Ліда стала культурнай сталіцай Беларусі

- 13:56Інфармацыйная гадзіна

Урачысты канцэрт на сцэне Палаца культуры ў Лідзе даў старт рэспубліканскай акцыі Культурная сталіца Беларусі — 2020”.

У час канцэрта былі прадстаўлены розныя эпізоды гісторыі горада. Урачыстай праграме папярэднічала выстава культурных асаблівасцей і дасягненняў Ліды. Яна аб’яднала мінулае і сучаснасць горада, прапанаваўшы гасцям інтэрактыўнае падарожжа па адной з яго найстарэйшых вуліц.

Таксама да свята быў выпушчаны канверт з арыгінальнай маркай “Ліда — культурная сталіца Беларусі — 2020”, на якім адлюстраваны выдатныя мясціны горада. Адбылося памятнае гашэнне маркі спецыяльным тэматычным штэмпелем.

Ліда стала адзінаццатым горадам, які атрымаў прэстыжны статус.

“Было некалькі прэтэндэнтаў на званне культурнай сталіцы. Але Ліда прэзентавала найбольш цікавую праграму, была высокая зацікаўленасць у тым, каб правесці акцыю, з боку мясцовых і абласных улад”, — адзначыла ў час цырымоніі адкрыцця акцыі першы намеснік міністра культуры Наталля Карчэўская. Ліда сёння ўваходзіць у бязвізавую зону, але вельмі важна, каб культурная сталіца стала прывабнай і для айчынных турыстаў.

Наталля Карчэўская ўручыла старшыні Лідскага райвыканкама Сяргею Ложачніку сімвал акцыі і сертыфікат “Ліда — культурная сталіца Беларусі — 2020”.

“Гэта ганаровы і вельмі адказны статус. Каляндар культурных падзей на гэты год насычаны. Мы імкнуліся, каб кожнае мерапрыемства было перш за ўсё цікавае гараджанам і гасцям горада”, — расказаў Сяргей Ложачнік. Ён падкрэсліў, што ў гэтым годзе ў Лідзе запланавана больш за 3 тысячы мерапрыемстваў міжнароднага, рэспубліканскага і мясцовага маштабаў.