Лідары ў мастацкай творчасці і занятасці

- 11:23Навіны рэгіёнаў

У абласным Цэнтры творчасці на мінулым тыдні было шматлюдна. Сюды з’ехаліся дырэктары, намеснікі дырэктараў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з усёй вобласці. Нагодай для сустрэчы стаў адпаведны семінар. Традыцыйна два разы на год кіраўнікі гэтых навучальных устаноў збіраюцца разам, каб абмеркаваць зробленае і пазначыць перспектывы развіцця дадатковай адукацыі.

Як паведаміла метадыст Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Тамара Сідарэвіч, па многіх пазіцыях Магілёўшчына ў лідарах па краіне, шмат у рэгіёне і рэсурсаў для далейшага развіцця.
У вобласці назіраецца пазітыўная дынаміка праграмнага забеспячэння адукацыйнага працэсу. Ва ўстановах функцыянуюць 2100 аб’яднанняў па інтарэсах, штогод іх становіцца больш. Магілёўскія навучэнцы прымаюць актыўны і паспяховы ўдзел у рэспубліканскіх конкурсах і фестывалях. Педагогі займаюцца ўдасканаленнем свайго майстэрства, павышэннем прафесійнай кваліфікацыі.

Ва ўстановах укараняюцца інавацыйныя адукацыйныя праекты, вядзецца эфектыўная метадычная работа, выдаюцца метадычныя матэрыялы, зборнікі. Вобласць на верхніх пазіцыях у краіне па ахопе навучэнцаў мастацкай творчасцю, прычым 46 абласных творчых калектываў маюць званне “заслужаны”, “народны” або “ўзорны”.

Агульны ахоп занятасцю дзяцей на Магілёўшчыне таксама застаецца самым высокім у краіне і складае звыш 57 тысяч навучэнцаў. Хоць, як заўважыў дырэктар абласнога Цэнтра творчасці Леанід Мінаў, у гэтым станоўчым паказчыку ёсць і негатыўны фактар. У мінулым годзе колькасць дзяцей, якія наведваюць аб’яднанні па інтарэсах, была большай. У некаторых раёнах зніжэнне аказалася вельмі істотным.
— Дапускаць далейшую адмоўную дынаміку ў гэтым кірунку нельга, — заклікаў калег Леанід Мікалаевіч.
Асаблівая ўвага ў ходзе двухдзённага семінара ўдзялялася развіццю тэхнічнай творчасці. На цяперашні момант у рэгіёне няма адасобленай установы гэтага профілю, існуюць толькі адпаведныя аддзелы. Аднак і яны ёсць не ўсюды. Так, у Круглянскім, Краснапольскім, Клімавіцкім раёнах няма не тое што аддзела тэхтворчасці, а і аб’яднання па інтарэсах. Падобную сітуацыю вырашана было мяняць у лепшы бок.
На семінары кіраўнікам навучальных устаноў былі дадзены рэкамендацыі па планаванні і размеркаванні бюджэтных сродкаў, удасканаленні матэрыяльна-тэхнічнай базы, адбыўся абмен думкамі аб магчымасцях павелічэння форм пазабюджэтнай дзейнасці.
Не абышлося на семінары і без прыемных момантаў. Сваіх уладальнікаў знайшлі шматлікія прызавыя дыпломы абласных, рэспубліканскіх фестываляў, выстаў, конкурсаў, якія праводзіліся ў мінулым навучальным годзе.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.