Летнікі на любы густ

- 15:09Адукацыйная прастора

У гэтым годзе Рэспубліканскі фестываль аздараўленчых летнікаў “Летні маршрут: малая радзіма” запомніўся не толькі маштабам, але і тэматычнай разнастайнасцю прадстаўленых каманд. Чым могуць дапамагчы адзін аднаму кіраўнік археалагічнага атрада і настаўнік STEM-лабараторыі, мы даведаліся ў саміх удзельнікаў.

У 2013 годзе першы фестываль сабраў 30 выхавальнікаў і дзяцей, у гэтым годзе колькасць удзельнікаў вырасла да 143, і ўсё — каб сабраць вопыт педагогаў, што працуюць у розных кірунках, і наладзіць актыўны абмен ідэямі. Пастаянная камунікацыя ўзбагачае не толькі ўдзельнікаў, але, як прызнаюцца арганізатары, і саміх метадыстаў Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня”, які прымае фестываль.

— Безумоўна, “Зубраня” — флагман у сістэме выхаваўча-аздараўленчых устаноў. Мы маем багаты вопыт, — прызнае метадыст цэнтра Таццяна Васільеўна Куцко. — Але нам заўсёды цікава знаёміцца з тым, што адбываецца ў рэгіянальных летніках. Паверце, мы не толькі вучым, але і вучымся на такіх фестывалях. Да таго ж метадыстам патрэбна бачыць, як наша работа ўплывае на тое, што адбываецца ў летніках.

Вялікую цікавасць для педагогаў прадстаўлялі стэнды, падрыхтаваныя ўдзельнікамі фестывалю. Яны дапамагалі хутка пазнаёміцца з тым, як была арганізавана змена ў летніку, якія мэты ставілі перад сабой выхавальнікі і якімі сродкамі іх дасягнулі. Незалежна ад профілю аздараўленчай установы, стала ўжо традыцыйным складанне легенды летніка з гульнявой мэтай на змену і заданнямі на кожны дзень. Згодна з легендай афармляліся культурныя і спартыўныя мерапрыемствы, арганізоўваліся спаборніцтвы паміж выхаванцамі або цэлымі атрадамі, выбіраліся формы правядзення вольнага часу.

— Наша мэта — перадаць традыцыі, культурныя коды, закладзеныя нашымі продкамі, наступнаму пакаленню, — расказала Вольга Пятроўна Палітыка, педагог аздараўленчага летніка з дзённым знаходжаннем “Паміж мінулым і будучыняй” сталічнага Палаца дзяцей і моладзі “Арыён”. — Таму ў першы дзень да нас завітаў Захавальнік Часу — персанаж, які раздаваў заданні на працягу змены. Як звычайна, кожны дзень быў тэматычны, але дзяліўся на дзве паловы: першая была прысвечана мінуламу, а другая — сучаснасці ці будучыні. Напрыклад, у “Дзень фота” раніцай патрэбна было намаляваць тантамарэску — стэнд для фатаграфавання. Канечне, дзеці гэтага паняцця не -ведаюць, і спачатку мы правялі адукацыйны блок: патлумачылі, што такое тантамарэска, пагутарылі пра гісторыю фатаграфіі, прынеслі з музея фотаапарат XX стагоддзя і фотаздымкі XIX стагоддзя, дзеці маглі патрымаць іх у руках. А ў другой палове дня прайшоў конкурс арыгінальных сэлфі “Ты ды я, ды мы з табой”.

Супрацьстаянне і яднанне часоў — папулярная тэма, бо дазваляе гарманічна злучаць адукацыйны блок (гісторыя, краязнаўства, класічнае мастацтва) і забаўляльны (сучасныя творчыя напрамкі, спартыўныя гульні, дыскатэкі). Так госці фестывалю са шматпрофільнай выхаваўча-аздараўленчай установы адукацыі “Вясёлка” Брэста пабудавалі на такім супрацьпастаўленні сваё выступленне падчас прэзентацыі інавацыйнага вопыту арганізацыі летнікаў. Змаганне класічнага балета і сучаснага танца атрымалася эфектным.

Прэзентацыю пастараліся зрабіць цікавай і для выхавальнікаў, і для дзяцей. Адлажылі метадычкі і паказалі рэальныя вынікі сваёй работы — поўных энергіі і натхнення школьнікаў і поспехі, якіх яны дасягнулі гэтым летам. Члены маладзёжнага парламента, што правялі час у летніку “Чайка” Полацкага раёна, пахваліліся рэалізацыяй уласных ініцыятыў. Яны наводзілі парадак на тэрыторыі летніка і на беразе ракі, каля якой ён размясціўся, сачылі за жывёламі ў кантактным заапарку, праводзілі патрыятычныя акцыі.

А выхаванцы летніка “Юны валанцёр” Вілейкі расказалі, як ужо чацвёрты год дапамагаюць дзецям-інвалідам з карэкцыйнага цэнтра, праводзяць мерапрыемствы, супрацоўнічаюць з МНС і таварыствам ратавання на водах. У летніку яны арганізавалі творчыя майстар-класы для малышоў, стваралі і распаўсюджвалі лістоўкі “Мая малая радзіма”. Вывучэнню роднага краю ў гэтым годзе надавалі асаблівую ўвагу. На фестывалі кожны мог упэўніцца, што тэма сёлетняй аздараўленчай кампаніі спрыяла не толькі патрыятычнаму выхаванню, але і фарміраванню актыўнай грамадзянскай і жыццёвай пазіцыі, сацыяльнай адказнасці.

— Важна, што фестываль не прадугледжвае конкурсу, таму сюды едуць з ахвотай, каб натхніцца, набрацца новых ідэй і абмяняцца пазітыўнай энергіяй, — падкрэсліла метадыст цэнтра Таццяна Васільеўна Куцко.

Менавіта па гэтай прычыне арганізатары не стараюцца распісаць кожную хвіліну ўдзельнікаў, а наадварот, пакідаюць вольны час для нефармальных стасункаў. На іх думку, гэта самая карысная частка фестывалю, бо менавіта ў гэтыя гадзіны адбываецца ўзаемадзеянне паміж педагогамі. Ужо ў першы дзень яны стварылі агульную групу ў сацыяльнай сетцы, каб абменьвацца ўражаннямі і фотаздымкамі, а па просьбе калег — дзяліцца інфармацыяй і распрацоўкамі.

Каб кожны мог “падгледзець”, як працуюць іншыя, быў праведзены цэлы квест з удзелам дзяцей, што зараз адпачываюць у “Зубраняці”. Педагогі са сваімі выхаванцамі арганізавалі станцыі з творчымі заданнямі і гульнямі, якія праводзілі ў аздараўленчых установах гэтым летам. Былі, як звычайна, танцы і спевы, віктарыны і спартыўныя заданні.

Ужо знаёмыя нам юныя парламентарыі з-пад Полацка дапамаглі кожнаму знайсці знакамітых землякоў: на іх станцыі школьнікі вызначалі месца нараджэння вядомых дзеячаў культуры, спорту і навукі і размяркоўвалі іх па карце Беларусі. Так праз вядомых асоб яны даведваліся пра гарады і вёскі нашай краіны. Галоўная перавага станцыі — яркае афармленне з вялікай колькасцю карт і магчымасць дапоўніць іх стыкерамі са сваім імем і месцам нараджэння.

Нягледзячы на розныя тэмы станцый, стратэгія ва ўсіх выхавальнікаў была аднолькавая — здзівіць, даць веды і павесяліць. Напрыклад, станцыю сярэдняй школы № 20 Барысава бачна было здалёк, бо там рухаліся самыя сапраўдныя робаты — футбалісты і сумаісты. Зразумела, такое дзіва прыцягвала ўвагу, таму дзеці з цікавасцю ўдзельнічалі ў квестах з QR-кодамі і глядзелі відэа пра школьны летнік з дапамогай тэхналогіі дапоўненай рэальнасці.

Зрабіць стаўку на сваю ўнікальнасць змаглі і ўдзельнікі летніка працы і адпачынку “Расток” Касцюковіч. Дзеці вывучалі расліны пад кіраўніцтвам біёлагаў і дапамагалі супрацоўнікам мясцовага лясгаса, таму на сваёй пляцоўцы вучылі мераць вышыню дрэва з дапамогай спецыяльнага інструмента.

Найбольш ахвотна дзеці ўцягваліся ў актыўнасці, якія абяцалі хуткі вынік і рэальную карысць. Напрыклад, вывучыць некалькі прыёмаў тэквандо, каб абараніць дзяўчыну ад хуліганаў — вельмі добрая ідэя, на думку школьнікаў. З энтузіязмам дзеці браліся за вузлы, дзякуючы якім іх шнуркі ніколі не развяжуцца ў самы няўдалы момант.

— Удзельнікі вельмі радаваліся, калі атрымлівалася здабыць энергію ад сонечнай батарэі, — расказвае пра станцыю Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства загадчык лабараторыі экалогіі і біялогіі Галіна Аркадзьеўна Навіцкая. — Але найбольш цікава ім было не тады, калі запусціўся маторчык, а калі атрымалася паслухаць музыку, зарадзіўшы плэер сонечнай энергіяй.

Часта дзяцей запрашалі падпісацца на суполку прадстаўленага летніка ў сацыяльных сетках або пакінуць свой нікнэйм у Instagram, каб быць адзначаным на фотаздымках, зробленых педагогамі на станцыях. Падлеткі згаджаліся на такія прапановы, сугучныя іх светаўспрыманню.

Але не думайце, што зацікавіць дзяцей традыцыйнымі заняткамі ні ў каго не атрымалася. Турысцка-краязнаўчы летнік “Юны археолаг” Слонімскага раёна, які ў гэтым годзе прайшоў пад дэвізам “Маё праваслаўнае лета”, даказвае адваротнае. “У раскопу ёсць пачатак, ды канца яму няма”, — дружна спявалі яго выхаванкі падчас прэзентацыі, а на сваёй станцыі вучылі збірацца на археалагічныя раскопкі і паказалі некаторыя са сваіх шматлікіх знаходак.

— Наш летнік працуе ўжо 4 гады. Займаліся каменным векам, Сярэднявеччам, зараз пад кіраўніцтвам акадэміі навук капаем Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі манастыр. У гэтым годзе мы знайшлі 2 паклонныя крыжы XIII стагоддзя, — расказала настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 2 Слоніма Ірына Яўгенаўна Радзецкая.

Цікавасць да рэлігіі, гісторыі роднай зямлі выхавальніца бачыць і ў тым, як лёгка дзяўчаты адпраўляюцца з ёй у экскурсіі на цягніках. Варта назваць час і месца збору — і чалавек 10—15 будуць чакаць на платформе.

Большасць актыўнасцей на пляцоўках праводзілі самі падлеткі, і гэта добры паказчык працы педагога. Падрыхтаваць вучня, які добра арыентуецца ў тэме і не губляецца, калі штосьці ідзе не па плане, нашмат складаней, чым самому кіраваць пляцоўкай. Акрамя таго, каманды падзялілі на дзве часткі: пакуль адна займае “зубранят”, другая назірае і занатоўвае цікавыя практычныя прыёмы і метады.

Абмеркаваць вынікі фестывалю і падзяліцца сваімі ўражаннямі ад аздараўленчай кампаніі ўдзельнікі змаглі падчас круглага стала.

— У гэтым годзе летнікі паказалі высокі ўзровень выступленняў, бачна дасканалая падрыхтоўка, — заўважыла педагог-арганізатар летніка “Зарніца” ААТ “Інтэграл” Галіна Пятроўна Якушэнка, якая наведвае фестываль ужо трэці раз. — Гэта цудоўны педагагічны вопыт і для мяне, і для маіх выхаванцаў. Тыя з іх, хто бываў са мной на фестывалі раней, сёння ўжо ўступілі ў працоўныя атрады і сталі важатымі ў нашым летніку. Ці ж гэта не вынік?

Наперадзе — завяршэнне і падрабязны аналіз акцыі “Малая радзіма: эстафета карысных спраў”, але ўжо сёння можна сказаць, што аздараўленчая кампанія атрымалася насычанай і рознабаковай. І фестываль — яркі прыклад гэтаму.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.