Сваім меркаваннем аб шляхах развіцця краіны з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” падзялілася дырэктар сярэдняй школы № 4 Светлагорска Лідзія Букіна, член Камуністычнай партыі Беларусі.
— Колькі сябе памятаю, заўсёды актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці. У школе ўзначальвала піянерскую дружыну, потым камітэт камсамола. Падчас вучобы на матэматычным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны мяне выбралі камсоргам групы. Пачаўшы свой працоўны шлях як настаўніца матэматыкі і інфарматыкі, таксама не заставалася ў баку ад грамадскіх спраў. Удзельнічала ў рабоце нашага прафсаюзнага аб’яднання, а ў 2010 годзе ўступіла ў Камуністычную партыю Беларусі.
Лічу, што актыўная грамадзянская пазіцыя, жаданне быць у цэнтры падзей дасталіся мне ў спадчыну ад майго дзеда Уладзіміра Лявонцьевіча Гулая. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, ён быў яшчэ юнаком, але не стаў адседжвацца ў хаце, пайшоў у партызаны. Пасля вызвалення нашага краю далучыўся да Чырвонай Арміі, у складзе артылерыйскага палка дайшоў да Германіі, потым удзельнічаў у Маньчжурскай аперацыі. Быў узнагароджаны медалямі “За адвагу”, “За вызваленне Кёнігсберга”, ордэнам Славы. Калі вярнуўся з фронту дадому — узначаліў калгас, адраджаў родную вёску Артукі Рэчыцкага раёна. Рабіў сваю справу з усёй адказнасцю і сумленнасцю. Можна сказаць, быў на перадавой і ў ваенны, і ў мірны час.
Як паказала жыццё, шлях развіцця нашай краіны паспяховы і перспектыўны.
Нашы гераічныя продкі абаранілі краіну, падарылі нам шчасце быць гаспадарамі на сваёй зямлі. Вельмі цяжка было адбудаваць тое, што знішчыў за гады акупацыі вораг, але нашы дзядулі і бабулі гэта зрабілі, іх справу працягнулі нашы бацькі. Мы іх не падвялі, у цяжкія 90-я гады не разбурылі бяздумна тое добрае, што было створана ў савецкі час, захавалі лепшае і з апорай на яго рухаемся наперад.
Вельмі важна, што мы захавалі даступнасць і высокую якасць адукацыі, якія былі ўласцівы савецкай школе. Не адмовіліся ад традыцый выхавання падрастаючага пакалення, заснаваных на нашых культурных кодах, маральных каштоўнасцях, веданні праўды гісторыі і недапушчальнасці яе перапісвання. На новы ўзровень выйшла ваенна-патрыятычнае выхаванне дзяцей і моладзі, валанцёрская дзейнасць. Так, вучні нашай школы клапоцяцца аб помніках Вялікай Айчыннай вайны, дапамагаюць пажылым людзям, апякаюць дзетак са Светлагорскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, сацыяльна-педагагічнага цэнтра Светлагорскага раёна. Рыхтуемся прыняць актыўны ўдзел у навагодніх дабрачынных акцыях “Нашы дзеці” і “Ад усёй душы”.
Выдатна і тое, што краіна працягвае тыя моцныя традыцыі сацыяльнай падтрымкі людзей, якімі па праве ганарыўся Савецкі Саюз. Мы справядліва адзначаем, што Рэспубліка Беларусь — гэта сацыяльна арыентаваная дзяржава, якая клапоціцца аб усіх катэгорыях сваіх грамадзян. Так, маладыя спецыялісты, якія прыходзяць працаваць у нашу школу, абаронены не толькі Працоўным кодэксам, але і асобнымі гарантыямі згодна з калектыўным дагаворам, унутранымі дакументамі, пагадненнямі. Шмат ільгот прадугледжана для мнагадзетных сем’яў. Прыемна адзначыць, што некаторыя нашы педагогі з гэтай катэгорыі змаглі датэрмінова выкарыстаць сямейны капітал для вырашэння жыллёвага пытання.
Работнікі старэйшага пакалення, якія працягваюць працаваць пасля дасягнення пенсіённага ўзросту, вельмі задаволены нядаўнім Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, згодна з якім з 1 студзеня 2025 года знімаюцца абмежаванні памеру пенсіі працуючым пенсіянерам. Гэта яшчэ адзін паказчык таго, што краіна не спыняецца на дасягнутым, прымаюцца новыя сацыяльныя рашэнні ў інтарэсах людзей.
За гады незалежнасці Беларусь прайшла каласальны шлях, разам мы змаглі зрабіць вельмі шмат. Ёсць чым ганарыцца і што перадаць маладому пакаленню. Гэта трэба цаніць, абараняць, быць сапраўднымі грамадзянамі і патрыётамі сваёй Радзімы. Як паказвае наша гісторыя, калі мы адзіныя, дружныя, неабыякавыя — нам усё па сілах!
Аксана МЫЦЬКО