Міністр адукацыі Ігар Карпенка прыняў удзел у рэгіянальным лічбавым форуме #GBCregions (“Дзяржава. Бізнес. Грамадзяне — рэгіёны”), які праходзіў у Гродне.
Удзельнікі форуму, а сярод іх — кіраўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, абласнога і раённых выканаўчых камітэтаў, прадстаўнікі IT-кампаній, бізнесу, абмеркавалі дасягненні і перспектывы лічбавай трансфармацыі. У асноўным на дыялогавую пляцоўку такога значнага ўзроўню былі вынесены пытанні адукацыі і аховы здароўя.
Тэмай выступлення міністра адукацыі Ігара Карпенкі стала лічбавая трансфармацыя адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Як ён падкрэсліў, работа ў гэтым кірунку вядзецца актыўна.
— У рамках стратэгіі пабудовы ІТ-краіны ў Беларусі лічбавізацыя сферы адукацыі адыгрывае першарадную ролю, — падкрэсліў міністр адукацыі. — У краіне для гэтага распрацаваны і рэалізуецца шэраг праграмных дакументаў, такіх як “Лічбавае развіццё Беларусі”, “Адукацыя і маладзёжная палітыка” і інш. У новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі, якая ўнесена ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь для разгляду ў другім чытанні, вызначаны паняцці рэспубліканскага інфармацыйнага адукацыйнага асяроддзя, устаноўлена як самастойная дыстанцыйная форма навучання, а таксама вызначаны падыходы да інфармацыйнага забеспячэння ў адукацыі. Зацверджана Канцэпцыя лічбавай трансфармацыі працэсаў у сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь на 2019—2025 гады.
Кіраўнік ведамства падкрэсліў, што ў рамках рэалізацыі канцэпцыі вядзецца работа над стварэннем рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя. З дапамогай электроннага абсталявання і праграмных сродкаў плануецца аптымізаваць усе працэсы ў сістэме адукацыі. Як неад’емная частка РІАА, фарміруецца праект “Электронная адукацыя”, які з’яўляецца працягам праекта “Электронная школа”. У пра ект уцягнуты ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, у эксперыментальным рэжыме выкарыстоўваюцца анлайн-сэрвісы “Электронны дзённік / электронны журнал”. У будучыні праектам будуць ахоплены ўсе ўстановы адукацыі.
Міністр адукацыі паведаміў, што вызначаны напрамкі развіцця інфарматызацыі сістэмы адукацыі. Ужо зараз на ўзроўні дашкольнай адукацыі распрацоўваюцца электронныя адукацыйныя рэсурсы ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай. Актыўна выкарыстоўваюцца інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі пры арганізацыі дыдактычных гульняў, гутарак, віртуальных экскурсій, даступных дзіцячаму ўспрыманню і разуменню. На ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі ў адукацыйны працэс паэтапна ўведзены абноўленыя вучэбныя праграмы па інфарматыцы для ўсіх класаў.
Ужо ў 6 класе вучні знаёмяцца з правіламі сеткавага этыкету і мерамі асабістай бяспекі ў інтэрнэце. У 7 класе разглядаюцца шкодныя праграмы і спосабы абароны ад іх. У 10 класе — меры бяспекі і правілы этыкету пры зносінах у сетцы інтэрнэт. Арганізавана вывучэнне інфарматыкі на павышаным узроўні. У адукацыйны працэс укараняюцца электронныя вучэбныя дапаможнікі, актыўна выкарыстоўваюцца QR-коды, тэхналогіі дапоўненай рэальнасці.
У рамках стратэгіі пабудовы ІТ-краіны ў Беларусі лічбавізацыя сферы адукацыі адыгрывае першарадную ролю.
Міністэрства адукацыі ініцыіравала стварэнне ў Беларусі каля 150 рэсурсных цэнтраў, на базе якіх будуць рэалізоўвацца STEM-падыходы да арганізацыі адукацыйнага працэсу. Для іх плануецца пастаўка за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту па адным мультыбордзе і 3D-прынтары, а таксама камплектаў абсталявання.
У дапамогу настаўніку прапанавана больш за два дзясяткі спецыяльных вучэбных праграм факультатываў, створаны ўмовы для актыўнага выкарыстання педагогамі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Інфармацыйную, навукова- і вучэбна-метадычную падтрымку забяспечвае нацыянальны адукацыйны партал. А з улікам неабходнасці працы ва ўмовах пандэміі ў студзені гэтага года запушчаны адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс, на платформе якога размешчаны адукацыйны кантэнт для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
Ігар Карпенка падзяліўся і іншымі шматлікімі дасягненнямі галіны на шляху да лічбавай трансфармацыі. Сярод іх — каля 3000 дзіцячых аб’яднанняў па навукова-тэхнічных кірунках, рэалізацыя праекта “Праграмаванне ў асяроддзі Scratch”, стварэнне Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка і інш. Вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў па IT-спецыяльнасцях. На высокатэхналагічных прадпрыемствах і ў арганізацыях Парка высокіх тэхналогій, у ІТ-кампаніях функцыянуюць філіялы кафедраў УВА. Працуюць 6 універсітэцкіх тэхнапаркаў, 15 цэнтраў трансферу тэхналогій, 33 галіновыя лабараторыі.
Умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база. Толькі ў 2019—2020 гадах ва ўстановы адукацыі паступіла больш за 4,5 тысячы адзінак інтэрактыўных сэнсарных сістэм, каля 5 тысяч персанальных камп’ютараў, каля 7,5 тысячы планшэтаў. Толькі па лініі Дзяржаўнай праграмы развіцця лічбавай эканомікі і інфармацыйнага грамадства за апошнія два гады асвоена каля 15,5 мільёна рублёў.
— Нацыянальная сістэма адукацыі адпавядае сучасным патрабаванням, уключаючы распрацоўку электронных вучэбных дапаможнікаў, дыстанцыйнае навучанне, анлайн-курсы, электронныя прапускныя сістэмы, тэхналогіі віртуальнай і дапоўненай рэальнасці, мабільнае навучанне, штучны інтэлект, лічбавізацыю прафесійнай адукацыі, — падкрэсліў Ігар Карпенка. — Мы стараемся ісці ў нагу з часам. Разам з тым на першы план выходзяць пытанні лічбавай бяспекі, абароны інфармацыі, работы з персанальнымі данымі. І ў гэтым напрамку нам трэба аб’яднаць намаганні.
Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка расказала пра лічбавую трансфармацыю як інструмент апераджальнага развіцця ўніверсітэта.
Арганізатарамі форуму выступілі Нацыянальны цэнтр абмену трафікам, Нацыянальны цэнтр электронных паслуг і Беларускія воблачныя тэхналогіі пры падтрымцы Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і Гродзенскага аблвыканкама.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.