Лічбавыя тэхналогіі на службе чалавека

- 9:01Актуально, Апошнія запісы

25 лістапада ў школах краіны традыцыйна праводзіліся інфармацыйныя гадзіны ў межах праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”. У сярэдняй школе № 1 Смілавіч Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці такую гадзіну наведаў міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Тэма адзінага дня інфармавання — “Гордасць за Беларусь. Заўсёды на сувязі” (пра дасягненні ў галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій). На ўроку з удзелам міністра былі навучэнцы 9—11 класаў. Заняткі складаліся з трох частак. Спачатку старшакласнікам было прапанавана пагуляць у гульню “Веру — не веру”, дзе настаўніца прапаноўвала праўдзівыя факты і фэйкі пра развіццё інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Затым на пытанні вучняў адказваў міністр адукацыі, у канцы была праведзена рэфлексія.

Зразумела, самым чаканым і цікавым аказаўся другі блок — дыялог з Ігарам Карпенкам. У фармаце адкрытага дыялогу кіраўнік ведамства абмеркаваў са старшакласнікамі пытанні актуальнасці тэмы лічбавых тэхналогій на службе чалавека. Гаварылася пра тое, як наша краіна можа павысіць свой статус у свеце па ўзроўні развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

На сённяшні дзень у парадку эксперымента з 3000 школ у краіне 1400 працуюць з электроннымі дзённікамі і журналамі. У перспектыве — выхад на рэспубліканскае адукацыйна-інфармацыйнае асяроддзе.

Міністр адукацыі спыніўся на важным моманце: “Сёння адукацыйная парадыгма, адукацыйныя працэсы адбываюцца зусім па-іншаму. Калі раней настаўнік, педагог з’яўляліся галоўнымі носьбітамі інфармацыі, то зараз, у стагоддзе інфармацыйных тэхналогій, усё інакш. Інтэрнэт і камп’ютарныя тэхналогіі імкліва пранікаюць ва ўсе сферы жыцця­дзейнасці чалавека. З аднаго боку, гэта адкрывае перад грамадзянамі і грамадствам шэраг перспектыў, з другога — прыводзіць да з’яўлення новых рызык і пагроз”.

Ігар Карпенка перакананы, што з развіццём інфармацыйных тэхналогій ідэя навучання праз усё жыццё пачынае дзейнічаць у поўным аб’ёме. І тут вельмі важна ўмець прасейваць інфармацыю, таму што патокі велізарныя, чалавечы мозг не ўсё можа адразу ўспрымаць, а трэба разумець, што для цябе трэба ў прафесійнай дзейнасці, для работы ў соцыуме.

Кіраўнік ведамства праінфармаваў навучэнцаў, што на сённяшні дзень у парадку эксперымента з 3000 школ у краіне 1400 працуюць з электроннымі дзённікамі і журналамі. У перспектыве — выхад на рэспубліканскае адукацыйна-інфармацыйнае асяроддзе. Пры гэтым ён заўважыў, што ніякія інфармацыйныя тэхналогіі не заменяць рэальных зносін.

“Чалавечыя зносіны вельмі шматгранныя. Вельмі актуальныя словы Антуана дэ Сент-Экзюперы — аўтара твора “Маленькі прынц”, калі ён гаварыў, што чалавечыя зносіны — самая вялікая раскоша на зямлі. Мы людзі сацыяльныя, нам вельмі важна ўзаемадзейнічаць адно з адным”, — падкрэсліў Ігар Карпенка.

Акрамя таго, падчас размовы вучні задавалі міністру самыя розныя пытанні. Якім вучнем быў міністр адукацыі? Ці палепшылі яго жыццё інфармацыйныя тэхналогіі? Пыталіся пра электронныя дзённікі, пра магчымасць пераводу падручнікаў толькі ў электронны фармат. Дзецям было цікава даведацца, якія ўстановы адукацыі ў краіне рыхтуюць спецыялістаў для IT-галіны, абмеркаваць праблему інфармацыйнай бяспекі, запатрабаванасць дыстанцыйнай адукацыі.

Сярэднюю школу № 1 Смілавіч у 2021/2022 навучальным годзе наведвае 450 чалавек, з іх першакласнікаў — 41. 23-х навучэнцаў з 4 населеных пунктаў (знаходзяцца на адлегласці ад 3 да 16 км ад установы адукацыі) падво­зяць школьным аўтобусам.
На павышаным узроўні вывучаюцца фізіка, матэматыка, інфарматыка, замежная мова. У навучальнай установе працуе настаўнік-метадыст настаўнік фізікі Анатоль Канстанцінавіч Шабусаў, які рэгулярна рыхтуе пераможцаў розных этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы.

Старшакласнікаў цікавілі асаблівасці новых падыходаў да выніковай атэстацыі навучэнцаў, якія будуць уведзены ў будучыні, пыталіся пра стаўленне міністра да адмены дамашняга задання і пра пераход на шасцідзёнку. Не абышлося без пытанняў пра будні і адпачынак міністра. Ігар Васільевіч з задавальненнем адказваў і даваў тлумачэнні. Трэба адзначыць, што старшакласнікі атрымалі адказы на ўсе свае пытанні.

Пасля міністр азнаёміўся з арганізацыяй вучэбна-выхаваўчага працэсу ў першай школе Смілавіч. Ігар Карпенка наведаў урокі хіміі, фізікі, спартыўную залу. Азнаё­міўся з выставай-прэзентацыяй “ШахМат”, экспазіцыяй гісторыка- этнаграфічнага музея беларускай культуры і побыту, выставай творчых работ навучэнцаў. Завяршыўся візіт міністра ўскладаннем кветак да помніка загінуўшым падчас вайны вучням і настаўнікам на тэрыторыі школы.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.