Летні настрой горада будучыні

Міжнародны дзень абароны дзяцей, першы дзень лета, лагодныя сонечныя промні, шчырыя ўсмешкі сяброў — чым не нагода пачаць летнюю аздараўленчую кампанію. Менавіта ў такой святочнай атмасферы прайшло ўрачыстае адкрыццё першай змены дзіцячага аздараўленчага лагера “Палітэхнік” у аднайменным санаторыі-прафілакторыі БНТУ з удзелам міністра адукацыі Ігара Васільевіча Карпенкі.

Ужо некалькі гадоў кожная змена “Палітэхніка” праходзіць у фармаце ролевай гульні. Дзеці прыязджаюць на адпачынак не проста ў лагер, размешчаны на беразе Мінскага мора, а ў своеасаблівы імправізаваны горад. Горад магчымасцей, горад адкрыццяў… Цяпер гэта горад будучыні. І атрады ў лагеры не проста атрады, а знакамітыя беларускія брэнды з розных сфер (“Слодыч”, “Цмокі-Мінск” і г.д.).

— Вітаю цябе, горад будучыні! — звярнуўся да дзяцей Ігар Васільевіч Карпенка. — Дзякуй, што запрасілі на ўрачыстае адкрыццё першай лагернай змены. Я сам нібыта акунуўся ў сваё дзяцінства, у тыя гады, якія вы цяпер перажываеце. Гэта цудоўны час. Пачаліся канікулы, вы паспяхова завяршылі навучанне ў школе. Цяпер вы поўныя запалу і энергіі, каб правесці лета ярка і цікава. Жадаю вам поспехаў, асабліва свайму дарагому і любімаму атраду “Крылаты”, таму што ў свой час я меў адносіны да яго стварэння яшчэ на базе педагагічнага ўніверсітэта. Цяпер гэты атрад пашырыўся. Тут студэнты не толькі БДПУ, але і іншых УВА нашай краіны. Сімвалічна, што на базе студэнцкага санаторыя-прафілакторыя “Палітэхнік” мы ўжо каторы раз праводзім летнія ­аздараўленчыя змены для нашых дзяцей. Жадаю ўсім яркіх уражанняў, цікавага, змястоўнага адпачынку, каб ён быў напоўнены новымі сябрамі, новымі ідэямі, новымі крэатыўнымі мерапрыемствамі.

Падчас кожнай змены “Палі­тэхніка” рэалізуецца свое­асаблівая эканамічная мадэль. Кожны дзень кожнаму брэнду (атраду) налічваецца пэўная колькасць незвычайнай валюты лагера. Дзеці могуць укладваць атрыманыя сродкі ў нешта карыснае, рабіць нейкія інвестыцыі, напрыклад, набываць батуты або заказваць працяг дыскатэкі. Такім чынам, хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца карыстацца грашыма. Адметнасць змен “Палітэхніка” яшчэ і ў тым, што тут праводзяцца заняткі па фінансавай дасведчанасці. Дзеці атрымліваюць розную інфармацыю: пачынаючы ад асаблівасцей работы прадпрыемстваў і заканчваючы тактыкай гульні ў міні-футбол.

Дзякуючы атрыманаму ад міністра адукацыі спартыўнаму інвентару, кнігам, а таксама сертыфікату на набыццё відэакамеры, кожны дзень жыхароў незвычайнага горада будучыні будзе напоўнены яшчэ большай колькасцю яркіх падзей.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.