Лічбавая эканоміка: погляд у будучыню

У Мінску прайшоў Міжнародны форум “Лічбавыя тэхналогіі і рашэнні для прамысловасці”, дзе можна было пазнаёміцца з перадавымі практыкамі, тэхналогіямі і распрацоўкамі краін — лідараў лічбавай эканомікі і распаўсюджваннем у вытворчым сектары сучасных тэхналогій. У мерапрыемстве прымалі ўдзел кіраўнікі і спецыялісты розных галін прамысловасці краін СНД, Еўропы, Азіі, ЗША. Беларусь на форуме прадстаўляў рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт В.М.ГАЛУБОЎСКІ.

— Валерый Мікалаевіч, якія кірункі ў сферы лічбавай эканомікі вы акрэслілі ў сваім выступленні?

— У рамках канферэнцыі “Прафесіі будучыні” я выступіў з дакладам па тэме “Кадравае забеспячэнне лічбавай эканомікі: погляд у будучыню”. У ім былі ўзняты надзённыя пытанні, якія вызначаюць эфектыўнасць развіцця сучасных вытворчасцей, сутнасць тэхналогій Індустрыі 4.0. Акрамя таго, былі абазначаны тэмы пра тое, якія спецыялісты неабходны для ўкаранення лічбавых тэхналогій, якія магчымасці раскрываюцца перад чалавекам у інфармацыйным грамадстве, а таксама якія новыя праекты, звязаныя з лічбавымі тэхналогіямі, рэалізуюцца ў нацыянальнай сістэме адукацыі.

 Акцэнт быў зроблены не на лічбавай эканоміцы як Індустрыі 4.0, а на тым, што такое лічбавая эканоміка ўвогуле. Калі мы прааналізавалі шэраг паняццяў, іх трактоўку вучонымі і экспертамі, то атрымалася, што адны разумеюць паняцце “лічбавая эканоміка” як эканоміку, заснаваную на лічбавых тэхналогіях у галіне электронных продажаў тавараў і паслуг, другія лічаць, што лічбавая эканоміка прадугледжвае выключна вытворчыя працэсы, дзе выкарыстоўваюцца лічбавыя тэхналогіі. Хтосьці сцвярджае, што гэтая эканоміка заснавана на новых метадах генерыравання, апрацоўкі, захавання і перадачы даных. Гэта больш характэрна для Парка высокіх тэхналогій, для банкаўскай сферы, дзе вядуцца аўтаматызаваныя збор і размеркаванне даных, іх апрацоўка і прыняцце пэўных кіраўніцкіх рашэнняў. У лічбавай эканоміцы выдзяля­юць шэраг розных кірункаў. Прыкладам аднаго з іх з’яўляецца пабудова разумнага горада, функцыянаванне якога заснавана на лічбавых тэхналогіях.

У выніку, калі ўсё гэта аб’яднаць, то можна сказаць, што лічбавая эканоміка — гэта новы яе ўклад, заснаваны не толькі на саміх тэхналогіях, але і на ведах, новых лічбавых навыках, а самае галоўнае — дзе фарміруюцца новыя магчымасці грамадства, бізнесу і дзяржавы, якія дазваляюць скараціць страты часу, рэсурсаў і спрыяюць больш дакладнаму выкананню прафесійных задач. Трансфармацыя кваліфікацый лічбавай эканомікі таксама праходзіць не хаатычна, а пад уплывам пэўных фактараў, перш-наперш гэта скарачэнне, з аднаго боку, вытворчай сферы, з другога — уплыў аказваецца на колькасць занятых у сферы паслуг. У час развіцця лічбавай эканомікі таксама актывізуюцца розныя працэсы глабалізацыі, прымяняюцца практыка-аддаленыя работы, што мы бачым сёння ў перыяд пандэміі, калі больш актыўна адбываецца пераход на такі фармат, асабліва ў ІТ-галіне.

У далейшым працэс развіцця лічбавых тэхналогій патрабуе істотных змяненняў кваліфікацыйных патрабаванняў у большасці традыцыйных прафесій. Сёння нават тыя, хто заняты ў сферы паслуг, машынабудаванні, будаўнічай сферы і інш., выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці спецыялізаванае праграмнае забеспячэнне. Гэта, безумоўна, патрабуе змяненняў у змесце прафесійнай падрыхтоўкі кадраў. Акрамя таго, адбываецца скарачэнне некаторых традыцыйных прафесій. І вядома чаму. Выкарыстанне сучаснага прамысловага абсталявання, наяўнасць лічбавых тэхналогій прадугледжваюць скарачэнне колькасці рабочых і задзейнічанне толькі абмежаванай колькасці высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія заняты кантролем вытворчага працэсу. Пранікненне ў сферу дзейнасці лічбавых тэхналогій немінуча цягне перагляд прафесійных кампетэнцый практычна ва ўсіх сферах дзейнасці. Калі мы гаворым пра мадэль будучага спецыяліста, пра прафесіі будучыні, то сёння трэба гаварыць пра тры буйныя блокі: блок сацыяльна-асобасных кампетэнцый, блок прафесійных кампетэнцый і прырошчаны блок лічбавых кампетэнцый, якія дазваляюць работнікам быць канкурэнтназдольнымі ў будучай сацыяльна-эканамічнай і тэхналагічнай рэальнасці. У цэлым лічбавыя кампетэнцыі — гэта здольнасць прымяняць праграмныя прадукты ў спецыялізаванай прафесійнай дзейнасці, займацца пошукам інфармацыі з пэўнымі данымі і прымяняць іх для вырашэння прафесійных задач. Калі ўзяць прыклад з крыніц Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, то ў су­светнай эканоміцы неадпаведнасць кваліфікацый зніжае прадукцыйнасць працы, у выніку чаго сусветны валавы ўнутраны прадукт страч­вае штогод 5 трыльёнаў долараў. За кошт зніжэння прадукцыйнасці працы адбываюцца страты ў эканамічным росце па шэрагу сектараў сусветнай эканомікі. Улічваючы тое, што многія з іх знаходзяцца ў аперацыйных ланцугах, то гэты негатыўны ўплыў будзе мець працяглы цыклічны характар.

— Паўстае пытанне, ці трэба займацца сёння навучаннем толькі моладзі?

— Рэальны сектар эканомікі разлічвае на тое, што кадравае пытанне вырашыць адукацыйная галіна, якая традыцыйна рыхтуе кадры для ўсіх галін эканомікі і сацыяльнай сферы, рэгулярна фарміруецца заказ на кадры. Гэтая пазіцыя зацверджана адпаведнымі нарматыўнымі правымі дакументамі. Але сістэма адукацыі задавальняе толькі дадатковыя па­трэбнасці ў кадрах. А дадатковыя таму, што ў эканоміцы ўжо задзейнічана асноўная маса працоўных рэсурсаў, ідуць толькі натуральныя працэсы іх змяншэння. Папаўненне гэтай зменшанай часткі і з’яўляецца дадатковай патрэбнасцю ў кадрах, якую і забяспечвае сістэма адукацыі. Калі ўзяць агульную сукуп­насць занятага насельніцтва ў нашай эканоміцы і параўнаць з колькасцю выпускнікоў уста­ноў ПТА, ССА, вышэйшай адукацыі, то нават натуральнага выбывання кадраў мы не перакрываем, нават пры тым што яго працэнт у любой арганізацыі складае ў сярэднім да 5 працэнтаў. Гэта прыводзіць да высновы, што сёння дзяржаве, бізнесу трэба рабіць упор на перанавучанне дарослага насельніцтва менавіта па тых кампетэнцыях, якіх патрабуе сучасная эканоміка. Калі ёсць залішняя колькасць кадраў у адным сектары і недастатковая ў іншым, то неабходна весці працэсы перанавучання кадраў, у тым ліку па новых тэхналогіях. Для гэтага трэба выбудоўваць канкурэнтную грантавую сістэму, у якую маглі б увайсці навучальныя ўстановы прафесійнай адукацыі, установы вышэйшай адукацыі з адпаведнай вучэбна-матэрыяльнай базай, гатовыя прэтэндаваць на перападрыхтоўку дарослага насельніцтва. Акрамя таго, гэта могуць быць рэсурсныя цэнтры, вучэбныя цэнтры прад­прыемстваў і арганізацыяй.

— Як праходзіць працэс стварэння новых кампетэнцый? Якая роля адведзена прафесійнаму стандарту?

— Сёння трэба прагназаваць, хутчэй за ўсё, не прафесіі, а асобныя кампетэнцыі, набор якіх будзе прыводзіць да з’яўлення адпаведных кваліфікацый. Што маецца на ўвазе? Нараджэнне прафесіі — гэта доўгі шлях, у час якога распрацоўваюцца адпаведныя стандарты, вучэбныя планы і праграмы, ідзе працэс увядзення яе ў адпаведныя класіфікатары. Сёння мы гаворым пра больш гнуткую сістэму, якая здольна фарміраваць новую кампетэнцыю, запатрабаваную на рынку працы, якая эканамічна эфектыўная і здольная развіваць асобу ва ўмовах сучаснай эканомікі. У гэтым нельга абысціся без прафесійных стандартаў, у якія можа ўваходзіць цэлы набор кампетэнцый, што для абнаўлення зместу адукацыйных праграм вельмі важна. Прафесійныя стандарты па важнасці павінны стаяць на першым месцы і для самога сектара эканомікі, прадастаўляць апісанне службовых і функцыянальных абавязкаў работніка, так бы мовіць, убудаванне яго ў вытворчы працэс. З дапамогай прафстандарту прад­прыемствы могуць правесці прафесійную дыя­гностыку кадраў па тых апісаных у ім кампетэнцыях, якія з’яўляюцца эталонам, сучаснай мадэллю спецыяліста для таго ці іншага сектара эканомікі. У працэсе прафесійнай дыягностыкі ў кампетэнцыі спецыяліста можна вызначыць слабыя зоны ведаў і навыкаў. Гэтая інфармацыя ў далейшым будзе асновай для распрацоўкі індывідуальнай адукацыйнай праграмы з улікам таго, што трэба запоўніць нішу ведаў і навыкаў, якіх не хапае, а таксама нарасціць кампетэнцыю па лічбавых тэхналогіях. У сваю чаргу адукацыя выкарыстоўвае гэтую інфармацыю для зместавага напаўнення сваіх адукацыйных праграм.

Сёння ў краіне працуюць сектаральныя саветы кваліфікацый, створаныя пры 12 галіновых міністэрствах. Гэтыя саветы перш-наперш скіраваны на навядзенне парадку ў сферы кампетэнцый сваіх сектараў і непасрэдна прадпрыемстваў, каб у далейшым вызначыцца, хто з кадраў ім па­трэбны для традыцыйных працэсаў, а хто — для інавацыйных. Калі гэта бу­дзе адлюстравана, то больш дакладна могуць быць прадстаўлены аб’ёмы ведаў і патрэбныя кампетэнцыі, скіраваныя на развіццё той ці іншай галіны, лічбавых тэхналогій, якія прывядуць у адпаведнасць прадукцыйнасць працы, выраўняюць сітуацыю па традыцыйных прафесіях, дзе таксама ёсць выпадаючыя сегменты.

— Якія праекты па развіцці лічбавай сферы сёння рэалізоўваюцца ў нашай сістэме адукацыі?

— Перш-наперш праект філіяла РІПА “Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе” сумесна з нямецкай кампаніяй Festo, якая з’яўляецца пастаўшчыком вытворчых кампанентаў вучэбнага абсталявання ў нашу краіну. Дарэчы, гэтая кампанія пастаўляе адпаведныя кампаненты па ўсім свеце. У канцы мінулага года на базе нашага каледжа ў рамках еўрапейскага праекта “Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі” быў адкрыты аўтарызаваны і сертыфікаваны вучэбны цэнтр па Індустрыі 4.0 і мехатроніцы. Цэнтр прайшоў сертыфікацыю згодна з міжнароднымі патрабаваннямі. Гэта азначае, што ад эрганомікі да абсталявання і кваліфікацыі педагогаў усе пазіцыі адпавядаюць міжнародным стандартам. Чалавек, які пройдзе навучанне ў гэтым цэнтры, атрымае аўтарызаваны сертыфікат, такі ж, які б ён атрымаў у навучальнай установе альбо вучэбным цэнтры ў краінах Амерыкі ці Еўропы. Аналагаў такому цэнтру больш няма ў Беларусі і ў краінах СНД. На гэты цэнтр павінны звярнуць увагу прадпрыемствы і арганізацыі і выкарыстоўваць яго пляцоўку для навучання па кампетэнцыях будучыні розных мэтавых груп. У гэтым напрамку мы пачалі супрацоўніцтва з установамі ПТА, ССА, УВА. Згодна з загадам Міністэрства адукацыі аб развіцці сеткавай формы навучання, з 1 верасня 10 нашых рэсурсных цэнтраў пачалі гэтую работу па вызначаных графіках. На базе Каледжа сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе будзе таксама праходзіць сеткавае профільнае навучанне па сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Сумесна з кампаніяй Festo мы вя­дзём навучанне не толькі сваіх педагогаў, але і педагогаў машынабудаўнічага факультэта БНТУ, з якім у нас таксама ёсць дамоўленасць аб развіцці сеткавага профільнага навучання і выкарыстанні нашай пляцоўкі пры падрыхтоўцы інжынераў машынабудаўнічага комплексу. Мы рэкамендуем калегам з УВА, навучыўшы студэнтаў лічбавым кампетэнцыям і выкарыстаўшы неабходнае абсталяванне, правесці абнаўленне зместу праграм вышэйшай адукацыі. У нас ужо ёсць добры вопыт супрацоўніцтва з энергетычным факультэтам БНТУ ў выкарыстанні рэсурснага цэнтра ЭкаТэхнаПарка — Волма. Спецыяльна навучаныя педагогі самі распрацавалі практычныя заняткі з выкарыстаннем абсталявання  экатэхнапарка і пачалі вучыць на яго базе студэнтаў універсітэта. Праект быў рэалізаваны пры падтрымцы таксама еўрапейскіх калег. Гэтыя два падраздзяленні РІПА з’яўляюцца своеасаблівымі маякамі, пунктамі росту ў развіцці кампетэнцый будучыні.

Нашы рэсурсныя цэнтры, вядучыя ўстановы, якія займаюцца распрацоўкай зместу навучання і прафесійных стандартаў пры каардынацыі РІПА, мы будзем аснашчаць самымі сучаснымі тэхналогіямі па профілі падрыхтоўкі кадраў, па лічбавых кампетэнцыях. У гэтым годзе мы прааналізавалі функцыі вядучых устаноў ПТА і ССА, нарматыўную базу, якая рэгулявала іх дзейнасць. У выніку ўзнікла неабходнаць унесці змяненні па функцыях і па парадку прысваення статусу вядучых устаноў. Цяпер РІПА гэтым займаецца, і да канца года мы завершым аналітычную частку, выйдзем з праектам змяненняў для адпаведнага нарматыўнага дакумента, каб далей разві­ваць не толькі выкарыстанне абсталявання, але і дыдактыку абнаўлення зместу прафесійнай падрыхтоўкі. Удзел у рабоце вядучых устаноў ССА па гэтым пытанні павінны ўзяць вучэбна-метадычныя аб’яднанні і вучэбна-метадычныя цэнтры, рэспубліканскі савет дырэктараў устаноў прафесійнай адукацыі, які таксама павінен далучыцца да працэсу змяненняў у сістэме адукацыі.

— Сёння некаторыя адукацыйныя пра­грамы будуюцца на модульнай аснове. Якая роля модуляў у навучанні лічбавым тэхналогіям?

— Гэта стала магчымым у экспрыментальным рэжыме, у якім працуюць 5 навучальных устаноў — філіялаў РІПА. Эксперымент знаходзіцца ў завяршальнай стадыі. Вучэбныя планы пабудаваны на модульнай аснове, дзе модуль з’яўляецца функцыянальна завершаным. Калі мы гаворым, напрыклад, пра кваліфікацыю “тэхнік-мехатронік”, то за ўвесь перыяд навучання ён засвойвае прафесію аператара станкоў і наладчыка станкоў з праграмным забеспячэннем, мехатроніка, які займаецца ком­плексным рашэннем задач, тэхніка, які можа быць майстрам участка альбо арганізаваць асабістую справу. Пры ўзнікненні новых веянняў, укараненні сучасных тэхналогій модульны прынцып дазваляе дапоўніць модуль, скарэкціраваць яго, замяніць на іншы, распрацаваны з улікам лічбавай эканомікі, і гарманічна ўбудаваць модуль у змест падрыхтоўкі. Акрамя таго, гэтыя модулі могуць быць і самадастатковым кароткатэрміновым курсам навучання для нарошчвання ў рабочых і спецыялістаў сучаснай кампетэнцыі. Работа над модулямі ўнесена у праект змяненняў Кодэкса аб адукацыі, і цяпер мы адпрацоўваем гэты падыход.

Што тычыцца адукацыі дарослых і пра­грам ПТА на базе 11 класаў, то некалькі эксперыментальных пляцовак па краіне адпілаціравалі гэты кірунак. У гэтым задзейнічана некалькі каледжаў розных профіляў. Распрацавана метадалогія навучання па шэрагу прафесій. Прымяненне гэтых модуляў гарманічна кладзецца ў большай ступені на кароткія праграмы альбо ў ПТА на базе 11 класаў, дзе навучанне скіравана толькі на выкананне функцый рабочага.

— Як вядома, сёння РІПА выконвае кансалтынгавую дзейнасць па развіцці кваліфікацыйнай структуры прад­прыемстваў.

— Мы супрацоўнічаем у гэтым напрамку з 2 буйнымі прадпрыемствамі — “Амкадор” і “Белгідраўліка”, якія шмат увагі ўдзяляюць працэсу развіцця персаналу. На першым этапе сумесна з прадпрыемствамі мы вызначаем стратэгію развіцця гэтага прадпрыем­ства, робім аналіз бізнес-працэсаў, право­дзім прафдыягностыку, урэшце фарміруем індывідуальную адукацыйную праграму адукацыі дарослых для павышэння кваліфікацыі альбо перанавучання з прафесіі на прафесію. Прычым частка навучання можа быць гнутка рэалізавана ва ўмовах рэсурснага цэнтра, частка — ва ўмовах прадпрыемства. Потым даецца сумесная ацэнка вынікам навучання з прысваеннем адпаведнай кваліфікацыі альбо павышэннем узроўню разраду.

У гэтым падыходзе ідзе тлумачэнне кадравым службам прадпрыемстваў, як арганізаваць навучанне на рабочых месцах. Мы гатовы распрацаваць інструметарый пад індывідуальны заказ прадпрыемства, суправаджаць у яго рэалізацыі, падабраць установу альбо пляцоўку ў сістэме адукацыі, якая па профілі падыходзіць пад заказ адпаведнага прадпрыемства. У гэтым мы бачым адну са сваіх асноўных роляў у кадравым забеспячэнні нашай эканомікі пры змене тэхналагічных укладаў.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.