Лідарства — шлях да поспеху

Адной з першых ідэй, якія з’явіліся ва ўдзельнікаў Грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета, было правядзенне маштабнага форуму, які стаў бы пляцоўкай для ўзаемадзеяння студэнцкай моладзі, месцам, дзе задумкі пераўтвараюцца ў планы і праекты. І вось гэтае жаданне спраўдзілася — упершыню адбыўся Нацыянальны маладзёжны студэнцкі форум.

Першы Нацыянальны маладзёжны студэнцкі форум праходзіў на працягу двух дзён на базе аздараўленчага комплексу “Барок” у Валожынскім раёне. Мерапрыемства аб’яднала актыўных і ініцыятыўных студэнтаў — прадстаўнікоў усіх устаноў вышэйшай адукацыі краіны, кіраўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, членаў Грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета, маладзёжных лідараў, а таксама прарэктараў УВА.

На форуме студэнты пазнаёміліся з праектам “Стратэгія развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі Рэспублікі Беларусь 2030” і разгледзелі шэраг актуальных для моладзі пытанняў у рамках пяці секцый. Так, у секцыях абмяркоўвалі ролю маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў у фарміраванні сацыяльнай актыўнасці студэнцкай моладзі, сістэму ўзаемадзеяння органаў студэнцкага самакіравання і адміністрацый устаноў вышэйшай адукацыі, маладзёжны парламентарызм як форму рэалізацыі маладзёжнай палітыкі, работу ў сацыяльных сетках і ўзаемадзеянне са СМІ.

Цэнтральным мерапрыемствам форуму стала сустрэча студэнтаў з міністрам адукацыі. Тэмай для адкрытага дыялогу з моладдзю стала “Лідарства — шлях да поспеху!”. Ігар Васільевіч Карпенка заклікаў удзельнікаў мерапрыемства да актыўнага ўзаемадзеяння.

— Адукацыйны працэс сёння немагчыма будаваць у аднабаковым парадку. Мы павінны студэнта разглядаць як актыўнага суб’екта ў гэтым працэсе, які не толькі засвойвае праграму, але і ўдзельнічае ў яе фарміраванні, уплывае на павышэнне якасці адукацыі, — заявіў І.В.Карпенка. — Неабходна, каб студэнты ўключаліся ва ўсе працэсы жыццядзейнасці ўстаноў вышэйшай адукацыі, і не толькі ў вучэбную дзейнасць, але таксама ў выхаваўчую, сацыяльную, грамадскую.

Міністр адукацыі адзначыў, што студэнты неабыякавыя да таго, што адбываецца ў іх УВА і ў сістэме адукацыі ў цэлым. Яны праяўляюць вялікую цікавасць да таго, як фарміруецца вучэбны план, вучэбная праграма, якія дысцыпліны выкладаюцца і як яны абнаўляюцца, як ўдасканальваецца вучэбны працэс, як развіваецца студэнцкая навука. Гэтыя пытанні ўзнімаюцца Грамадскім рэспубліканскім студэнцкім саветам, гаварылі пра іх і на студэнцкім форуме. Таксама ўдзельнікі форуму цікавіліся, якія новыя спецыяльнасці з’явяцца ў найбліжэйшы час ва ўстановах вышэйшай адукацыі, ці будзе змяншацца колькасць бюджэтных месцаў і скарачацца тэрмін навучання ва УВА, пыталіся пра магчымасці міжуніверсітэцкага міжнароднага ўзаемадзеяння і пра многае іншае.

Ігар Васільевіч падрабязна адказаў на ўсе пытанні, а таксама падкрэсліў, што адукацыя — сістэма адкрытая, гатовая да дыялогу. І такі дыялог са студэнцтвам, з моладдзю будзе працягнуты.

— Гэта сістэмная работа, якая дапамагае нам мець прамы кантакт і зваротную сувязь, што дазваляе на больш высокім прафесійным узроўні выбудоўваць сістэму адукацыі.

Не раз падчас сустрэчы міністр падкрэсліваў важную ролю маладзёжных ініцыятыў і дыялогу моладзі з уладай. У пацвярджэнне сваіх слоў Ігар Васільевіч прапанаваў праводзіць Нацыянальны маладзёжны студэнцкі форум кожны год. Гэтую прапанову студэнты падтрымалі, тым больш што падчас работы форуму яны пераканаліся, што такое мерапрыемства патрэбна.

— Мы вельмі задаволены форумам. І хоць у нас было два дні, хочацца яшчэ больш часу для зносін. Моладзь наша актыўная, у розных УВА рэалізоўваецца мноства цікавых праектаў і ініцыятыў, і нам проста неабходна абменьвацца вопытам, — дзеліцца ўражаннямі старшыня Грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета Іван Рыбнікаў. — Радуе, што форум стане традыцыйным. Спадзяёмся, што з цягам часу будзем запрашаць на яго таксама студэнтаў з іншых краін, і мерапрыемства стане міжнародным.

У рамках форуму праходзіў таксама фінал Рэспубліканскага конкурсу “Валанцёр года — 2018”. У яго завочным этапе прынялі ўд зел 53 валанцёры. З іх былі выбраны 12 фіналістаў — прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў краіны. У фінале яны прадстаўлялі сябе і прэзентавалі свае праекты. Валанцёрам года стала Вольга Ляшчына, студэнтка 3 курса архітэктурнага факультэта БНТУ. Яна прадставіла праект, які стварыла разам з аднакурснікам Андрэем Шаблінскім. У конкурснай рабоце расказваецца пра валанцёрскія лагеры, якія на працягу многіх гадоў ладзяцца ў БНТУ. Дзейнасць валанцёраў у такіх лагерах прысвячаецца ахове гісторыка-культурнай спадчыны нашай краіны. Спачатку Вольга была адным з валанцёраў, а цяпер сама арганізоўвае лагеры. Узнагароды В.Ляшчыне і ўсім фіналістам уручыў міністр адукацыі І.В.Карпенка.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.