Лідары заяўляюць пра сябе

У Магілёве падвёў вынікі XXIV Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка­-2021” .
Яны сталі вядомыя толькі падчас цырымоніі ўзнагароджання.

Пераможцам у намінацыі “Лепшы анімацыйны фільм” абвешчаны “Зімовы піражок” навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах “Свет фарбаў” і “Сіла слова” (педагогі Алена Леўчанка і Алег Макушкін), а ў намінацыі “Лепшы беларускі анімацыйны фільм” — “Мой чароўны сябар” навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах “Свет фарбаў” і “Хобі-ART” (педагогі Алена Леўчанка і Надзея Барсукова). Усе пераможцы ажыццяўляюць сваю творчую дзейнасць пад дахам Гомельскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі.

У гэтай жа вядучай установе дадатковай адукацыі Гомельшчыны ў анлайн-фармаце прайшло першае арганізацыйнае пасяджэнне новага складу савета старшакласнікаў Гомельскай вобласці.

У яго ўвайшлі 25 чалавек з усіх раёнаў, 4 прадстаўнікі клуба “Лідар” абласнога Палаца творчасці, а таксама старшыня гомельскага гарадскога дзіцячага парламента. Усяго ў складзе абласнога савета старшакласнікаў Гомельскай вобласці 30 лідараў вучнёўскага самакіравання, актывістаў грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў з усіх куткоў Гомельскай вобласці.

На пасаду старшыні абласнога савета старшакласнікаў прэтэндавалі адразу сем падлеткаў. Кожны расказаў пра сябе і пра планы абласнога савета старшакласнікаў на будучы год. Пасля завяршэння выступленняў кандыдатаў адбыліся выбары. З вынікам 42,5% галасоў перамог Іван Будзяну, прадстаўнік Чыгуначнага раёна Гомеля. Другім па выніках галасавання стаў прадстаўнік Рэчыцкага раёна Аляксандр Івашчанка. Было прынята рашэнне абраць яго на пасаду намесніка старшыні абласнога савета старшакласнікаў Гомельшчыны.

У савеце старшакласнікаў створана чатыры камісіі: па адукацыі, школьным самакіраванні, узаемадзеянні з грамадскімі арганізацыямі і развіцці добраахвотніцкага руху; па эканоміцы, менеджменце, прадпрымальніцтве і прафарыентацыі школьнікаў; па грамадзянска-прававых пытаннях і прафілактыцы правапарушэнняў; па арганізацыі вольнага часу, папулярызацыі фізічнай культуры, спорту і турызму і прапагандзе здаровага ладу жыцця.

Намеснік дырэктара Палаца творчасці дзяцей і моладзі Ганна Торчык адзначыла, што лідарства пачынаецца са школьнай лаўкі:

— Вельмі важна, што ёсць неабыякавыя дзеці, якія хочуць актыўна ўдзельнічаць у жыцці не толькі сваіх устаноў адукацыі, але і ўсёй Гомельскай вобласці ў рамках рэалізацыі маладзёжнай палітыкі Рэспублікі Беларусь.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.