Летняе падарожжа ў свет прафесій

- 11:52Навіны рэгіёнаў

Калі ёсць жаданне, няма нічога немагчымага. 379 навучэнцаў з усіх абласцей Беларусі, аб’яднаныя ў 89 каманд, сталі ўдзельнікамі профільнага лагера “ПрафСТАРТ”, які арганізаваў Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі для навучэнцаў педагагічных і аграрных класаў у дыстанцыйнай форме.

У мінулым годзе лагер “Праф­СТАРТ” быў арганізаваны ўпершыню і паказаў вялікую зацікаўленасць навучэнцаў у такой форме летняга адпачынку — з атрыманнем новых ведаў па пэўнай прафесіі, з цікавымі зносінамі і актыўным адпачынкам. 2020 год унёс карэктывы ў работу лагера, але не ў цікавы спіс актыўных спраў. Як і ў мінулым годзе, кожны з дзевяці дзён быў тэматычным, а пачалася лагерная змена для 209 членаў педагагічнага клуба і 170 удзельнікаў аграрнага клуба з дня сяброўскай прыхільнасці. Удзельнікаў лагера ў відэазваротах на спецыяльна створаным сайце павіталі рэктар ГрАІРА Святлана Сяргейка, арга­нізатар лагера начальнік цэнтра метадычнай і інфармацыйна-аналітычнай работы ГрАІРА Павел Бычак, кіраўнік аграрнага клуба Наталля Сачэўка і кіраўнік педагагічнага клуба Юлія Мілінкевіч.

Як адзначыла Святлана Антонаўна Сяргейка, лагер “ПрафСТАРТ” — гэта ўнікальная магчымасць першымі сярод сваіх аднагодкаў пазнаёміцца з тонкасцямі будучай прафесіі праз рацыянальна аб’яднаную адукацыйную і практычную дейнасць, дзе нікому не будзе сумна.

— Ужо ў першы дзень хлопцы і дзяўчаты акунуліся ў актыўную дзейнасць, — расказвае Павел Мікалаевіч Бычак. — Для ўдзельнікаў педклуба былі арганізаваны заняткі з элементамі трэнінгу “Сама­прэзентацыя: калейдаскоп маёй матывацыі”, а для ўдзельнікаў аграрнага клуба — праект “Аграфотачэлендж “Зрабі лепш, чым я!”, які рэалізоўваўся на працягу ўсёй работы лагера. Таксама трэба было прыслаць візітку сваёй каманды. І першымі справіліся з гэтым заданнем удзельнікі каманды “Чысцінцы” з Мінскай вобласці. Усе выкананыя заданні навучэнцы адпраўлялі ў электронным выглядзе праз Google-форму, а вынікі кожнага дня падводзіліся ў фармаце MemoryBox з дапамогай віртуальнай дошкі, дзе кожны мог пакінуць свае пажаданні арганізатарам і камандам-сапернікам, расказаць аб сваіх уражаннях.

Потым былі дні прафесійнага май­стэрства ПРА-рух, дзень асобаснага росту, дзень, які праходзіў пад дэвізам “Ад прафесійнага самавызначэння да прафесійнай самарэалізацыі”, дзень талерантнасці, дзень кветкавага настрою, дзень педагагічных проб, а завяршылася лагерная змена днём зносін і ўсмешак.

Удзельнікі педагагічнага клуба прайшлі трэнінгі “Камунікатыўная культура: прафілактыка канфліктаў. Работа з педагагічнымі сітуацыямі”, “Самамаркетынг — аснова прафесійнага прасоўвання”, трэнінг псіхолага-педагагічных кампетэнцый “Калейдаскоп карысных кампетэнцый у прафесіі педагога”, склалі рэзюмэ для працаўладкавання настаўнікам, спраектавалі мадэль педагога будучыні, правялі майстар-клас з малодшымі вучнямі па стварэнні вырабаў з паперы.

— Навучэнцы, якія наведва­юць факультатыў “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”, прайшлі прафесійную дыя­гностыку “Прызванне ўнутры мяне”, з дапамогай якой змаглі вызначыц­ь, якая прафесія падыходзіць ім больш, — расказвае кіраўнік аграрнага клуба метадыст метадычнага аддзела маніторынга і кіравання якасцю адукацыі ГрАІРА Наталля Сачэўка. — Ім трэба было прадставіць сваё бачанне будучыні, стварыўшы міні-пастаноўку “Калі б я быў міністрам сельскай гаспадаркі і харчовай бяспекі Аграландыі”, а таксама арт-калаж, у якім трэба было адлюстраваць этапы і рэсурсы свайго прафесійнага станаўлення. Эканамічныя веды падлеткі атрымалі на лекцыі “Мой першы бізнес-план”. Адно з заданняў, якое атрымалі прафстартаўц­ы, — зняць матэрыял для відэаблога “Я б у аграрыі пайшоў, хай мяне навучаць”. Мы прапанавалі для стварэння гэтага рэсурсу больш за дзесяць тэм, напрыклад: “Топ-5 спосабаў барацьбы з каларадскім жуком”, “Як нарыхтаваць сена для каровы-карміцелькі”, “Лайфхакі па магчымасці заробку для школьніка з прысядзібнага ўчастка”, “Птушыны двор: як сабраць яйкі без стрэсу для сябе і птушак”. Дарэчы, дзеці маглі прапанаваць і свае тэмы.

У дзень кветкавага настрою арганізатары не сталі дзяліць каманды на клубы і прапанавалі ім даслаць відэа з выкананнем гімна лагера “ПрафСТАРТ”. Як адзначыў П.М.Бычак, вынік аказаўся вельмі цікавым. Было атрымана некалькі ролікаў з якасным выкананнем і апрацоўкай, як, напрыклад, у каманды “Азёрскі Школьны Саюз” Азёрскай сярэдняй школы Гро­дзенскага раёна. Пасля з топ-5 кліпаў быў створаны мегакліп лагера.

Адным з прынцыпаў работы лагера стала тое, што ўсе дасланыя ўдзельнікамі матэрыялы выкладваліся на сайт лагера і былі агульнадаступнымі. Інстытут развіцця адукацыі падзякаваў удзельнікам лагера і іх педагогам-куратарам арыгінальным медыякантэнтам: відэаролікамі па выніках аграфотачэленджу, педагагічнага чэленджу, выніковай прэзентацыяй-матыватарам, сабраў у а­дзін ролік усе каманды-ўдзельніцы (у якім можна ўбачыць сваіх нядаўніх сапернікаў, а цяпер ужо сяброў) . Дарэчы, усе прадстаўленыя на сайце лагера медыя­прадукты даступныя для капіравання.

І хоць прынцып “Галоўнае — удзел” вельмі важны, эмоцыі ад перамогі таксама вельмі значныя. А пераможцаў вызначалі ў некалькіх намінацыях. Так, дыпломам у намінацыі “Найвышэйшы пілатаж” былі адзначаны каманды “УмникУМ” (Мінская вобласць) і Terra. by (Гродзенская вобласць), у намінацыі “ЅuреrКласс”— каманды “Інсайт” (Гродзенская вобласц­ь) і “AGROгномікі” (Гомельская вобласць), у намінацыі SuperStar — каманды “#Будуучителем” (Мінская вобласць) і “Сельскі рэвізор” (Гродзенская вобласць), у намінацыі “ЅuреrАрыгінальныя” — каманды “ВТВ” (Гомельская вобласць) і “Каласкі” (Гро­дзенская вобласць), у намінацыі “Дапытлівы розум” — “Чысцінцы” (Мінская вобласць) і “Даследчыкі” (Гродзенская вобласць), у намінацыі “У нагу з часам” — каманды “Азёрскі Школьны Саюз” (Гро­дзенская вобласць) і “Агравектар” (Віцебская вобласць).

А знаёміліся адно з адным праф­стартаўцы праз відэасувязь і фотаздымкі, якія пастаянна з’яўляліся на сайце лагера.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі.