Лідарства пацверджана!

Пераможцай фіналу Рэспубліканскай спартакіяды па праграме зімовага мнагаборства “Абаронца Айчыны” сярод юнакоў дапрызыўнага і прызыўнога ўзросту зноў стала каманда Віцебшчыны.

Заключны этап спаборніцтваў па шматгадовай традыцыі прымала Наваполацкае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву. Двухдзённая праграма спартакіяды ўключала выпрабаванні ў трох відах спорту: стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, падцягванні на высокай перакладзіне і лыжных гонках на 5 кіламетраў. Як і ў мінулыя гады, лідарства адразу захапілі каманды Віцебска і Магілёва, якія па суме ачкоў значна апярэдзілі сапернікаў і сталі галоўнымі прэтэндэнтамі на перамогу. Да завяршэння лыжных гонак назваць уладальнікаў “золата” спартакіяды не браліся нават самыя адданыя балельшчыкі каманд — трэнеры, таму што шансы ў абодвух фаварытаў былі прыкладна роўныя. Лёс медалёў вырашылі чатыры ачкі, з якімі наперад вырваліся пераможцы: 1-е месца — Віцебская вобласць (1142 ачкі), 2-е месца — Магілёўская вобласць (1138 ачкоў). Для параўнання: адрыў ад уладальнікаў 3-га месца, каманды Гомельскай вобласці, склаў больш за 100 ачкоў (вынік гамяльчан — 992).

У асабістым заліку ў малодшай узроставай групе перамог Аляксандр Данілкаў (Магілёўская вобласць). На другой ступені п’едэстала — Кірыл Сеўрукоў, на трэцяй — Арцём Крыленка (абодва прадстаўлялі Віцебскую вобласць). Гонар Віцебшчыны абараняў і пераможца ў старшай узроставай групе Арцём Мацецкі. Па 121 ачку набралі Сяргей Жубаеў (Магілёўская вобласць) і Станіслаў Міхалішын (Гомельская вобласць). У такім выпадку, згодна з палажэннем аб правядзенні спаборніцтваў, пераможца вызначаецца па лепшым выніку, паказаным у стральбе. Яны склалі 38 і 26 адпаведна. Такім чынам, магіляўчанін заняў 2-е месца, а гамяльчанін замкнуў лідарскую тройку.

Па словах Кірылы Саракавіка, які прадстаўляў на спаборніцтвах Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, штогадовыя поспехі віцебскай і магілёўскай каманд невыпадковыя: абедзве маюць добрую лыжную базу і выдатныя трэнерскія калектывы. Сёлета вельмі прыемна парадаваў Брэст: у камандзе вобласці з’явілася некалькі моцных лыжнікаў. Прадстаўнік Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Васіль Барысаў асобна адзначыў Гродзеншчыну, дзе праводзіцца сістэмная мэтанакіраваная работа ў напрамку развіцця фізкультуры і спорту.

Спартакіяда па праграме зімовага мнагаборства “Абаронца Айчыны” актыўна садзейнічае не толькі ўмацаванню здароўя моладзі, прапагандзе фізкультуры і спорту, але і пошуку новых талентаў. Многія яе ўдзельнікі ў перспектыве становяцца навучэнцамі спецыялізаваных устаноў і займаюцца спортам прафесійна.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *