Лібералізацыя візавага рэжыму — станоўчы крок для краіны

- 10:55Інфармацыйная гадзіна

Беларусь становіцца ўсё больш зручнай пляцоўкай для правядзення міжнародных форумаў і мерапрыемстваў, у тым ліку і дзякуючы прынятым на дзяржаўным узроўні мерам па бязвізавым наведванні краіны. Гэта адзначыў начальнік Галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС Ігар Фісенка ў прэс-цэнтры БелТА на брыфінгу па тэме павелічэння тэрміну бязвізавага знаходжання для іншаземцаў у Беларусі.

Ігар Фісенка адзначыў, што за апошнія 3 гады ў Беларусі адбыліся значныя змены адносна ўрэгулявання ўезду іншаземцаў. Першапачаткова кіраўніком дзяржавы было прынята рашэнне аб бязвізавым уездзе замежных грамадзян у нацыянальны парк “Белавежская пушча” да 3 дзён, а таксама аб бязвізавым уездзе на тэрмін да 30 дзён грамадзянам Катара, ААЭ. Пры наведванні Аўгустоўскага канала бязвізавы рэжым дзейнічаў 5 дзён (у снежні 2017 года тэрмін знаходжання на гэтых тэрыторыях быў павялічаны да 10 дзён). Для грамадзян 80 дзяржаў, якія прыбываюць у Беларусь праз Нацыянальны аэрапорт Мінск, ён складаў 5 дзён.

“Нейкага негатыўнага ўплыву на міграцыйную сітуацыю ў краіне гэтыя меры не аказалі. Наадварот, колькасць замежных грамадзян, якія наведалі Беларусь, павялічылася, — сказаў начальнік Галоўнага консульскага ўпраўлення. — Прычым асноўную долю складае ўезд праз Нацыянальны аэрапорт “Мінск”. Пасажырапаток праз аэрапорт толькі ў 2017 годзе павялічыўся на 20 працэнтаў, колькасць авіяпасажыраў упершыню перасягнула 4 млн чалавек. У бягучым годзе таксама назіраецца рост пасажырапатоку”.

Ён таксама адзначыў, што па выніках 2017 года назіраўся істотны рост экспарту турыстычных паслуг у Гродзенскай вобласці, рэгіён з’яўляецца лідарам па гэтых паказчыках.

Ігар Фісенка таксама сказаў, што з канца кастрычніка 2016 і да канца 2017 года Гродна і тэрыторыю Аўгустоўскага канала наведалі ў бязвізавым рэжыме больш за 50 тысяч турыстаў. Толькі за першае паўгоддзе бягучага года ўжо прыехала больш за 40 тысяч чалавек. Праз Нацыянальны аэрапорт “Мінск” у перыяд з 12 лютага 2017 года па 24 ліпеня 2018 года Беларусь наведалі больш за 30 тысяч замежных турыстаў.

Прадстаўнік МЗС адзначыў важнасць таго, што пытанням развіцця турызму, у тым ліку і бязвізавага, павышаную ўвагу ўдзяляе Прэзідэнт Беларусі. У прыватнасці, гэтай тэме была ўдзелена асобная ўвага і ў Пасланні парламенту і беларускаму народу. “Прыняты ўказ аб павелічэнні бязвізавага тэрміну знаходжання замежных грамадзян да 30 дзён самым пазітыўным чынам паўплывае на пашырэнне экспарту турыстычных паслуг”, — сказаў начальнік галоўнага консульскага ўпраўлення. Ён упэўнены, што новаўвядзенні будуць садзейнічаць таму, каб яшчэ больш іншаземцаў наведвалі беларускія санаторыі і праходзілі аздараўленне ў Беларусі.

Бязвізавы рэжым даў магчымасць павялічыць турыстычны паток у Беларусь прыкладна на 20 працэнтаў, паведаміў у размове з журналістамі ў прэс-цэнтры БелТА дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Андрэй Молчан.

“Бязвізавы рэжым паўплываў на прырост наведванняў прыкладна на 20 працэнтаў. Увядзенне бязвізавага рэжыму адназначна звязана непасрэдна з павелічэннем патоку турыстаў”, — адзначыў Андрэй Молчан.

Прадстаўнік Мінспорту звярнуў увагу, што прадаўжэнне тэрміну бязвізавага знаходжання з 5 да 30 дзён запатрабуе абнаўлення турыстычнай інфраструктуры і падрыхтоўкі кадраў з веданнем замежных моў. Калі раней асноўны турпаток прыпадаў на прадстаўнікоў Расіі і краін СНД, то цяпер больш увагі трэба ўдзяліць рабоце з турыстамі з далёкага замежжа. У першую чаргу размова ідзе аб тым, каб большая колькасць прадстаўнікоў турыстычнай індустрыі валодала англійскай, французскай, кітайскай мовамі. Гасцініцам, санаторыям і аграсядзібам трэба забяспечыць магчымасць разліку праз міжнародныя сістэмы плацяжоў.

“Зразумела, размова ідзе і аб павышэнні якасці і культуры абслугоўвання, павелічэння сродкаў размяшчэння”, — падкрэсліў Андрэй Молчан.

“Чарговы крок у справе лібералізацыі візавага рэжыму ў Беларусі вельмі і вельмі станоўчы. Мы абмяркоўваем з калегамі з Міністэрства замежных спраў, сілавым блокам магчымасці новых крокаў, але пакуль рана пра іх гаварыць”, — сказаў дырэктар Дэпартамента па турызме.