Лідары XXI стагоддзя

- 11:52Навіны рэгіёнаў

Дзявяты раз актыўных юнакоў і дзяўчат сабраў у Гомельскім абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі абласны Форум лідараў дзіцячага і маладзёжнага руху “Лідары ХХІ стагоддзя: новы фармат”.

Фота да матэрыялу: Лідары XXI стагоддзя.Удзельнікамі форуму сталі больш за 150 юных актывістаў — прадстаўнікі абласнога Савета старшакласнікаў, дзіцячых і падлеткавых парламентаў, найбольш актыўныя члены Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, клубаў ЮНЕСКА, валанцёрскіх арганізацый і маладзёжных прэс-цэнтраў. Традыцыйна на ўрачыстым адкрыцці форуму з прывітальным словам да іх звярнуўся начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Парошын, а таксама прадстаўнікі розных грамадскіх аб’яднанняў. Затым адбылося ўзнагароджанне пераможцаў і прызёраў абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу творчых работ “Шляхам добрых спраў” у межах акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.

Працягнулася мерапрыемства работай секцый, арганізаваных у выглядзе адукацыйнай платформы пад назвай “Тэрыторыя real action”. Юнакі і дзяўчаты разышліся па сваіх кірунках, каб абмяркоўваць актуальныя тэмы і праблемы, выказваць ідэі і прадстаўляць свае праекты, удзельнічаць у трэнінгах і майстар-класах.

Члены абласнога Савета старшакласнікаў, дзіцячых і падлеткавых парламентаў сустрэліся з кіраўніцтвам галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама. Гэта нязменнае правіла форуму лідараў, якое С.І.Парошын заўсёды падтрымлівае. Такі дыялог з моладдзю не проста дае пазітыўны зарад, але і дазваляе пачуць, што сёння хвалюе навучэнцаў, аб чым яны мараць, да чаго імкнуцца.

Цікавая сустрэча чакала таксама членаў клубаў ЮНЕСКА Гомельскай вобласці і актывістаў валанцёрскага руху. У іх была магчымасць пазнаёміцца з дзейнасцю Еўрапейскай валанцёрскай службы, пра якую паведамілі непасрэдна яе прадстаўнікі — акурат на гэты момант яны знаходзіліся на стажыроўцы ў Беларусі, якую праходзілі ў офісе прасоўвання ініцыятыў.

Цікавай была работа секцыі для прыхільнікаў журналісцкага майстэрства — хлапчыкаў і дзяўчынак, якія ўваходзяць у абласны маладзёжны медыяклуб. Гэта сумесны праект абласнога Палаца творчасці і абласной арганізацыі РГА “Белая Русь”. Ён пачаў рэалізоўвацца не так даўно, і форум стаў добрай пляцоўкай для таго, каб абмеркаваць дзейнасць медыяклуба, паразважаць аб перспектывах развіцця маладзёжнай журналістыкі.

Не абышлі на форуме і 100-годдзе камсамола. У рамках адкрытага дыялогу “100 гадоў: наш след” адбылася сустрэча са старшынёй абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын Галінай Пашэд, якая ў 1985—1990 гадах была другім сакратаром Гомельскага гаркама камсамола, а таксама з першым сакратаром абкама БРСМ Ігарам Завалеем.

Асобная секцыя была прысвечана пытанням работы з моладдзю, прымянення інтэрактыўных тэхналогій у адукацыі і выхаванні. Вядучая роля ў ёй належала педагогам, якія каардынуюць работу з дзіцячымі і маладзёжнымі арганізацыямі.

Змястоўная частка форуму завяршылася панэльнай дыскусіяй “Маладзёжныя ініцыятывы на мясцовым узроўні” і прыняццем рэзалюцыі. А канчатковую кропку форумнаму дню паставіў міжкультурны вечар, на якім выступілі нямецкая рок-група Solche з горада Хемніц і творчыя калектывы абласнога Палаца творчасці.

Наталля ЛУТЧАНКА.