Летнія клопаты да навучальнага года

Чым бліжэй да 1 верасня, тым часцей знаёмыя і калегі расказваюць, як усе выхадныя правялі на школьных кірмашах. І тым лепш разумею: добра быць маці старшакласніка. Нашы галоўныя пакупкі пачнуцца перад выпускам, але гэта асобная гісторыя, да якой вернемся ў маі. Што тычыцца падрыхтоўкі да новага навучальнага года, то абмеркавалі з сынам, які сёлета перайшоў у 11 клас, неабходныя пакупкі, і высветлілі, што атрымліваецца, як у тым анекдоце: палова алоўка і пара сшыткаў засталіся з мінулага года, а ручку і з падлогі ў класе можна падняць.

Іншая справа — малодшыя школьнікі, якія актыўна растуць і якім неабходна пастаянна абнаўляць гардэроб. Тут мала хто абыходзіцца без сур’ёзных збораў, паходаў па кірмашах, гандлёвых цэнтрах і магазінах.

Прызнаюся, пры падрыхтоўцы матэрыялу нямала наслухалася пра тое, як цяжка адшукаць пінжак не чорнага колеру для хлопчыка, або як часта неабходны памер адзен-ня можна знайсці толькі ў адным росце, а штаны беларускія вытворцы шыюць па старых лякалах — з занадта шырокімі калошамі, што амаль нікому не падабаецца. Наслухаўшыся ўсяго гэтага, я вырашыла звярнуцца да сям’і мінчан, якая сёлета збірае ў школу першакласніцу. Тут, канечне, спіс пакупак немаленькі, таму і робяць іх паступова, загадзя.

Пачынаем размову з таго, што Аня — адзінае дзіця ў сям’і, і таму ўсе рэчы набываюцца для яе, ніякіх перадач ад старэйшых дзяцей няма. З іншага боку, сабраць адно дзіця ў школу, зразумела, куды прасцей і танней, чым дваіх ці больш. Вольга — маці адказная, таму загадзя адшукала спіс рэчаў для першакласнікаў, якія патрабуюць беларускія школы, і збірае дачку ў адпаведнасці з гэтым спісам. Роля таты Паўла, як гэта звычайна бывае, зводзіцца да матэрыяльнай падтрымкі і ацэнкі пэўных пакупак.

— Мы з іншымі бацькамі крыху спрасцілі сабе задачу, калі рыхтавалі выпускны для сваіх дзяцей у дзіцячым садзе, — расказвае мая суразмоўніца. — Оптам, што станоўча паўплывала на цану, праз інтэрнэт набылі ў падарунак малым скамплектаваныя наборы першакласніка. Кожны каштаваў прыкладна 27 рублёў. У камплект уваходзяць альбом для малявання, наборы белага і каляровага кардону, акварэльныя фарбы і гуаш, пэндзлі, шкляначка-непралівайка, лінейка, нажніцы, алоўкі, клей і некаторыя іншыя дробязі.

Між іншым калі мы з Вольгай пацікавіліся, колькі каштуе гэты набор зараз, то былі здзіўлены: 55 рублёў, і гэта яшчэ са скідкай. Так што бацькі правільна зрабілі, набыўшы ўсё загадзя і оптам. Цяпер ім застаецца толькі купіць сшыткі і закрыць пытанне з канцылярскімі таварамі. А сшыткаў у нашых магазінах многа, перш за ўсё беларускай вытворчасці і зусім недарагіх.
Маці першакласніцы, як і іншыя бацькі, разумее, канечне, што на працягу года давядзецца дакупляць канцылярыю, бо дзеці і губляюць рэчы, і псуюць іх, так што сума, затрачаная на гэтыя тавары, неканчатковая. Пры гэтым, як гаворыць Вольга, яна прайшлася па школьных кірмашах і проста па адпаведных аддзелах магазінаў і ведае, што выбар канцылярскіх тавараў у нас вельмі добры — і айчыннай вытворчасці, і замежнай. Крыху адрозніваюцца цэны, бо беларускія тавары, як правіла, таннейшыя.

Самы затратны артыкул пры падрыхтоўцы да школы, гэта, зразумела, адзенне і абутак. Вольга, на мой погляд, падыходзіць да гэтага пытання надзвычай разумна, лічыць, што варта купіць адзенне на змену і дапоўніць, напрыклад, сарафан парай блузак і вадалазак. Сарафанчык, праўда, мая суразмоўніца не набыла, але ўжо прыглядалася, кажа, што бачыла некалькі айчыннай вытворчасці, якія ёй спадабаліся, у тым ліку па кошце — каля 30 рублёў. Праўда, у беларускім адзенні не заўсёды дастаткова сучаснага крою і вясёлых колераў, але выбар усё ж ёсць. Сукенку на змену, таксама айчынную, жанчына ўжо купіла, прычым са скідкай — абышлася яна ў 32 рублі, першапачатковая цана была разы ў два вышэйшай. Спадабаўся колер — шэры з ружовым: і па-дзелавому, як патрабуецца ў школе, і нясумна.

Што да блузак пад сарафан, то адна была набыта яшчэ ў дзіцячы сад, другую, белую з малюнкам, для Ані купілі нядаўна. Абедзве блузкі — айчыннай вытворчасці, у складзе— бавоўна з невялікай колькасцю сінтэтыкі. Пры гэтым не ўсе рэчы пашыты на дзяржаўных фабрыках — у прыватных вытворцаў, як лічыць мая суразмоўніца, больш гібкі падыход, больш сучасныя мадэлі і колер. Таксама добры асартымент, лічыць жанчына, у інтэрнэт-магазінах, і цэны звычайна даступныя, таму Вольга глядзіць тое-сёе і там.

Да выбару абутку жанчына таксама ставіцца адказна. Так, вывучыла патрабаванні да дзіцячага абутку і высветліла, што ёсць беларускія вытворцы, якія выпускаюць яго з артапедычнымі ўкладкамі, пашыранай насавой часткай, што вельмі вітаюць медыкі. Такія басаножкі з натуральнай скуры ў якасці зменнага абутку і збіраецца купіць дачцэ. Спынілася менавіта на басаножках, бо палічыла, што дзіцяці ў цёплым памяшканні лепш хадзіць у адкрытым абутку. Іншы абутак — і спартыўны, і для вуліцы — часцей за ўсё Вольга купляе або беларускай, або расійскай вытворчасці, кажа, што тут выбар не такі вялікі, як з адзеннем, але і асаблівых праблем няма. Спартыўны абутак яна нават ужо нагледзела — адной з айчынных фабрык: танны, натуральны, прывабны. Магчыма, на гэтым варыянце і спыніцца.

Ёсць пэўныя праблемы, на погляд жанчыны, з ранцамі і рукзакамі, калі гаварыць пра выбар, які прадастаўляюць айчынныя вытворцы. Гэта тычыцца, на думку Вольгі, перш за ўсё самых маленькіх школьнікаў — для іх не хапае рукзакоў невялікага памеру, таму ранец для Ані набылі замежнай вытворчасці. Магчыма, ён у 1 класе яшчэ і не спатрэбіцца, але дапаможа дзяўчынцы адчуць сябе сапраўднай школьніцай, ды і праз год ранец будзе неабходны. Асартымент, прадстаўлены на школьных кірмашах і ў розных гандлёвых пунктах, даволі дарагі, лічыць маці першакласніцы.

У цэлым жа, на думку жанчыны, школьныя кірмашы даюць стапрацэнтную магчымасць падрыхтаваць дзіця да школы. Можна нават проста зайсці ў гіпермаркет і набыць ледзь не ўсё неабходнае, хаця асартымент такіх тавараў не аднолькава разнастайны ў розных магазінах — дзесьці ён больш шырокі, дзесьці менш. Калі будзе час, Вольга таксама плануе зайсці на якую-небудзь спецыялізаваную выставу або дэманстрацыю адзення для школьнікаў.

Зразумела, што ў жыхароў малых гарадоў, пасёлкаў, тым больш вёсак, магчымасці значна меншыя, чым у мінчан або тых, хто жыве ў буйных цэнтрах. На гэты конт я таксама правяла міні-апытанне, якое пацвердзіла, што вяскоўцы або набываюць рэчы для дзяцей на кірмашах у выхадныя дні (калі такія кірмашы ёсць у іх вёсках) і нават робяць заказы на падвоз патрэбных тавараў, або ездзяць у райцэнтры. Жыхары апошніх нярэдка робяць пакупкі ў абласных цэнтрах. Усё ж мясцовы дзяржгандаль не мае магчымасці прадаставіць дастаткова шырокі асартымент.

У цэлым жа ў наш час сабраць дзіця ў школу — задача нескладаная, хаця, канечне, неабходна ўлічваць матэрыяльныя магчымасці і асаблівыя патрабаванні кожнай сям’і. Адна мая знаёмая, напрыклад, нядаўна зрабіла для сябе адкрыццё: пэўныя замежныя вытворцы, прадстаўленыя ў гандлёвых цэнтрах, добра разумеюць, як шыць адзенне на цыбатых падлеткаў. Цяпер, кажа, пазбавілася ад галаўнога болю наконт таго, як апрануць сваіх дзяцей, у якіх памер пакуль маленькі, а рост ужо вялікі. І дзеці рады, і маці задаволена цэнамі. Галоўнае ж, што ёсць выбар — і па асартыменце кожнага віду тавара, і па цэнах, і па вытворцах. Так і да школы рыхтавацца весялей, а навучальны год ужо зусім блізка.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.