Лічбы ў надзейных руках

- 13:28Навіны рэгіёнаў

Кажуць, добрага прафесіянала відаць яшчэ на студэнцкай лаўцы. І з гэтым наўрад ці паспрачаешся. Упэўненыя ў сваіх ведах і набытых падчас практычных заняткаў навыках, юнакі і дзяўчаты гатовы дэманстраваць свой прафесіяналізм у алімпіядах па дысцыплінах.

Праверка абаротных сродкаў…

Вельмі парадавалі журы ўдзельнікі II абласной алімпіяды па дысцыпліне “Эканоміка арганізацыі”, якая прайшла ў Гомельскім гандлёва-эканамічным каледжы Белкаапсаюза.
Больш за дваццаць навучэнцаў з 12 каледжаў Гомельскай вобласці прынялі ўдзел у спаборніцтвах на валоданне прадметам. Юнакам і дзяўчатам давялося вытрымаць чатыры туры, у якіх неабходна было Пераможцы алімпіяды(сайт)паказаць свае тэарэтычныя і практычныя веды. Заданні былі няпростыя: будучыя спецыялісты пралічвалі эканамічныя паказчыкі прамысловай арганізацыі. Інакш кажучы, правяралі абаротныя сродкі выдуманага прадпрыемства і рабілі высновы аб эфектыўнасці грашовых расходаў.
Лепш за ўсіх з работай справіліся навучэнкі гандлёва-эканамічнага каледжа Белкаапсаюза Хрысціна Курбацкая і Кацярына Міхасёва — дзяўчаты падзялілі першае месца. На другім месцы Таццяна Шэнец з Гомельскага політэхнічнага каледжа і Настасся Багданава з Мазырскага політэхнічнага каледжа. Трэцяе месца заваявалі навучэнец Гомельскага політэхнічнага каледжа Павел Нямкевіч і Вікторыя Сідарава з Гомельскага машынабудаўнічага каледжа.

…і бухгалтарскі ўлік

А ў Гомельскім дзяржуніверсітэце імя Францыска Скарыны свае веды паказвалі скрупулёзныя прыхільнікі лічбаў — удзельнікі IV абласной студэнцкай алімпіяды па бухгалтарскім уліку.
На працягу двух дзён будучыя бухгалтары выконвалі складаныя разлікі. Амаль сорак чалавек з васьмі каманд спаборнічалі за права называцца лепшымі. Спаборніцтвы праходзілі як у асабістым, так і ў камандным заліку.
У выніку лепшай у асабістым заліку другі год запар стала студэнтка ГДУ імя Францыска Скарыны Настасся Штрэкер. Другое месца таксама засталося за прымаючай установай — яго заняла студэнтка Гомельскага дзяржуніверсітэта Юлія Лахмыткіна. На трэцім месцы студэнтка Беларускага ўніверсітэта транспарту Ала Сцепаненка. Студэнты гэтых двух універсітэтаў паказалі сябе з найлепшага боку і ў камандным заліку. Першае каманднае месца заняла каманда “Капітал”, а трэцяе — каманда “Актывы” з ГДУ імя Францыска Скарыны. Другое каманднае месца ў каманды БелДУТа.
Цікава, што ўдзел у алімпіядзе прыняла і студэнтка з Казахстана Аксана Шэіна. Дзяўчына самастойна вывучыла беларускую сістэму ўліку і вырашыла праверыць свае веды. Яна заняла восьмае месца — даволі нядрэнны вынік для замежнай удзельніцы алімпіяды.

Наталля ЛУТЧАНКА.