Лідарскі фармат

У аўторак у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі завяршыўся Нацыянальны дзіцячы форум “Дзеці Беларусі за моцную і квітнеючую Беларусь”. Яго ўдзельнікамі сталі 98 лідараў дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, органаў вучнёўскага самакіравання, члены дзіцячых і маладзёжных саветаў і парламентаў гарадоў, якія рэалізуюць ініцыятыву “Горад, дружалюбны да дзяцей”, удзельнікі заключнага этапу III Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Лідар года — 2014”. Падчас форуму былі ўзнагароджаны пераможцы і прызёры адкрытага рэспубліканскага конкурсу маладзёжных і сацыяльных праектаў “Нашы справы роднаму гораду!” і конкурсу “Лідар года — 2014”.

Адкрыў форум намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык і агучыў зварот міністра адукацыі Сяргея Аляксандравіча Маскевіча, дзе выказвалася спадзяванне на далейшае прадукцыйнае супрацоўніцтва з моладдзю, якая “валодае высокім інтэлектуальным патэнцыялам і сур’ёзнымі прафесійнымі, творчымі магчымасцямі, што актыўна садзейнічаюць развіццю краіны праз рэалізацыю сацыяльна значных праектаў”. Пра гэта гаварыла і дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільеўна Васільчанка. Гэтае супрацоўніцтва яна назвала прадукцыйным дыялогам паміж дарослымі і дзецьмі, вынікам якога стала рэалізацыя ў краіне буйных цікавых сацыяльна значных праектаў, прапанаваных дзецьмі.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў форуму, прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі Юрый Віктаравіч Аксамітны зазначыў: “Для Арганізацыі Аб’яднаных Нацый вельмі важна бачыць у вас партнёраў. Прыемна, што вы не толькі вызначаеце праблемы, але і дапамагаеце іх вырашаць. Хачу звярнуць увагу і на тое, каб вашы высілкі былі накіраваны на пазітыўнае вырашэнне пытанняў па прадухіленні ВІЧ/СНІДу, дзіцячага траўматызму і, як наступства, дзіцячай інваліднасці. Памятайце, што не ўсе дзеці знаходзяцца ў роўных умовах, ёсць дзеці і падлеткі, якія патрабуюць больш увагі. Сярод іх і дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, і падлеткі, якія па розных прычынах уцягнуты ў канфлікт з законам. І вельмі важна, каб вашы адносіны да іх, ваша работа садзейнічалі таму, каб яны будавалі сваю будучыню разам з вамі”.
Падчас дзіцячай канферэнцыі моладзь прадставіла свае погляды. “Лідарства як спосаб развіцця сацыяльнай актыўнасці маладзёжнай групы” — так гучала тэма выступлення Аляксандры Лаўровай, навучэнкі сярэдняй школы № 14 Салігорска Мінскай вобласці, намесніка старшыні парламента дзяцей і навучэнскай моладзі Салігорcка. “Работа парламента патрабуе ад удзельнікаў якасцей, якімі валодаюць лідары, — адзначыла дзяўчына. — А лідар — гэта чалавек, здольны павесці за сабой, прабудзіць інтарэс да справы. Але самае неабходнае — уменне зносін, уменне знайсці правільныя словы, запаліць сваёй ідэяй. Не трэба забывацца і пра здаровую крытыку, а калі яе баішся, лепш ніколі і нічога не рабіць. Лідара адрознівае і здольнасць бачыць перспектыву, здольнасць не здавацца ў выпадках, калі неабходна пераадолець перашкоды, у тым ліку непаразуменне і недавер равеснікаў. І любыя праблемы вырашальныя, калі ёсць зладжаная каманда”. Доказам таго, што Аляксандра мае сапраўдную каманду, сталі тыя станоўчыя змены, якія адбыліся ў горадзе за два гады — менавіта столькі часу ў горадзе рэалізуецца ініцыятыва “Горад, дружалюбны да дзяцей”.

Прыклад такой зладжанай каманды — і дзіцячы парламент Пінска Брэсцкай вобласці, які прадставіла яе ўдзельніца Ганна Блішчык. Яна расказала пра тыя сацыяльныя праекты, якія ўжо рэалізаваны ў яе горадзе. Гэта адкрыццё дзіцячых кафэ “Ласунак” і “Верона”, стварэнне скейт-парку, валанцёрскі клуб “Равеснік равесніку”. Падзялілася і тымі задумкамі, якія яны яшчэ толькі рыхтуюць да рэалізацыі.
Усе ўдзельнікі канферэнцыі мелі магчымасць папрацаваць на інтэрактыўных пляцоўках. Напрыклад, у пытаннях маладзёжнай праектнай дзейнасці яны разбіраліся разам са старшынёй Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА” Дзмітрыем Юр’евічам Субцэльным. Удзельнікі пляцоўкі прадставілі 14 праектаў самай рознай накіраванасці: экалогія, валанцёрства, сацыяльная работа, дабрачыннасць і іншыя. Мадэль паспяховага маладзёжнага праекта прадставіла маладзёжны лідар “Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА” Лізавета Капітонава. Яна агучыла свой погляд на тое, якім павінен быць паспяховы маладзёжны праект, каб яго аўтар мог разлічваць на атрыманне гранта для яго рэалізацыі, на тое, наколькі важна ў гэтай справе каманда і супрацоўніцтва. Менавіта такім з’яўляецца яе праект, які яна стварала сумесна са сваім паплечнікам Ягорам Стасэлькам “Першы крок разам” па падрыхтоўцы выхаванцаў дзіцячага дома № 7 Мінска да самастойнага жыцця.
Другі дзень форуму стаў самым хвалюючым для 21 фіналіста конкурсу “Лідар года” — па тры з кожнай вобласці і Мінска. Каб атрымаць гэтае званне, ім прыйшлося паспаборнічаць на “Flash-прэзентацыі” і ў “Двайным перформансе”, дзе трэба было паказаць артыстызм, гумар, уменне працаваць з аўдыторыяй і інш. У выніку творчых баталій “Лідарам года — 2014” стаў Арцём Смірноў, навучэнец сярэдняй школы № 2 Барысава (Мінская вобласць). 2 месца заняў Аляксей Юхімец, навучэнец Кадзінскай сярэдняй школы (Магілёўскі раён). Завяршыла тройку лідараў Ірына Дэйкала, навучэнка сярэдняй школы № 21 Баранавіч (Брэсцкая вобласць).

У конкурсе сацыяльных праектаў “Нашы справы роднаму гораду!” былі вызначаны пераможцы ў трох намінацыях. У намінацыі “Лідарскія арыенціры” перамог Уладзіслаў Левін, навучэнец гімназіі № 24 Мінска. Аўтарам лепшай “Flash-прэзентацыі” стала Яна Базылева, навучэнка сярэдняй школы № 62 Мінска. У намінацыі “Двайны перформанс” перамог Канстанцін Кулік, выхаванец гімназіі № 2 Ваўкавыска (Гродзенская вобласць).

 

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.