Лічбавы ўніверсітэт — для рэальнай эканомікі

- 10:50Вышэйшая школа

Сёння ў БНТУ завяршае работу VIII Форум універсітэтаў інжынерна-тэхналагічнага профілю Саюзнай дзяржавы. 200 навукоўцаў і студэнтаў са 100 універсітэтаў і арганізацый з Беларусі, Расіі, Чэхіі, Сербіі і Узбекістана сабраліся ў Мінску, каб абмеркаваць развіццё інжынернай адукацыі, падзяліцца вопытам, наладзіць новыя кантакты для супрацоўніцтва.

Асноўная тэма сёлетняга форуму — “Лічбавы ўніверсітэт”. Удзельнікі абмяр­коўваюць такія пытанні, як сучасныя інтэрнэт-рэсурсы, інтэграваныя ў вучэбны працэс, навучанне анлайн, укараненне тэхналогій віртуальнай рэальнасці, інфраструктура бяспекі, заснаваная на біяметрычнай ідэнтыфікацыі асобы, сучасныя сістэмы аналітыкі і візуалізацыі даных. У праграме — 12 семінараў па розных напрамках развіцця навукі і тэхнікі.

Асобная секцыя форуму прысвечана маладзёжнаму прадпрымальніцтву. Студэнты, магістранты, аспіранты з Расіі і Беларусі прадстаўляюць свае стартапы, якія могуць быць укаранёны ў вытворчасць. І якраз сёння адбудзецца бізнес-бой, падчас якога вызначыцца лепшы маладзёжны стартап Саюзнай дзяржавы.

“Беларусь заўсёды славілася падрыхтоўкай інжынераў, — заўважыў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін, які прыехаў павітаць удзельнікаў форуму. — У прыватнасці, дыплом БНТУ ў Германіі прызнаецца аўтаматам, без здачы дадатковых кваліфікацыйных экзаменаў. Гэта сведчыць пра тое, што падрыхтоўка нашых інжынераў адпавядае сусветнай практыцы. Тым не менш тэхналогіі развіваюцца вельмі хутка: напрыклад, у радыёэлектроніцы за два гады мяняецца пакаленне тэхнікі. І калі раней рыхтавалі спецыяліста адзін раз на ўсё жыццё, то зараз толькі за час навучання студэнта тэхніка абнаўляецца двойчы. Адпаведна павінен мяняцца падыход да навучання: на форуме мы якраз і абмяркоўваем гэтыя пытанні”.

Аляксандр Генадзьевіч адзначыў, што сёння ўжо не рэсурсы і нават не тэхналогіі вызначаюць узровень развіцця краіны, а людзі.

“У краінах Афрыкі, здавалася б, ёсць усё: велізарныя рэсурсы, велізарныя рынкі, — заўважыў старшыня ДКНТ. — Але там няма галоўнага — спецыялістаў, таму прамысловасць не развіваецца. А прывозіць кадры з-за мяжы вельмі дорага. У Беларусі з кадрамі ўсё нармальна, і гэта наша канкурэнтная перавага. Сюды ахвотна прыходзяць высокатэхналагічныя кампаніі, бо ў нас ёсць кваліфікаваныя спецыялісты, якія могуць працаваць з самымі сучаснымі тэхналогіямі”.

На пытанне пра ўклад універсітэцкай навукі ў эканоміку краіны Аляксандр Шумілін заўважыў: “На базе Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта дзейнічае адзі­н з першых тэхнапаркаў, створаных у Беларусі, — тэхнапарк БНТУ “Палітэхнік”. І тыя вытворчасці, якія зара­дзіліся тут з удзелам маладых выпускнікоў універсітэта, зараз сталі вядомымі кампаніямі і пастаўля­юць высокатэхналагічную прадукцыю больш як у 100 краін свету. Калі гаварыць увогуле пра ўніверсітэцкія тэхнапаркі (не толькі пра “Палітэхнік”), то яны штогод павялічваюць аб’ём вытворчасці інавацыйнай прадукцыі на 50—60%. Калі б такімі тэмпамі расла ўся наша эканоміка, то задача выйсці на 100 млрд ВУП была б ужо вырашана”.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадастаўлены прэс-службай БНТУ.