Лідар у пандэмію загартоўваецца

- 9:40Навіны рэгіёнаў

Работа з лідарамі пачынаецца яшчэ ў падлеткавым узросце, упэўнены ў Гомельскім абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі. З канца лістапада 2020 года тут рэалізуецца анлайн-праект па развіцці лідарскіх якасцей у падлеткаў “Прыступкі росту”.

Праект накіраваны на ўдасканаленне работы з лідарамі дзіцячых і маладзёжных арганізацый, аб’яднанняў, фарміраванне ў грамадскай і індывідуальнай свядомасці пазітыўнага вобраза юнага лідара.

Удзельнікамі анлайн-марафону сталі 26 старшыняў раённых саветаў старшакласнікаў з усіх раёнаў Гомельскай вобласці і Гомеля. З першага анлайн-падключэння стала зразумела, што перад маніторамі са­праўдныя лідары, якія гатовыя весці за сабой моладзь.

Дзеці па чарзе прадставіліся, расказалі пра свае захапленні, дасягненні, некаторыя прэзентавалі свае праекты і распрацоўкі па розных кірунках. У межах першага ўключэння трэба было прыняць сур’ёзнае рашэнне — выбраць старшыню абласнога савета старшакласнікаў.

Галасаванне прахо­дзіла ў Тэлеграм-канале “Прыступкі росту” ў два туры, па выніках якіх быў абраны лідар старшакласнікаў Гомельшчыны. Ім стаў навучэнец Гомельскай Ірынінскай гімназіі Уладзіслаў Паўлёнак. Дарэчы, канал створаны не толькі для галасавання. У ім вядзецца актыўная перапіска ўдзельнікаў марафону і вырашаюцца розныя тэхнічныя пытанні.

Наступны этап марафону — правядзенне трэнінгаў, семінараў для падлеткаў. Кожны месяц ментары ў фармацеанлайн право­дзяць семінары, практыкумы, майстар-класы па розных тэмах. Пасля гэтага ўдзельнікі марафону атрымліваюць дамашняе заданне, якое яны на працягу пяці дзён адпраўляюць на электронную пошту марафону. Па актыўнасці работы падчас анлайн-канферэнцыі, а таксама па выніках выканання дамашняга задання фарміруецца рэйтынг удзельнікаў, які ў адкрытым доступе публікуецца ў Тэлеграм-канале.

Фінал марафону адбу­дзецца сёлета ў маі ў фармаце анлайн. Калі ж пандэмія адступіць, то арганізатары абяцаюць прыняць лідараў — удзельнікаў марафону ў сценах Гомельскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі. Па выніках гэтага працяглага шляху кожны ўдзельнік марафону атрымае сертыфікат аб праходжанні трэнінгаў і каштоўныя прызы ад арганізатараў конкурсу. Удзельнік з самым высокім рэйтынгам будзе ўзнагароджаны спецыяльным прызам.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.