Лічбы памяці

- 14:51Актуально, Апошнія запісы, Рознае

Учора ва ўсіх куточках краіны ад Камянца да Хоцімска, ад Верхнядзвінска да Брагіна сотні тысяч разоў прагучаў шчыры “дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны”. Менавіта на такую тэму ва ўстановах адукацыі прайшоў урок, які стаў пачаткам цыкла мерапрыемстваў грамадзянска-патрыятычнай, гісторыка-краязнаўчай накіраванасці, прысвечаных 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, што пройдуць на працягу наступных дзевяці вучэбных месяцаў.

Першы званок на першы ўрок, які прагучаў першага верасня, не толькі сведчыў пра пачатак навучальнага года, але і запрашаў педагогаў і навучэнцаў у класы, каб аддаць даніну павагі нашым ветэранам, прадстаўнікам пакалення, дзякуючы якому на беларускай зямлі ўжо сем дзесяцігоддзяў пануюць мір і спакой. Цікавыя аповеды, хвіліны маўчання гучалі не толькі ў будынках школ, гімназій, ліцэяў, але і ў музеях (у першую чаргу, Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны), а таксама на сталічнай плошчы Свабоды, куды ва ўтульны двухпавярховы дом (музей-галерэю нашага славутага мастака Міхаіла Андрэевіча Савіцкага) завіталі на першы ўрок навучэнцы 10 класа сярэдняй школы № 147 Мінска. “Лічбы на сэрцы. Памятаць, каб жыць” — гэтыя словы не выпадкова сталі дэвізам тэматычных заняткаў. Справа ў тым, што “Лічбы на сэрцы” — назва самага знакамітага цыкла работ мастака, створанага ў 70-я гады на аснове асабістага лёсу, асабістай памяці. Вядома, што Міхаіл Андрэевіч удзельнічаў у баях за Севастопаль, а потым прайшоў праз пекла самых жудасных канцэнтрацыйных лагераў Дзюсельдорфа, Бухенвальда і Дахау і быў вязнем пад нумарам 32815.
Цэнтральнымі словамі асаблівых заняткаў, што праходзілі сярод велічных палотнаў, былі “Памяць” і “Сэрца”. “Гістарычная памяць”, “Народная памяць”, “Генетычная памяць”, “Вечная памяць” — такія эпітэты падчас урока па прапанове настаўніцы падабралі старшакласнікі да першага слова. Дарэчы, са словам “памяць” звязана і традыцыйная грамадзянска-патрыятычная акцыя “Свяча памяці”, якая штогод праводзіцца ва ўстановах адукацыі Савецкага раёна сталіцы, у тым ліку і ў сярэдняй школе № 147.
Сваімі думкамі пра важнасць захавання гістарычнай памяці падзяліліся і ганаровыя госці адкрытага ўрока — намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык, намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Віталь Аляксандравіч Прыгодзіч, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, кіраўнік студыі ваенных мастакоў Мікалай Афанасьевіч Апіёк. Так, Віктар Віктаравіч Якжык засяродзіў сваё выступленне на лічбах, якія асабліва кранулі яго сэрца падчас знаёмства з ваеннай статыстыкай.

— Вядома, што падчас Вялікай Айчыннай вайны загінуў амаль кожны трэці беларус. 1 мільён 300 тысяч беларусаў ваявалі на франтах і 370 тысяч — у партызанскіх атра-дах. Больш за 300 тысяч з іх былі ўзнагароджаны ардэнамі і медалямі, у тым ліку атрымалі высокае званне Героя Савецкага Саюза. Асабліва мяне ўразіў той факт, што калі б пра кожнага загінуўшага беларуса аб’явілі хвіліну маўчання, то яна б доўжылася 318 гадоў. На вайне беларусы гінулі кожныя 6 секунд. Таму трэба памятаць пра тую цану, якая была ахвяравана дзеля нашага мірнага жыцця, разумець той подзвіг, які здзейснілі дзяды і прадзеды, подзвіг, які здзейсніў увесь савецкі народ. Усё гэта цудоўна разумеў Герой Беларусі Міхаіл Андрэевіч Савіцкі, што і адлюстроўваў у сваіх творах. Я не веру тым, хто гаворыць, што сучаснае маладое пакаленне не ведае вайны. Якраз беларускія дзеці вайну ведаюць, на ўзроўні моцнай гістарычнай памяці. Памятаюць праз сямейныя альбомы, праз аповеды бабуль і дзядуляў, памятаюць, калі ідуць па сталічнай плошчы Перамогі, стаяць каля вечнага агню, — зазначыў Віктар Віктаравіч.
Каб гэтая памяць ніколі не перарывалася, у кожным рэгіёне навучальны год стартаваў шэрагам карысных і важных спраў. Па словах намесніка міністра адукацыі, на працягу навучальнага года для захавання памяці пра подзвіг народа будуць праводзіцца навуковыя канферэнцыі, як абласныя, так і рэспубліканскія, вялікая колькасць спецыяльных выхаваўчых мерапрыемстваў. І абавязкова экскурсіі ў новы будынак музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Неад’емнай часткай выхаваўчых мерапрыемстваў стане клопат пра ветэранаў, добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў, помнікаў, абеліскаў.

— Не трэба забываць і вучэбны працэс. Урокі гісторыі ў гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамогі ў Вялікай Айчыннай вайны таксама павінны насіць асаблівы характар. На такіх занятках трэба абавязкова гаварыць і пра 70 мірных гадоў, у тым ліку 20 гадоў нашай незалежнасці. Навучэнцы, студэнты павінны разумець і памятаць, што сёння Беларусь — краіна стабільная, краіна, якая развіваецца, і заслуга ў гэтым нашых прадзедаў, сённяшняга пакалення, а таксама палітычнай волі кіраўніка дзяржавы, — адзначыў Віктар Віктаравіч.
Шчыры “дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны” яшчэ не аднойчы прагучыць у гэтым навучальным годзе. Экскурсіі, канферэнцыі, клопат пра ветэранаў, добраўпарадкаванне помнікаў і воінскіх пахаванняў — усё гэта стане неад’емнай часткай выхаваўчай работы, накіраванай на тое, каб гістарычная памяць і тыя лічбы, пра якія гаварылася ўчора ва ўстановах адукацыі ад Камянца да Хоцімска, ад Верхнядзвінска да Брагіна, ніколі не пакідалі наша сэрца.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.