Лічбавыя тэхналогіі ў дзеянні

- 14:53Адукацыйная прастора

Будучыя педагогі ў Салігорскім дзяржаўным каледжы авалодваюць сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі.

Праектныя тэхналогіі, тэхналогіі праблемнага навучання, кейс-тэхналогіі, тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення, робататэхнікі, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі — гэта неад’емная частка сучаснага адукацыйнага працэсу. Яны робяць урокі яркімі і запамінальнымі, актывізуюць пазнавальную дзей­насць навучэнцаў.

Прымяненне адукацыйных інфармацыйных тэхналогій узмацняе матывацыю вучняў, дазваляе пераходзіць ад пасіўнага навучання да актыўнага, фарміруе інфармацыйную культуру, вучыць тэхналогіям, забяспечвае гнуткі доступ навучэнцаў да вучэбных матэрыялаў як праз сайты або сістэмы тэлекамунікацый, так і па-за імі, забяспечвае якасць выкладання.
Найбольш папулярныя сёння мультымедыйныя прэзентацыі, відэаролікі, розныя інтэрнэт-сэрвісы і адукацыйныя рэсурсы.

Вывучыўшы ўсе метадычныя і тэхнічныя магчымасці, педагогі Салігорскага дзяржаўнага каледжа вызначылі сваю мадэль лічбавай трансфармацыі працэсу навучання, каб прывабіць аптымальную колькасць удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Гэтая мадэль заснавана на стварэнні электронных адукацыйных рэсурсаў (адукацыйных блогаў/сайтаў, электронных дапаможнікаў, падручнікаў, інтэрактыўных практыкаванняў, тэставых анлайн-заданняў), распрацоўцы інтэрактыўных праектаў у сацыяльных сетках і YouTube, стварэнні інфармацыйных прадуктаў (кніг, летапісаў, часопісаў) і электроннай бібліятэкі, развіцці сеткавага ўзаемадзеяння з установамі адукацыі, павышэнні прафесійнага майстэрства і распаўсюджванні станоўчага вопыту.

Сёння лічбавая прастора каледжа — гэта афіцыйны сайт і віртуальны інфармацыйна-метадычны кабінет, віртуальныя праекты, у тым ліку віртуальныя музеі, сетка адукацыйных блогаў, электронныя сродкі навучання, інфармацыйныя адукацыйныя рэсурсы, старонкі ў сацыяльных сетках.

Інфармацыйна-метадычны кабінет уключае ў сябе банк аўтарскіх адукацыйных рэсурсаў, у які ўваходзяць 30 адукацыйных блогаў педагогаў кале­джа, 11 электронных вучэбных дапаможнікаў, чатыры інтэрактыўныя віртуальныя праекты, чатыры электронныя даследчыя праекты (кнігі) па патрыятычным выхаванні, а таксама ўнутрысеткавая суполка педагогаў (https://umksgk.wixsite.com/eumk). Банк адукацыйных рэсурсаў змяшчае ўсю неабходную для педагогаў інфармацыю — ад аператыўнай і нарматыўнай дакументацыі да матэрыялаў з вопыту работы.

 Салігорскага дзяржаўнага каледжа. Вопыт работы, прадстаўлены ў выглядзе серыі зборнікаў практыка-арыентаваных матэрыялаў з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, на XIX Рэспубліканскай выставе метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту адзначаны дыпломам I ступені Міністэрства адукацыі.

Адукацыйны блог — гэта сродак дыстанцыйнага і самастойнага навучання, матыватар вучэбна-пазнавальнай дзейнасці, сродак павышэння прафесійнага ўзроўню і візітная картка настаўніка ў сеткавай прасторы. 

Блог дапамагае сабраць аднадумцаў, сфарміраваць пастаянную аўдыторыю матываваных навучэнцаў, садзейнічае іх прафесійнаму самавызначэнню. У блогу мо­гуць быць прадстаўлены практычныя і лабараторныя работы, тэставыя і практычныя анлайн-заданні для кантролю ведаў, тэарэтычны матэрыял і г.д.

Педагогі выбіраюць розныя пляцоўкі для распрацоўкі персанальных блогаў і сайтаў: “Мультыўрок”, Blogger або WIX з больш шырокімі магчымасцямі для інтэграцыі розных праграм і сэр­вісаў. Візітнай карткай педагогаў выступаюць і аўтарскія электронныя сродкі навучання, якія сёння вельмі запатрабаваны сярод навучэнцаў.

У адукацыйным арсенале каледжа 13 электронных вучэбных дапаможнікаў (ЭВД) па розных вучэбных дысцыплінах. Для іх распрацоўкі выкарыстоўваюцца праграмы TurboSite і WIX. ЭВД дапаўняюць або часткова замяняюць падручнік, маюць большую нагляднасць і зручнасць. Кантэнт аўтарскіх ЭВД адпавядае вучэбнай праграме і ўзбагачае вучэбны матэрыял, інтэграваны ў электронныя дапаможнікі, лічбавымі данымі: гульнявымі практыкаваннямі, трэнажорамі, сімуляцыямі, інтэрактыўнымі заданнямі.

Пры выкарыстанні ЭВД акцэнт робіцца на арганізацыі актыўных відаў пазнавальнай дзейнасці. Яго можна выкарыстоўваць для праверкі дамашняга задання, тлумачэння новага матэрыялу, замацавання тэмы, кантролю за засваеннем вывучанага, абагульнення і сістэматызацыі вучэбнага матэрыялу, для выканання самастойных работ.

Змена вучэбных праграм, скарачэнне курса навучання, увя­дзенне новых спецыяльнасцей і кваліфікацый выклікаюць недахоп прынцыпова новых вучэбных дапаможнікаў, якія адпавядаюць рэаліям часу. А новыя электронныя падручнікі і дапаможнікі пашыраюць метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу каледжа і базу электронных адукацыйных рэсурсаў (ЭАР).

ЭАР дазваляюць спалучаць віртуальны і рэальны кампаненты навучання, перадаваць веды і непасрэдна, і апасродкавана. Пры правільным выкарыстанні электроннага вучэбнага дапаможніка ён становіцца магутным сродкам для самастойнага вывучэння спецыяльных дысцыплін.

Важны напрамак — укараненне ў вучэбна-пазнавальны працэс розных інтэрнэт-сэрвісаў і дадаткаў: віртуальная дошка Lino, тэставы рэдактар Online Test Pad, дадатак Learningapps, Kahoot і інш. На вучэбных занятках па прыкладной інфарматыцы навучэнцы знаёмяцца з работай графічнай сістэмы АutoCAD.

Навучэнцы спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” асвойваюць канструктар LЕGО Education WeDo 2.0. Пры гэтым у рамках прафарыентацыйных мерапрыемстваў і супрацоўніцтва з заказчыкамі кадраў праходзяць майстар-класы па робататэхніцы для выхаванцаў устаноў дашкольнай адукацыі і навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Канструяванне дапамагае развіваць лагічнае мысленне, вырашаць праблемныя задачы. Выкарыстоўваючы на ўроках інтэрактыўны канструктар LЕGО, з невялікіх дэталей навучэнцы канструююць і мадэлююць розныя мадэлі як па гатовых схемах, так і самастойна. Пры дапамозе інтэрактыўнага канструктара можна не толькі збіраць мадэлі, але і прымусіць іх рухацца, выда­ваць гукі дзякуючы нескладанаму праграмаванню. Работа з канструктарам дапамагае навучэнцам удасканаліць сабраныя мадэлі, унесці ў іх нешта новае, тым самым развіваючы творчасць і фантазію, разумовыя працэсы.

Штогод лічбавую прастору каледжа папаўняюць новыя інфармацыйныя інтэрактыўныя праекты: групы і старонкі ў сацыяльных сетках Instagram, “Каледж-анлайн”, YouTube (канал “Знаёмцеся, Беларусь” налічвае 36 плэй-лістоў і мае больш за дзве тысячы праглядаў). Тэматыка пастоў вельмі актуальная ў цяперашні час, калі адна з галоўных мэт адукацыйнага працэсу — фарміраванне грамадзянскасці і патрыятызму.

Сярод інфармацыйна-адукацыйных рэсурсаў установы вылучаюцца сумесныя праекты навучэнцаў і выкладчыкаў. Гэта электронныя кнігі і альбомы памяці, электронныя летапісы, газета “Веснік каледжа”, якая з’яўляецца прадуктам дзейнасці аб’яднання па інтарэсах “Прэс-цэнтр”.

Паспяховаму ўкараненню інфармацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс і распрацоўцы аўтарскіх электронных адукацыйных рэсурсаў у многім дапамагае матэрыяльна-тэхнічная база, якая ўвесь час пашыраецца: інтэрактыўныя дошкі, мультыборды, тэлевізары, камп’ютарныя класы, ноўтбукі, аргтэхніка і г.д.

Пашырэнню інфармацыйнай адукацыйнай прасторы Салігорскага дзяржаўнага каледжа са­дзейнічае ўдзел у эксперыментальным праекце па распрацоўцы і апрабацыі электронных адукацыйных рэсурсаў і іх інтэграцыі ў адзіны адукацыйны рэсурс eior.by.

Для развіцця лічбавізацыі ў каледжы прадугледжваецца абсталяванне ўстановы якасным праграмным забеспячэннем, інфармацыйнымі сістэмамі, якія забяспечваюць доступ да адукацыйных рэсурсаў, укараненне інфармацыйных (дыстанцыйных) тэхналогій, анлайн-навучання.

Людміла БУЗУН,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Салігорскага дзяржаўнага каледжа.