “Залатая ліра”, час пытанняў і адказаў “Рэчы і людзі”, адкрытую кафедру “Законы рыцарства”, экскурсіі і паходы. Былі ўключаны і традыцыйныя школьныя мерапрыемствы: музычны конкурс “Мелодыя душы”, вучэнні “Школа юнага ратавальніка”.

Выхаванцы лагера пабывалі ў ролі даследчыкаў і вандроўнікаў, пазнаёміліся з прадпрыемствамі горада, паўдзельнічалі ў конкурсе пячорнага жывапісу, паспрабавалі свае сілы ў рыцарскім турніры, праявілі адвагу і мужнасць у алімпійскіх гульнях. Экскурсія ў Мінск завяршыла лагерную змену. Выхаванцы “Кола часу” пабывалі ў батанічным садзе, наведалі Курган Славы. Цудоўную і загадкавую эпоху адкрыў для іх дынапарк і заапарк. І, вядома ж, Беларускі дзяржаўны цырк — мара кожнага діцяці!

Святлана ЗАЙКО,
начальнік аздараўленчага лагера “Кола часу”.