Лічбавая трансфармацыя: неабходнасць рэальная і віртуальная

- 12:03Якасць адукацыі

Пытанні рэфармавання сістэмы адукацыі ва ўмовах лічбавай трансфармацыі, выстройвання прадукцыйнай стратэгіі яе развіцця, укаранення інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс былі разгледжаны на навукова-практычнай канферэнцыі “Лічбавая трансфармацыя адукацыі”. На мерапрыемства былі запрошаны кіраўнікі і спецыялісты органаў дзяржаўнага кіравання, аспіранты, маладыя вучоныя, настаўнікі-практыкі, а таксама прадстаўнікі ІТ-галіны. У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка, дырэктар галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Павел Ліс і інш.

У трэндзе сучаснасці

Лічбавыя тэхналогіі сталі неад’емнай часткай жыцця сучаснага чалавека. Працэс іх укаранення ў штодзённасць успрымаецца сёння не як кароткатэрміновы модны трэнд, а як неабходнасць, прадыктаваная сучаснымі патрабаваннямі сусветнага прагрэсу. Асабліва важны гэты працэс для сістэмы адукацыі, ад узроўню развіцця якой залежыць, у якім напрамку будзе рухацца грамадства.

Адкрываючы канферэнцыю, намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка заклікала яе ўдзельнікаў да шчырай дыскусіі без замоўчвання праблем. “Развіццё лічбавай эканомікі не магчыма, калі сістэма адукацыі не будзе сучасна, дасведчана рэагаваць на ўсе новаўвядзенні, у тым ліку на рост ІТ-галіны. Гэтая работа павінна быць не выбарачнай, а сістэмнай і глыбокай. У адукацыі, як і ў ІТ, важна ўмець вельмі хутка мяняцца, рэагаваць на патрэбы часу і на інтарэсы моладзі”, — зазначыла Раіса Станіславаўна.

Па словах дырэктара ГІАЦ Паўла Ліса, лічбавая трансфармацыя становіцца галоўным трэндам сучаснасці і радыкальным чынам пераўтварае ўсе сферы грамадскага жыцця.

— Трэба разумець, што ёсць два працэсы: інфарматызацыя, якая тычыцца інфраструктуры (тое, што прафесіяналы робяць для прафесіяналаў), і лічбавая трансфармацыя — працэс, які тычыцца ўжо ўсіх сфер жыцця, у тым ліку адукацыі. Працэсы інфарматызацыі ішлі даўно і ўжо прадаставілі магчымую інфраструктуру для новага этапу. Адукацыя — гэта фундамент для эканомікі, тым больш інавацыйнай. Адпаведна, лічбавая трансфармацыя адукацыі — працэс, які павінен ісці зараз і максімальна хутка. Нельга яго ігнараваць ці чакаць, што ён пройдзе міма, а патрэбна ў яго ўключыцца і атрымаць максімальную карысць. Хуткасць успрымання новай рэальнасці — наша канкурэнтная перавага. Лічу, што мы як прадстаўнікі адукацыі павінны быць наватарамі, ініцыятарамі змяненняў, — адзначыў Павел Ліс. — На сёння моцныя ў плане лічбавай трансфармацыі па складзе кадраў Мінск, Брэст і Гродна. У многіх установах адукацыі ёсць вельмі цікавыя падыходы і кропкі росту. Спадзяюся, для іншых гэта стане не крытыкай, а матыватарам, каб узнімацца вышэй.

Важнай задачай, якая патрабуе найхутчэйшага вырашэння, з’яўляецца стварэнне рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя. “Вывучыўшы сусветныя сістэмы Паўночнай Амерыкі, Азіі, Еўропы, мы наткнуліся на сітуацыі, дзе дзяржава і грамадства падтрымліваюць платформенныя рашэнні, дзе кропка ўваходу ў сістэму адукацыі адзіная, гэта значыць, з яе можна трапіць на любую інфармацыю, якая цікавіць, для любога ўзроўню. Такое асяроддзе павінна з’явіцца і ў нас, — падкрэсліў Павел Ліс. — Мы доўга прасоўвалі гэты праект. Усе нашы разрозненыя рэсурсы будуць аб’ядноўвацца на адзінай платформе. Гэта не значыць, што кожны рэсурс страціць сваю самастойнасць ці павінен будзе перападпарадкавацца. Рэгламенты дзеяння падобнага асяроддзя будуць адкрыты і для дзяржаўных, і для прыватных партнёраў”.

Дырэктар ГІАЦ Павел ЛІС:

— Лічбавай трансфармацыяй да 2020 года будуць закрануты не менш за 80% устаноў адукацыі Беларусі. Такая задача пастаўлена ў адпаведнасці з Дзяржпраграмай развіцця лічбавай эканомікі і інфармацыйнага грамадства на 2016—2020 гады. Робіцца ўсё магчымае, каб лічбавая трансфармацыя адукацыі ішла з перавыкананнем плана, каб усе адчулі эфект. Па выніках 2017 года 25% устаноў адукацыі ў рознай ступені задзейнічаны ў працэсе трансфармацыі. Для дасягнення пастаўленай задачы ёсць розныя магчымасці. Улічваюцца асаблівасці кожнай установы, адпаведна, прапаноўваюцца найбольш эфектыўныя інструменты.

Як адзначалася, сёння распрацаваны ці знаходзяцца ў стадыі распрацоўкі наступныя рэсурсы: рэестр базавых інфармацыйных рэсурсаў (аўтаматызаваная сістэма, якая будзе правяраць на працаздольнасць і бяспеку ўсе сайты сістэмы адукацыі), рэгістр навучэнцаў (для міжведамаснага ўзаемадзеяння, каб бачыць профіль кожнага навучэнца з дзіцячага садка да ўніверсітэта), рэгістр устаноў адукацыі, рэгістр педагагічных работнікаў. У найбліжэйшай перспектыве больш актыўна будуць укараняцца сістэма маніторынгу паспяховасці, воблачная бухгалтэрыя, беспапяровы дакументаабарот, адзіны карпаратыўны паштовы сэрвіс, офісны пакет, электронныя плацяжы, дыстанцыйнае навучанне.

Для эфектыўнай трансфармацыі ў адукацыйны працэс павінны ўкараняцца таксама сучасныя тэхналогіі: штучны інтэлект і нейронныя сеткі (з дапамогай іх можна аўтаматызаваць сістэму бяспекі ўстановы адукацыі), вялікія даныя + апрацоўка + прагназаванне (напрыклад, можна сабраць з усёй краіны інфармацыю па паспяховасці дзяцей па пэўным прадмеце па канкрэтнай тэме ў канкрэтны час); віртуалізацыя адукацыйнага працэсу (дапоўненая рэальнасць), блокчэйн. У сістэме адукацыі тэхналогія блокчэйну можа выкарыстоўвацца як пацвярджэнне праўдзівасці электронных дакументаў.

— У нас вялікі шанс стаць лакаматывам, які не толькі будзе рухаць усю сістэму адукацыі, але і эканоміку ў цэлым, — лічыць Павел Ліс.

У цеснай сувязі з заказчыкамі кадраў

На думку рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вадзіма Богуша, вышэйшая школа найбольш успрымальная да тых выклікаў, якія неабходна вырашаць у працэсе лічбавай трансфармацыі. Аднак ёсць шэраг праблем, якія тычацца арганізацыі дзейнасці педагога. “Гаворачы пра напрамкі, па якіх неабходна наладжваць развіццё вышэйшай школы ў межах лічбавай трансфармацыі, важна вылучыць наступныя: удасканаленне існуючай інфраструктуры, сэрвіс, развіццё кадравага патэнцыялу. Апошнія два патрабуюць, з аднаго боку, аналізу і рэарганізацыі крыніц інфармацыі, з другога — змянення падыходу да арганізацыі дзейнасці педагога. Не ўсе падрыхтаваны да гэтага”, — падкрэсліў Вадзім Анатольевіч.

Як жа сумясціць дзейнасць, звязаную непасрэдна з навучаннем, фарміраваннем кампетэнцый у студэнтаў, у фундаментальнай, практычнай частках, і максімальна наблізіць работу і студэнта, і педагога да тых задач, якія стаяць на рэальнай вытворчасці? Па меркаванні В.А.Богуша, вырашэнню гэтага пытання будуць садзейнічаць, па-першае, рэалізацыя мадэлі “Лічбавы ўніверсітэт” (аўтаматызацыя бізнес-працэсаў, якія адбываюцца ў вышэйшай школе), па-другое, рэалізацыя мадэлі “Універсітэт 3.0” як мадэлі, звязанай з камерцыялізацыяй навуковых ведаў, а таксама лічбавая трансфармацыя зместу адукацыі.

Вадзім Богуш перакананы, што заказчыкаў кадраў абавязкова трэба прыцягваць у абнаўленне ІТ-тэхналогій УВА. “Лічбавізацыя ў цэлым ідзе вялікімі тэмпамі. Больш праблемная задача — каб сучаснае інфармацыйнае асяроддзе падтрымлівалася ў актуальным стане. У вышэйшай школе гэты механізм не можа быць эфектыўным, калі мы не будзем прыцягваць заказчыкаў кадраў у працэс, — лічыць Вадзім Богуш. — Пранікненне павінна быць глыбокім. Усе тэхнаінавацыі павінны прыходзіць ва ўніверсітэт максімальна хутка. А распрацоўкі ўніверсітэта максімальна хутка адыходзіць на прадпрыемствы. Падтрымка гэтага сучаснага ўзроўню — задача, якую неабходна вырашаць у абавязковым парадку з заказчыкамі кадраў”.

Электронная адукацыя ў педпадрыхтоўцы

Якія спецыялісты сёння патрэбны адукацыі? Якія навыкі трэба ў іх сфарміраваць? У сітуацыі няўпэўненасці знаходзяцца як работадаўцы, так і сістэма адукацыі.

Памяншэнне долі вочнага навучання, павелічэнне колькасці форм дыстанцыйнай падтрымкі, развіццё анлайн-навучання прывялі да трансфармацыі мадэлей сучаснай адукацыі. Пашырэнне спектра тэхналагічных магчымасцей садзейнічае актыўнаму пераходу да электроннага навучання.

Па словах начальніка цэнтра развіцця інфармацыйных тэхналогій БДПУ імя Максіма Танка Аксаны Мініч, сярод праблем, якія патрабуюць вырашэння для фарміравання практыкі электроннага навучання, — канцэптуальная, структурная раз’яднанасць у арганізацыі электроннага навучання; адсутнасць адзінай сістэмы маніторынгу, экспертызы і адбору найбольш якасных і эфектыўных электронных рэсурсаў; адсутнасць выкарыстання магчымасцей дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій для распрацоўкі і рэалізацыі індывідуальных адукацыйных праграм; адсутнасць практыкі распрацоўкі масавых адукацыйных анлайн-курсаў; слабая матывацыя і недастатковы ўзровень прафесійнай кампетэнтнасці значнай часткі выкладчыцкага складу.

Сёння настаўнік павінен адысці ад рэалізацыі гатовых рашэнняў і стаць праектантам, распрацоўшчыкам розных сцэнарыяў навучання ва ўмовах насычанага лічбавага асяроддзя. Як падрыхтаваць такіх настаўнікаў у сістэме педадукацыі? Розныя фактары стрымліваюць гэты працэс і садзейнічаюць яму. Так, у якасці стрымліваючых фактараў выступаюць: адсутнасць у пераліку адукацыйных паслуг дыстанцыйных і анлайн-курсаў; недахоп якасных вучэбных матэрыялаў, нізкая якасць цьютарскага суправаджэння навучэнцаў, недастатковы ўзровень ІКТ-кампетэнтнасці студэнтаў, а таксама недахоп непасрэдных зносін паміж студэнтамі і выкладчыкамі.

На думку Аксаны Мініч, электроннае навучанне поўнасцю нельга прымяніць у сістэме падрыхтоўкі педагагічных кадраў, бо настаўнік працуе з асобай. І на першым плане — асабісты кантакт, жывыя зносіны. Сярод перспектыўных напрамкаў развіцця электроннага навучання ў падрыхтоўцы будучых настаўнікаў — распрацоўка і ўкараненне адукацыйных мадэлей на аснове ўдзелу студэнтаў у анлайн-асяроддзях з мэтай фарміравання ключавых кампетэнцый; фарміраванне прынцыпова новых форм дыстанцыйнага ўзаемадзеяння; стварэнне гнуткіх адукацыйных траекторый; паглыбленне навучання па выкарыстанні ІКТ у методыках выкладання ў межах школьных вучэбных прадметаў; трансфармацыя зместу вучэбнай дысцыпліны “Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі”; стварэнне і ўкараненне мнагамернай сістэмы ацэньвання дасягненняў навучэнцаў на ўсіх узроўнях па прынцыпе блокчэйну.

Для навучэнцаў, педагогаў і бацькоў

Новыя распрацоўкі для адукацыйнага працэсу прэзентавалі на канферэнцыі прадстаўнікі ІТ-кампаній.

Выканаўчы дырэктар ТАА “Тэарэма ведаў” Яўген Харэўка прадставіў інавацыйны адукацыйны інтэрнэт-рэсурс yaklass.by, які дапамагае настаўніку праводзіць тэсціраванне ведаў навучэнцаў, задаваць дамашнія заданні ў электронным выглядзе. Для вучня гэта бясконцы трэнажор па школьнай праграме. Галоўная асаблівасць праекта заключаецца ў тым, што ўсе заданні і тэставыя работы ствараюцца ў спецыяльнай праграме, якая генерыруе заданні з рознымі варыянтамі, што дазваляе паменшыць магчымасць спісвання.

Дырэктар ТАА “Сінэзіс Стратус” Сяргей Паблагуеў расказаў пра сістэму відэааналітыкі Kipod, сістэму бяспекі на аснове штучнага інтэлекту, якая апрабоўваецца ў адной са сталічных школ. У будынку ўстановы і на тэрыторыі ўстаноўлены камеры, якія ў рэжыме рэальнага часу ідэнтыфікуюць усіх наведвальнікаў па прынцыпе “свой — чужы”. Сістэма не толькі здольна распазнаваць (з дакладнасцю 95—98 працэнтаў) і пералічваць вучняў, але імгненна інфармаваць бацькоў з дапамогай паведамлення па месэнджару, калі дзіця прыйшло на заняткі ці пайшло дадому.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.