Лічбавыя распрацоўкі ў адукацыі

- 11:34Якасць адукацыі

З 15 па 18 мая ў рамках XXV Міжнароднага форуму па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях TIBO- 2018 Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з ГІАЦ Мінадукацыі прадставілі найноўшыя лічбавыя распрацоўкі ў адукацыі.

Выстава, якая арганізоўваецца ў рамках TIBO, праходзіць у Беларусі штогод і збірае больш за 18 тысяч наведвальнікаў, сярод якіх прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, навукова-даследчых і навучальных устаноў, прадпрыемстваў розных галін эканомікі і форм уласнасці. Форум уяўляе сабой пляцоўку для прадстаўлення новых дасягненняў і абмену перадавым вопытам у сферы інфармацыйных тэхналогій. Арганізатарам з’яўляецца Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь. У мерапрыемстве бяруць удзел вядучыя сусветныя і айчынныя вытворцы і пастаўшчыкі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Мінадукацыі займала цэнтральную экспазіцыю выставы “ІТ-краіна Беларусь” у сектары Урада Рэспублікі Беларусь і прадэманстравала шэраг апошніх дасягненняў у галіне лічбавай трансфармацыі адукацыі.

Гэта мадэль рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя (актыўна распрацоўваецца ГІАЦ Мінадукацыі), якая дазволіць аб’яднаць усе існуючыя апаратныя магутнасці ў адзіную воблачную сістэму і прадаставіць доступ да цэнтралізаваных спецыялізаваных рэсурсаў для работнікаў сферы адукацыі. Сістэма кантролю кіравання доступам, распрацаваная кампаніяй “Сінезіс”, заснавана на распазнаванні вобразаў, што дазваляе ў рэальным часе ідэнтыфікаваць усіх наведвальнікаў школы, вучняў і персанал па прынцыпе “свой-чужы” з аператыўным паведамленнем.

Адукацыйны кантэнт быў паказаны на прыкладзе прадастаўленых прадстаўніцтвам кампаніі Microsoft у Беларусі акуляраў дапоўненай рэальнасці HoloLens, з дапамогай якіх можна праводзіць віртуальныя навучальныя экскурсіі, а таксама дэманстраваць трохмерныя наглядныя матэрыялы ў рамках курсаў па біялогіі, геаграфіі, астраноміі і інш. Увазе наведвальнікаў была прадстаўлена мадэль сучаснага класа, абсталяванага інтэрактыўнай вучэбнай панэллю і індывідуальнымі планшэтамі для вучняў і педагога, што дазволіць максімальна візуалізаваць і індывідуалізаваць працэс навучання на прыкладзе рэальных міні-ўрокаў.

Міністэрства адукацыі з’яўляецца пастаянным экспанентам выставы і актыўным удзельнікам шматбаковага дыялогу ў рамках форуму TIBO, што спрыяе ўстанаўленню дзелавых кантактаў паміж прадстаўнікамі сістэмы адукацыі і пастаўшчыкамі інфармацыйных тэхналогій для далейшага плённага супрацоўніцтва. Партнёрамі галіновага ведамства на TIBO-2018 сталі Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі, Нацыянальны інстытут адукацыі, УП “ЗЭБТ “Гарызонт”, ТАА “Сінезіс”, ЗТАА “Майкрасофт Софтвер Бел”, ТАА “Мунлайт Рум”, ТАА “Белучколлектор”, СЗАТ “АСБІС”.

У гэтым годзе ў міжнароднай спецыялізаванай выставе прынялі ўдзел больш за 100 кампаній з 15 краін свету. Актыўнымі экспанентамі былі і беларускія ўніверсітэты. Свае пляцоўкі мелі БДУ, БДУІР, БНТУ, Акадэмія сувязі. У прыватнасці, экспазіцыя БДУ ўключала актуальныя і запатрабаваныя тэхналогіі і прадукцыю, распрацаваныя ў лабараторыях навукова-даследчых інстытутаў і факультэтаў універсітэта.

У выніку БДУ прадэманстраваў каля 20 экспанатаў. Адзін з іх — “Смарт-карты ў нацыянальнай сістэме адукацыі”. Навізна распрацоўкі заключаецца ў эмуляцыі бескантактавага чыпа MIFARE Plus 4K пры сумесным выкарыстанні аднаго і таго ж чыпа для банкаўскага дадатку і для дадатку функцыянальнага выкарыстання ў інфраструктуры навучальнай установы. У 2015 годзе ЦІТ БДУ сумесна з шасцю арганізацыямі распрацаваў шматфункцыянальнае пасведчанне супрацоўніка, а ў 2017 годзе — прататыпы студэнцкага білета і пасведчання работніка на базе бескантактавых картак MasterCard. Электронны дакумент уключае ў сябе ідэнтыфікацыйную картку з радыёчастотнай і візуальнай ідэнтыфікацыяй уладальніка, а таксама поўнафункцыянальную чыпавую міжнародную плацежную картку MasterCard з бесправадным інтэрфейсам.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.