Летнія ўсмешкі

- 14:33Нам пішуць

На летніх канікулах па традыцыі свае дзверы расчыніў аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем “Усмешка”, які працуе на базе Лабжанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Клімавіцкага раёна. Сёлета 35 хлопчыкаў і дзяўчынак вырашылі з карысцю правесці незабыўныя 18 дзянькоў лагернай змены.

У рамках акцыі “Малая радзіма — ад вывучэння да дзеяння” і ў Год малой радзімы быў створаны і распрацаваны праект “Мой родны кут, або Падарожжа па малой радзіме”. Мэта ў тым, каб выхаванцы лагера больш поўна і яскрава пазнаёміліся з гісторыяй свайго краю, са знакамітымі землякамі, вызначылі асноўныя заняткі насельніцтва. А садзейнічаюць усяму гэтаму музейныя гадзіны, якія праводзіць кіраўнік школьнага гісторыка-краязнаўчага музея Ірына Фёдараўна Навагродская. Вучні ўжо наведалі такія заняткі: “Як усё пачыналася?”, “Гісторыя Лабжаншчыны ў асобах — Васіль Вашчыла”, “Лобжа ў легендах і паданнях” і інш. Падлеткі з вялікім захапленнем і ўважлівасцю слухаюць настаўніка. Шмат цікавага і карыснага пазнаюць слухачы. Дакументы, фотаздымкі, экспанаты — усё расказвае пра гісторыю малой радзімы. Дзеці робяць вывад: трэба рабіць так, каб твая мясцовасць жыла і квітнела, трэба праслаўляць і захоўваць сваю спадчыну.

У лагеры працуюць два атрады — “Званочкі” (капітан Вераніка Гершанкова) і “Камета” (капітан Уладзіслава Падабед). Яны прыдумалі назву, дэвіз, крычалку, а таксама атрадную песню. І закіпела жыццё… Кожны дзень тэматычны: Беларусі, беларускай мовы, акіянаў, лагера, бяспекі, лета, турыста і інш. Арганізоўваюць мерапрыемствы дасведчаныя, творчыя настаўнікі. Выхаваўчая работа накіравана на аздараўленне. Прыйшліся даспадобы конкурс беларускай песні, квэст-гульня “Падарожжа па старонках любімых кніг”, ток-шоу “Хвіліна славы”, “Міс і містар лагера”, турыстычны паход “Лабжанскімі сцежкамі” і інш.

Праявіць спартыўныя здольнасці, лідарскія якасці і фізічную падрыхтоўку навучэнцы могуць на спартыўнай гадзіне: спаборніцтвы, эстафеты арганізоўвае настаўнік фізічнай культуры Васіль Васільевіч Зылеў. Вучні ўмацоўваюць здароўе, наведваючы басейн і трэнажорную залу ў ЦФАР “Здароўе”, а самыя маленькія маюць магчымасць пагарэзіць на батуце. Акрамя забаўляльных і пазнавальных мерапрыемстваў, у лагеры праводзяцца гутаркі, прысвечаныя прафілактыцы шкодных звычак, інструктажы па тэхніцы бяспекі і правілах дарожнага руху. Амаль кожны дзень дэманструецца відэаролік “Азбука бяспекі”.

А колькі ўражанняў ад візіту аварыйна-газавай службы! На пляцоўку перад школай прыехаў спецыяльны аўтамабіль аварыйнай службы. Колькі там усялякага абсталявання! Дзеці маглі памераць каскі і камізэлькі, пасядзець за рулём, асабліва спадабалася пакарыстацца рацыямі, планшэтам. Усё памацалі рукамі! На завяршэнне — відэаролік і віктарына. Удзельнікі атрымалі буклеты з карыснай інфармацыяй.

Незабыўныя ўражанні засталіся ва ўсіх і пасля наведвання сельскай бібліятэкі і клуба, дзе іх супрацоўнікі Кацярына Уладзіміраўна Чарнякова і Таццяна Мікалаеўна Градава прапанавалі цікавыя забаўляльныя праграмы. Так прайшла танцавальная этнавечарына ў рамках праекта “Вывучаем побытавыя танцы”. Хлопчыкі і дзяўчынкі развучылі танцы “Нарэчанька”, “Падэспань”. Ніхто не застаўся ўбаку, ногі самі танчылі! Гэта дазволіла акунуцца ў атмасферу мінулага, пазнаёміцца з гісторыяй танцаў сваёй малой радзімы.

Наперадзе яшчэ шмат цікавых і пазнавальных мерапрыемстваў, спаборніцтваў. А гэта шчасце, радасць, дзіцячы смех, уражанні і новыя веды.

Жанна НОВІКАВА,
настаўніца пачатковых класаў
Лабжанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Клімавіцкага раёна.