Лічбавая школа і прафарыентацыя

- 11:06Адукацыйная прастора

З мэтай рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне лічбавай кампетэнтнасна-арыентаванай мадэлі прафарыентацыйнай работы як кампанента мабільнага навучання”, ініцыятарам якога выступіла Міністэрства адукацыі, у мінскай сярэдняй школе № 153 прайшоў I Рэспубліканскі настаўніцкі хакатон пад назвай “Распрацоўка лічбавых сродкаў прафарыентацыйнай падтрымкі Smart-пакалення”. У ролі экспертаў выступілі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь В.І.Варанецкі, Л.М.Канановіч, А.Ф.Леўшуноў, В.С.Палітыка, Т.І.Сайганава, А.М.Сопікава, Т.Р.Якубовіч. У спаборніцтвах удзельнічалі 12 агульнаадукацыйных устаноў краіны, дзе разгарнулася эксперыментальная работа па стварэнні лічбавай мадэлі прафарыентацыі школьнікаў.

Фота да матэрыялу: Лічбавая школа і прафарыентацыя.

— Наша мерапрыемства накіравана на павышэнне прафарыентацыйных лічбавых кампетэнцый настаўнікаў, неабходных ва ўмовах лічбавай трансфармацыі адукацыі і прафарыентацыйнай работы, — паведаміла А.В.Луцэвіч, дацэнт БДЭУ, кандыдат педагагічных навук, адна з навуковых кансультантаў рэспубліканскага інавацыйнага праекта. — Хакатон — гэта марафон крэатыўнага мыслення і праграмавання, у якім прымаюць удзел матэматыкі, праграмісты, інфарматыкі, фізікі, хімікі, біёлагі, настаўнікі пачатковых класаў, працоўнага навучання, псіхолагі, школьнікі і іх бацькі. Усе яны аб’яднаны адной ідэяй — стварыць лічбавы прафарыентацыйны кампанент, які паспрыяе правільнаму, асэнсаванаму прафесійнаму выбару нашых навучэнцаў.

У лік навуковых кансультантаў праекта ўвайшла дэпутат А.М.Сопікава.

— Дэкрэт № 8 “Аб развіцці лічбавай эканомікі”, падпісаны кіраўніком нашай дзяржавы, стварае беспрэцэдэнтныя ўмовы для развіцця ІТ-галіны і дае істотныя канкурэнтныя перавагі нашай краіне ў стварэнні лічбавай эканомікі XXI стагоддзя, — адзначыла Ала Мікалаеўна. — Дэкрэтам прадугледжаны шэраг мер па падтрымцы ІТ-адукацыі і падрыхтоўцы кадраў.

Працуючы ў праекце лічбавай школы, кожны яго ўдзельнік імкнецца да ўкаранення ў жыццё норм гэтага дакумента, да вырашэння пытанняў падрыхтоўкі сённяшніх школьнікаў да высокатэхналагічнай будучыні Беларусі.

Высокія тэхналогіі не толькі ўвайшлі ў нашу рэальнасць, але і ўплываюць на фарміраванне светапогляду, жыццёвых прынцыпаў, перакананняў, складу думак сучаснай моладзі. Таму дэпутаты падтрымалі работу нашых педагогаў па ўкараненні сучасных ІТ у сферу адукацыі і непасрэдна ў прафарыентацыйную работу школьнікаў.

— Відавочна, што сёння, у наш імклівы час, дзяцей нельга вучыць па-старому, толькі з крэйдай і ўказкай ля дошкі, — адзначыла А.М.Сопікава. — І вельмі прыемна, што нашы настаўнікі імкнуцца адпавядаць патрабаванням рэчаіснасці, стараюцца быць сучаснымі, крэатыўнымі і смела ўкараняюць лічбавыя тэхналогіі ў адукацыйны працэс.

— Гэты праект з’яўляецца адлюстраваннем таго, што наша педагагічная супольнасць адгукнулася на задачы, пастаўленыя дзяржавай, — заявіла дэпутат Т.Р.Якубовіч. — У праграме нашага ўрада на найбліжэйшыя гады дакладна вызначаны кірункі развіцця ІТ-краіны. У іх ліку прадстаўлена развіццё інклюзіўнай адукацыі і максімальны ахоп яе праграм інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі.

Таццяна Раманаўна паведаміла, што ва ўрадавую праграму ўваходзіць развіццё мадэлі “Універсітэт 3.0”.

— Мадэль “Універсітэт 3.0” мае на ўвазе камерцыялізацыю свайго навуковага прадукту, развіццё прадпрымальніцкай дзейнасці, фарміраванне маладзёжнага навуковага супольніцтва, — адзначыла дэпутат. — Усё гэта немагчыма без сучасных інфармацыйных тэхналогій, без лічбавай школы. І яе трэба развіваць не толькі ў студэнцкім асяроддзі, але і ў школьным, і нават у дзіцячым садку.

На сустрэчу аднадумцаў прыехалі педагогі і школьнікі сярэдніх школ №№ 37, 129 і 153 Мiнска; сярэдняй школы № 67 Гомеля, сярэдніх школ №№ 14, 16 і гімназіі № 5 Баранавіч, сярэдняй школы № 3 Зэльвы, Елкаўскай і Галынкаўскай сярэдніх школ Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці, Радашковіцкай сярэдняй школы Маладзечанскага раёна, гімназіі Ляхавіч Брэсцкай вобласці.

Намеснік дырэктара гімназіі № 5 Баранавіч Алена Канстанцінаўна Емяльянчык расказала, што гімназія актыўна ўдзельнічае ў інавацыйнай дзейнасці ўжо шмат гадоў. Эксперыментальная работа вядзецца ў навучальнай установе па дыстанцыйным навучанні, па інфарматызацыі, выкарыстанні электронных адукацыйных рэсурсаў. Цяпер разам з дзвюма іншымі агульнаадукацыйнымі ўстановамі Баранавіч гімназія займаецца стварэннем пэўных адукацыйных прадуктаў прафарыентацыйнай накіраванасці, якія будуць аб’яднаны ў адзін выніковы напрыканцы рэспубліканскага праекта.

Выкладчык інфарматыкі і матэматыкі гэтай гімназіі С.А.Кісялёва праводзіла ў хакатоне майстар-клас па распрацоўцы сайтаў пры дапамозе канструктара WIX.com. Іншыя педагогі прадставілі на сваіх майстар-класах стварэнне відэаролікаў на платформе Sparkol, распрацоўку рабочых лістоў і стварэнне QR-кода, прэзентацыі ў фармаце Prezy, праграмаванне ў асяроддзі Scratch, арганізацыю настольнай гульні “Новыя прафесіі”.

За час марафону былі створаны такія лічбавыя прадукты з прафарыентацыйным зместам, як сайт альбо блог як стратэгічна важны сродак лічбавай прафарыентацыйнай падтрымкі smart-пакалення і web-прадстаўніцтва ўдзельнікаў інавацыйнага праекта, відэаролікі “Тваё заўтра” (на аснове “Атласа новых прафесій”); урокі, дзе выкарыстоўваецца ўзаемасувязь прадметаў з прафесійным асяроддзем, і шэраг іншых.

Усе ўдзельнікі хакатона атрымалі падзячныя лісты і каштоўныя падарункі ад дэпутатаў і ад кіраўніцтва сеткі магазінаў бытавой тэхнікі “Пяты элемент” на чале з А.А.Балабіным, а пераможцам былі ўручаны сертыфікаты на набыццё прадукцыі ў “Пятым элеменце”.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.