Летні калейдаскоп

- 19:03Выхаванне, Выхаваўчая работа

Лета для школьнікаў — час дзеянняў, проб і праверкі сваіх сіл. А дзень, праведзены ў аздараўленчым лагеры, робіць жыццё яшчэ больш дзівосным і непаўторным, цікавым і змястоўным.

У аснову арганізацыі выхаваўчай работы ў “Юным следапыце” пакладзена легенда, згодна з якой выхаванцы становяцца краязнаўцамі. Падарожнічаючы па прасторах малой радзімы, хлопчыкі і дзяўчынкі знаёмяцца з таленавітымі, творчымі і працавітымі землякамі, вывучаюць іх лёс і ролю ў гісторыі краіны.

Першы дзень змены прысвечаны знаёмству з аграгарадком і яго жыхарамі. У час гульні “Мая родная вёска Макараўцы” дзеці даведаліся аб гісторыі школы і лёсе заслужанага настаўніка БССР У.І.Трафіменкава, аб школьным фруктовым садзе, які быў закладзены ў 1980 годзе, і аб тых, хто быў ініцыятарам гэтай добрай справы, наведалі помнік загінуўшым землякам у гады Вялікай Айчыннай вайны, філіял па культурна-адпачынкавай дзейнасці, ветэранаў працы.

У час “Спартыўнага калейдаскопа” выхаванцы не толькі паказалі свой спрыт, але і папоўнілі веды аб беларускіх спартсменах. Кожны змог праявіць творчыя здольнасці ў час хобі-гадзіны “Кветкавы настрой” і музычнай эстафеты “Спяваем разам пра Беларусь”, прысвечанай Дню Незалежнасці. А наперадзе яшчэ шмат новых падарожжаў, сустрэч і адкрыццяў.

Алена БУДНІЦКАЯ,
дырэктар лагера “Юны следапыт” Макараўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Бераставіцкага раёна.
Фота аўтара.