Лідар года — 2018

Лідарам года стаў Ігар Новікаў, вучань 11 класа Лабжанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Клімавіцкага раёна. Віншаванні з перамогай ён прымаў ад міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Васільевіча Карпенкі падчас XI Нацыянальнага дзіцячага форуму “Мы — лідары Беларусі”. Гэта ўзнагарода стала для юнака гучным фінальным акордам школьнага жыцця.

За перамогу ў Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе “Лідар года — 2018” у фінале змагаліся 21 чалавек — пераможцы абласных і Мінскага гарадскога этапаў. Але журы аддало перавагу ініцыятыўнасці Ігара.

Хлопца вызначае гіперадказнасць да любой даручанай справы. Ён здольны вучань, вясёлы, камунікатыўны, мэтанакіраваны. Так кажуць пра яго педагогі і аднакласнікі. Актыўная жыццёвая пазіцыя Ігара праяўляецца літаральна ва ўсім. Юнак уваходзіць у склад маладзёжнага парламента Клімаўшчыны, з’яўляецца старшынёй савета музея, узначальвае школьную піянерскую дружыну і школьны маладзёжны офіс лідар-клуба “Сузор’е”, з’яўляецца галоўным рэдактарам школьнага часопіса “Класная гадзіна”.

У 2015 годзе Ігар скончыў школу валанцёраў і прайшоў практыку валанцёраў у НДЦ “Зубраня”, а цяпер удасканальвае ўменне дапамагаць іншым. У мінулым годзе ён стварыў праект шостага школьнага дня “Адважныя”, які заняў 1-е месца ў раённым этапе конкурсу ў намінацыі “Лепшая творчая ідэя арганізацыі шостага школьнага дня”, і 2-е месца — на абласным этапе. У праекце прынялі ўдзел навучэнцы яго школы з 4 па 11 клас, правёўшы інтэлектуальную і валанцёрскую спартакіяду.

На рахунку Ігара — шэраг іншых сацыяльных праектаў. Так, праект “Мультыпарк” рэалізоўваўся ў школьным летнім аздараўленчым экалагічным лагеры “Усмешка”. Праект “Лобжыкі” паспрыяў большай зацікаўленасці юных землякоў культурнай спадчынай. Апошні школьны званок для Ігара і яго аднакласнікаў празвініць ужо на наступным тыдні, таму замену сабе і іншым ініцыятыўным выпускнікам Ігар рыхтаваў загадзя, наладзіўшы работу лідар-клуба “Сузор’е” і ўключыўшы ў яго малодшых школьнікаў.

Хоць Ігар Новікаў і марыць звязаць сваё жыццё з педагогікай, спадзяецца, што гэта не перашкодзіць яму развівацца і як журналісту, таму актыўна здымае відэаролікі пра сваю малую радзіму, піша нататкі ў газеты.

“Хочацца верыць, што ў будучыні ў мяне будзе дастаткова энергіі, жадання, творчых сіл для працягу грамадскай работы. Хочацца зрабіць шмат добрага для сваёй краіны. Пачатак гэтаму я ўжо паклаў!” — гаворыць Ігар.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Ігара НОВІКАВА.