Летнія перамогі ашмянскіх інструменталістаў

Лаўрэатамі трох міжнародных конкурсаў — “Памяць Сусвету”, “Жар-птушка” і “Таленты глыбінкі”— сталі вучні сярэдняй школы № 3 Ашмян.

Ужо другі год інструменталісты 3-й ашмянскай сярэдняй школы прымаюць удзел у міжнародных конкурсах Некамерцыйнага фонду сацыяльнай падтрымкі і развіцця дзіцячай, юнацкай і прафесійнай творчасці, турызму і спорту “Таленты Сусвету”. Асноўнымі мэтамі і задачамі гэтых конкурсаў з’яўляюцца абмен творчымі дасягненнямі і вопытам удзельнікаў, папулярызацыя творчасці юных талентаў, умацаванне міжнародных сувязей і супрацоўніцтва праз маладзёжную творчасць, захаванне і развіццё нацыянальных культур, наладжванне творчых кантактаў паміж калектывамі і кіраўнікамі, фарміраванне творчага патэнцыялу падрастаючага пакалення, стымуляванне талерантных міжканфесійных і этнічных адносін дзяцей і моладзі і інш. Выкананне патрабаванняў конкурсу, яркая індывідуальнасць і таленавітая творчасць дазволіла другакласнікам Арсенію Тамялойцю, Юліі Цыбульскай і Аліне Шыманскай (настаўніца В.Т.Траймак) стаць лаўрэатамі II ступені, трэцякласнікам Уладзіславу Заянчкоўскаму (настаўніца Н.Б.Будзіловіч) — лаўрэатам III ступені, Паліне Акулевіч (настаўніца В.Я.Жукава) — лаўрэатам II ступені, чацвёртакласніку Яўгену Чайкоўскаму (настаўніца В.Я.Жукава) — лаўрэатам I ступені. Конкурсную праграму Арсеній, Юлія і Аліна падрыхтавалі на ўроках па класе баяна, Паліна, Яўген і Уладзіслаў — на ўроках па класе фартэпіяна. Падзячнымі лістамі за якасную падрыхтоўку да конкурсу ўзнагароджаны педагогі Вольга Тадэвушаўна Траймак, Вольга Яўгенаўна Жукава, Наталля Барысаўна Будзіловіч. Годны падарунак да двух юбілеяў — 45 гадоў школе і 25 гадоў з дня адкрыцця класаў з музычнай, мастацкай, харэаграфічнай накіраванасцю!

Галіна ЯСКЕЛЬ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 3 Ашмян Гродзенскай вобласці.