Летні адпачынак з карысцю

- 15:21Планёрка ў рэгіёне

Сістэма адукацыі Крупскага раёна Мінскай вобласці забяспечвае ў цэлым станоўчую дынаміку асноўных паказчыкаў якасці адукацыі. Сярод прыярытэтных напрамкаў дзейнасці — умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, аснашчэнне іх сучасным абсталяваннем і сродкамі навучання праз фандрайзінг, стварэнне бяспечных умоў для навучання і выхавання дзяцей, арганізацыя работы па раннім выяўленні дзяцей, якія пражываюць ва ўмовах сямейнай нядобранадзейнасці, прафілактыка сацыяльнага сіроцтва, а таксама правядзенне мэтанакіраванай работы з высокаматываванымі навучэнцамі. Пра гэта расказала гераіня нашай “Суботняй планёркі” начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Крупскага райвыканкама Лідзія Іванаўна БАЧЫШЧАВА.

— Лідзія Іванаўна, з якімі вынікамі ўстановы адукацыі раёна завяршылі навучальны год?

— У раёне дзейнічаюць 9 устаноў дашкольнай адукацыі, якія наведваюць 792 выхаванцы. Ахоп дзяцей ад 3 да 6 гадоў дашкольнай адукацыяй складае 86%. Аснашчанасць устаноў дашкольнай адукацыі сродкамі навучання — 81%.

Што тычыцца ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, то ў 2018/2019 навучальным годзе ў раёне функцыянавалі 14 устаноў адукацыі, якія наведвалі 2479 навучэнцаў. Па выніках года атрымалі атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі з узнагаро­джаннем залатымі медалямі 6 выпускнікоў 11-х класаў, 19 дзевяцікласнікам уручаны пасведчанні аб базавай адукацыі з адзнакай.

Стабільным застаецца ўдзел нашых навучэнцаў у рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах. Сёлета на абласным этапе заваявана 6 дыпломаў навучэнцамі Крупскай раённай гімназіі па рускай мове і літаратуры, англійскай мове, працоўным навучанні і фізіцы (у 2017/2018 навучальным годзе было заваявана 6 дыпломаў; у 2016/2017 — 4).

На заключным этапе гэтых спаборніцтваў — адзін дыплом па рускай мове і літаратуры. Дарэчы, па адным дыпломе было заваявана ў 2017 і ў 2018 гадах.

Па выніках удзелу ў абласным конкурсе работ даследчага характару тры навучэнцы ўдастоены дыпломаў: Аляксей Навіцкі (сярэдняя школа імя У.А.Крыштапенкі пасёлка Крупскага), Таццяна Аляхновіч і Мацвей Лебедзеў (сярэдняя школа № 3 Крупак). Таццяна Аляхновіч таксама заваявала дыплом I ступені ў Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару (канферэнцыі) вучняў па беларускай літаратуры ў секцыі “Літаратуразнаўства”. У конкурсе навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты XXI стагоддзя” навучэнец Крупскай раённай гімназіі Вадзім Качанаў атрымаў дыплом ІІІ ступені.

За высокія творчыя дасягненні звання вучня года Мінскай вобласці — 2018  удастоена навучэнка Бобрскага ясляў-сада — сярэдняй школы імя А.В.Луначарскага Віялета Галкіна.

— Як арганізаваны ў раёне профільнае навучанне, прафесійная падрыхтоўка вучняў?

— Для дзесяцікласнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў рамках працоўнага навучання быў арганізаваны адукацыйны працэс па рэалізацыі праграмы прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) на базе дзвюх устаноў адукацыі раёна для 65 навучэнцаў з 9 устаноў адукацыі: па прафесіі муляра, сакратара — на базе сярэдняй школы № 1 імя У.М.Марцінкевіча Крупак (36 навучэнцаў), разьбяра па дрэве і бяросце, швачкі — на базе сярэдняй школы № 3 Крупак (29 навучэнцаў). Сёлета для 68 навучэнцаў плануем арганіза­ваць адукацыйны працэс па рэалізацыі праграмы прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) па гэтых прафесіях.

У мінулым навучальным годзе ў 5 установах адукацыі ў 10-х класах адкрыты групы аграрнай накіраванасці (29 навучэнцаў), у 2 установах — педагагічнай (10 навучэнцаў). У 2019/2020 навучальным годзе плануецца адкрыць класы аграрнай накіраванасці  (Крупская раённая гімназія, сярэдняя школа № 1 імя У.М.Марцінкевіча Крупак, Бобрскі яслі-сад — сярэдняя школа імя А.В.Луначарскага, Коласаўская сярэдняя школа), педагагічнай накіраванасці (сярэдняя школа № 3 Крупак, Хацюхоўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа імя У.В.Кавалёнка). Чакаецца, што гэтыя класы будуць наведваць 23 і 10 навучэнцаў адпаведна.

Як арганізавана летняя аздараўленчая кампанія?

— Лета — гэта мора незабыўных уражанняў, новых знаёмстваў, неверагодных прыгод. Чаго ж чакаюць хлопчыкі і дзяўчынкі ад летняга адпачынку?  Каб вакол кіпела жыццё, каб не было калі сумаваць. Ім патрэбны захапляльныя прыгоды, новыя знаёмствы, дзівосныя падарожжы.

У летні перыяд у раёне запланавана аздаравіць 1092 дзіцяці: у летніках з дзённым знаходжаннем — 555, з кругласутачным знаходжаннем — 537.

Мы паклапаціліся, каб кожны дзень знаходжання ў лагеры быў насычаны яркімі і цікавымі падзеямі, мерапрыемствамі самай рознай накіраванасці. Так, 17 чэрвеня ў аздараўленчых летніках з дзённым знаходжаннем і ў летніку працы і адпачынку былі праведзены мерапрыемствы, прымеркаваныя да Сусветнага дня барацьбы з апустыньваннем і засухай. У “Факеле” на базе сярэдняй школы № 3 Крупкі  праве­дзена гутарка “Захаваем планету для нашчадкаў”. У “Непаседах” (Нацкая сярэдняя школа) прайшоў конкурс малюнкаў “Зямля — наш агульны дом”.  У Бобрскім яслях-садзе — сярэдняй школе праведзена бліцвіктарына “Умейце любіць прыроду” з гутаркай пра Сусветны дзень бараць­бы з апустыньваннем і засухай.

Для дзяцей з аздараўленчага летніка з дзённым знаходжаннем “Па сцежках малой радзімы” (сярэдняя школа імя У.А.Крыштапенкі пасёлка Крупскага) была арганізавана выстава ў сельскай бібліятэцы “Прыроды роднай хараство”, а ў Халопеніцкай сярэдняй школе імя Максіма Багдановіча прайшоў працоўны дэсант пад дэвізам “Кропелька вільгаці — крыніца жыцця”.

З мэтай забеспячэння занятасці непаўналетніх у летні перыяд і недапушчэння супрацьпраўных паводзін зменены графік работы спартыўных залаў, камп’ютарных класаў ва ўстановах адукацыі. На базе ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі арганізавана работа аб’яднанняў па інтарэсах.

— Якія формы работы раённага вучэбна-метадычнага кабінета найбольш запатрабаваны сёння?

— Рэаліі сённяшняга дня, развіццё інфармацыйных тэхналогій выводзяць на першы план формы метадычнай работы з выкарыстаннем ІКТ, такіх як дыстанцыйныя спаборніцтвы, напрыклад, алімпіяды па прававых ведах, па веданні правіл бяспечнай жыццядзейнасці, па фінансавай дас­ведчанасці, вэбінары, сеткавыя метадычныя аб’яднанні і інш. Таксама запатрабаваны формы работы, адкрытыя ў камунікатыўным плане, гэта значыць, актыўныя і інтэрактыўныя формы правядзення метадычных мерапрыемстваў: камп’ютарныя сімуляцыі, дзелавыя і ролевыя гульні, разбор канкрэтных сітуацый, псіхалагічныя трэнінгі і інш.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.