Летняя школа для педагогаў

- 15:05Навіны рэгіёнаў

Лета з карысцю праводзяць не толькі дзеці, але і іх педагогі. Так, актыўным настаўнікам Мінскай вобласці прапанавалі сесці за парты летняй школы, якая на тры дні адкрылася на базе Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната ў Валожынскім раёне. Вучнямі яе сталі члены абласнога клуба педагагічных работнікаў “Флагман” і педагогі вобласці — удзельнікі конкурсаў прафесійнага майстэрства.

Удзельнікі клуба “Флагман” — надзвычай актыўныя людзі, якія пастаянна імкнуцца да самаўдасканалення. На працягу навучальнага года яны не раз сустракаліся на разнастайных мерапрыемствах для абмену вопытам. Але звычайна сустрэчы гэтыя былі кароткімі, бо хто можа ў разгар навучальнага года дазволіць сабе раскошу адсутнічаць некалькі дзён? Канікулы — зусім іншая справа, таму сустрэча гэтая была асаблівай.

Праграма летняй школы “Педагагічная творчасць як фактар фарміравання прафесійных кампетэнцый” была насычана мерапрыемствамі. Так, былі прадугледжаны вучэбныя заняткі, якія правялі Мікалай Іванавіч Запрудскі, прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі АПА, кандыдат педагагічных навук, дацэнт; Аляксандр Міхайлавіч Марцінкевіч, намеснік дырэктара адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій; выкладчыкі Мінскага абласнога ІРА і прарэктар інстытута па навукова-метадычнай рабоце Марына Аляксееўна Краснова, кандыдат педагагічных навук, дацэнт.

Усе заняткі былі накіраваны на ўдасканаленне прафесійных кампетэнцый і камунікатыўных уменняў. Калегі абмяркоўвалі, як павысіць свой творчы патэнцыял, як рацыянальна арганізоўваць свой час, азнаёміліся з асаблівасцямі падрыхтоўкі і правядзення кампетэнтнасна-арыентаваных урокаў, авалодалі практычнымі навыкамі работы ў праграмным асяроддзі Scratch у разрэзе розных вучэбных прадметаў.

Удзельнікі школы — асобы з багатым і цікавым вопытам, якім яны падзяліліся на “Кірмашы педагагічных ідэй”. Падчас гэтага мерапрыемства неабходна было цікава і коратка прадставіць свае лепшыя метады і прыёмы, якія знайшлі паспяховае выкарыстанне ў практыцы. На клубных вячорках “У коле сяброў” таксама прадстаўлялі свае напрацоўкі, але на гэты раз тыя, што выкарыстоўваюцца ў пазаўрочны час.

Быў у слухачоў школы і час адпачыць — яны адправіліся на экскурсію ў Івянец, узялі ўдзел у майстар-класе па танцах і інтэлектуальнай гульні. Запамінальнымі сталі сяброўскія сустрэчы ля вогнішча і карнавал.

На ўсіх занятках навучэнцы летняй школы былі стараннымі, а на ўсіх пазаўрочных мерапрыемствах — яркімі. Сустрэча была багатай на карысныя веды і незабыўныя ўражанні. Усе ўдзельнікі выказалі аднадушнае жаданне, каб першае мерапрыемства ў такім фармаце не было апошнім, а стала традыцыйным.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена МАІРА.