Беларусь не баіцца экзітполаў. Аб гэтым заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў час анлайн-канферэнцыі аб ходзе прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі на сайце БелТА.
“Наша краіна не баіцца экзітполаў. Яны праводзяцца кожныя прэзідэнцкія выбары”, – сказала кіраўнік ЦВК.
Паводле яе слоў, для правядзення экзітполаў неабходна мець акрэдытацыю. “Для гэтага трэба атрымаць адпаведную акрэдытацыю ў камісіі, якая створана пры Савеце Міністраў, працуе на базе Нацыянальнай акадэміі навук”, – растлумачыла Лідзія Ярмошына. Прэтэндэнты на правядзенне экзітполаў павінны абавязкова прадставіць доказы таго, што члены каманды прафесійна валодаюць методыкай правядзення сацыялагічных апытанняў. Тыя, хто праводзіць апытанні, павінны мець адпаведныя бэйджы і дакументы.
Выказваючы сваё стаўленне да практыкі апытанняў, Лідзія Ярмошына заўважыла, што схільна давяраць даным экзітполаў. “Лічу, што калі гэта мерапрыемства праводзіцца сумленна і ў адпаведнасці з агульнапрынятымі методыкамі, то яно сапраўды дае вынік, блізкі да таго, які потым пакажуць выбарчыя камісіі”, – адзначыла старшыня Цэнтрвыбаркама.
Старшыня Цэнтрвыбаркама ў час анлайн-канферэнцыі заявіла, што поўнасцю давярае выбарчым камісіям. “Я веру нашым выбарчым камісіям і бачу, што туды трапляюць нашы лепшыя грамадзяне”, – сказала кіраўнік ЦВК. Яна лічыць, што самая галоўная гарантыя сумленнасці выбараў – сумленнасць выбарчай камісіі.
Гаворачы аб фарміраванні складу выбарчай камісіі, Лідзія Ярмошына падкрэсліла, што для гэтай работы выбіраюцца кандыдаты, якія найбольш падыходзяць, – людзі, добра вядомыя ў грамадстве са станоічага боку, на якіх абапіраюцца і ў працоўных калектывах, і ў грамадскай дзейнасці.
“Апазіцыі неабходна прыцягваць прыстойных, законапаслухмяных грамадзян, якія маюць добрую працоўную біяграфію, добрыя грамадскія сувязі, і тады ўсё будзе ў парадку”, – рэзюмавала старшыня Цэнтрвыбаркама.
Лідзія Ярмошына лічыць, што ў кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта Беларусі ёсць шмат магчымасцей для перадвыбарнай агітацыі.
Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу, што Выбарчы кодэкс Беларусі вызначае толькі агульныя моманты і прынцыпы вядзення перадвыбарнай агітацыі. Тут усё залежыць ад саміх кандыдатаў. “Гэта значыць, магчымасцей шмат, але, напэўна, сіл у іх малавата, малавата чалавечага рэсурсу, актыву, які працуе ў гэтых камандах і гатовы агітаваць. Магчыма, што і людзі ёсць, але здольнасцей у іх няма”, – адзначыла яна.
Паводле слоў старшыні ЦВК, ёсць вельмі шмат суб’ектыўных фактараў, якія перш за ўсё вызначаюцца тым, што, у прынцыпе, каманды і Таццяны Караткевіч, і Мікалая Улаховіча не вельмі актыўна прымалі ўдзел у палітычным жыцці да выбараў. “У іх няма вялікіх традыцый вядзення палітычнай дыскусіі”, – сказала Лідзія Ярмошына. Разам з тым яна адзначыла, што Сяргей Гайдукевіч, яго каманда і па-за выбарамі пастаянна нагадваюць аб сабе. “У гэтым плане ім праводзіць агітацыйную работу прасцей”, – дадала старшыня ЦВК.
Мясцовыя ўлады прадаставілі ў час прэзідэнцкай кампаніі 2015 года вельмі шырокія магчымасці для збору подпісаў і агітацыі, заявіла Лідзія Ярмошына.
“Больш за ўсё абрадавалі мясцовыя іўлады. Не толькі ў Мінску, але і ў невялікіх гарадах і вёсках былі прадастаўлены дэмакратычныя ўмовы для збору подпісаў. У 2010 годзе гэтых месц для пікетаў, калі гэта датычылася не Мінска, а нейкага невялікага горада і нават абласнога цэнтра, было намнога менш, абмежаванняў дзейнічала значна больш. На гэты раз умовы былі лепшыя. Я сказала б, што лепшыя і рашэнні па адвядзенні месц для сустрэч цяпер (на этапе агітацыі. – Заўвага БелТА.)”, – сказала Лідзія Ярмошына.
Акрамя таго, яна адзначыла, што цяперашняя кампанія значна “больш ветлівая” ў параўнанні з той, што была ў 2010 годзе. “Нават яўныя фальсіфікацыі, якія былі дапушчаны пры зборы подпісаў у адносінах да прэтэндэнта Цярэшчанкі, не могуць зраўнавацца з тымі фальсіфікацыямі, якія дапусціў патэнцыяльны прэтэндэнт з Віцебска (удзельнік этапу збору подпісаў кампаніі-2010. – Заўвага БелТА.). Ён наогул прадставіў ліпавыя падпісныя лісты, акрамя 600 подпісаў. Група Цярэшчанкі спрацавала больш добрасумленна”, – дадала кіраўнік ЦВК.
Лідзія Ярмошына лічыць, што цяперашнія кандыдаты будуць даносіць да выбаршчыкаў станоўчы мэседж. “У 2010 годзе і крытыка, і агітацыя шэрага кандыдатаў мелі дэструктыўны характар і былі накіраваны, у прынцыпе, на дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне”, – адзначыла Лідзія Ярмошына.
Некаторыя палітычныя сілы ў Беларусі працуюць на адмоўную ацэнку выбараў з боку міжнародных наглядальнікаў, заўважыла Лідзія Ярмошына.
“Гэта перш за ўсё апазіцыйныя палітыкі, асабліва тыя, хто не змог удзельнічаць у выбарах або выбыў з першага этапу выбарчай кампаніі, не здолеўшы сабраць патрэбную колькасць подпісаў. Для іх адмоўныя вынікі з’яўляюцца пазітыўным момантам. На гэта яны і будуць працаваць”, – растлумачыла Лідзія Ярмошына.
Адказваючы на пытанне, ці ёсць шанцы, што па выніках гэтай выбарчай кампаніі будзе пераламана нейкая шаблоннасць падыходаў адносна Беларусі з боку міжнародных арганізацый, старшыня Цэнтрвыбаркама адказала, што ЦВК працавала і будзе працаваць як звычайна, на тое, каб ацэнка выбараў была са знакам “плюс”. Гэта значыць, каб у заключэнні быў абазначаны прагрэс, а не рэгрэс. “Мне вельмі хацелася б адказаць пазітыўна, з упэўненасцю. Але я не магу рабіць ацэнку за зусім іншых людзей, у якіх задачы адрозныя ад маіх”, – звярнула ўвагу яна.
Кандыдаты на пасаду Прэзідэнта не абавязаны прадстаўляць у ЦВК перадвыбарныя праграмы, . адзначыла ў час анлайн-канферэнцыі старшыня Цэнтрвыбаркама.
Лідзія Ярмошына адзначыла, што яна знаёміцца з перадвыбарнымі праграмамі кандыдатаў толькі ў якасці выбаршчыка. Паводле яе слоў, кандыдаты не прадстаўляюць у Цэнтральную выбарчую камісію перадвыбарныя праграмы і не абавязаны гэтага рабіць. “Закон дае ім магчымасць апублікаваць сваю перадвыбарную праграму – але гэта права, а не абавязак. У прынцыпе, кандыдат можа быць і без перадвыбарнай праграмы. Ніхто яго за гэта не пакарае і не здыме з рэгістрацыі, гэта вырашае выбаршчык”, – растлумачыла яна.
“Таму я пакуль не магу параўнаць праграмы. Больш таго, калі б і магла, я не стала б гэтага рабіць, таму што любое параўнанне – гэта ўжо агітацыйная дзейнасць, якая забаронена мне па законе”, – дадала старшыня Цэнтрвыбаркама.
Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына лічыць, што ў Беларусі не трэба спяшацца з пераходам на дыстанцыйнае галасаванне.
“Думаю, частка грамадства гатова да пераходу на дыстанцыйнае галасаванне, частка – не. Вядома, моладзь, якая ўмее карыстацца інтэрнэтам і адчувае сябе там вельмі камфортна, гатова галасаваць дыстанцыйна. Што датычыцца старэйшага пакалення, пажылых людзей, думаю, яны не гатовы да гэтага. Але яны, дарэчы, з’яўляюцца тымі самымі актыўнымі выбаршчыкамі, таму трэба арыентавацца і на іх”, – лічыць старшыня ЦВК.
Яна лічыць, што да пераходу на такую форму галасавання трэба правесці вельмі якасныя грамадскія апытанні, а можа, і кансультатыўны рэферэндум, каб высветліць меркаванне выбаршчыкаў, таму што проста перайсці да гэтай формы галасавання было б паспешным рашэннем.
Лідзія Ярмошына таксама адзначыла, што лічыць неабходным захаваць у краіне датэрміновае галасаванне. “Думаю, нам трэба змагацца за галасы выбаршчыкаў, а не адхіляць магчымасці, каб людзі маглі прагаласаваць у зручны час і ў зручнай для іх форме”, – сказала яна.
Наконт падліку галасоў старшыня ЦВК нагадала: цяпер у законе з’явілася норма, якая ўстанаўлівае, што выбарчыя бюлетэні па ўсіх скрынях для галасавання павінны падлічвацца асобна. “Падлік галасоў пачынаецца з таго, што распячатваецца першай скрыня для датэрміновага галасавання і падлічваюцца ўсе бюлетэні, якія знаходзяцца ў ёй. Затым распячатваюцца скрыні для галасавання, якія выкарыстоўваліся пры наведванні выбаршчыкаў дома. Трэцяй, апошняй, распячатваецца скрыня, якая выкарыстоўвалася ў дзень выбараў. Такім чынам, раздзельная працэдура падліку галасоў дае магчымасць улічваць і рабіць галоснай тую колькасць выбаршчыкаў, якія прымалі ўдзел у датэрміновым галасаванні”, – растлумачыла Лідзія Ярмошына.
Выбары Прэзідэнта Беларусі пройдуць 11 кастрычніка. Прагаласаваць датэрмінова можна будзе з 6 па 10 кастрычніка – з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00.
У Беларусі створаны надзейны механізм прадухілення двайнога галасавання, заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў час анлайн-канферэнцыі.
“Двайное галасаванне магчыма толькі ў выглядзе правакацый. Ні адзін выбаршчык, нават калі ён вельмі варожа ставіцца да ўлады, гэтых дзеянняў не ўчыняе, разумеючы, што яны незаконныя. Таму гаварыць аб тым, што гэта складае нейкую праблему нават у маральным сэнсе слова, не даводзіцца. Што ж датычыцца юрыдычнага аспекту, то самай надзейнай гарантыяй з’яўляецца ажыццяўленне галасавання на аснове пашпарта, які змяшчае штамп аб рэгістрацыі”, – сказала Лідзія Ярмошына.
Яна адзначыла, што прадастаўляць для галасавання замест пашпарта можна і іншыя дакументы (ваенны або студэнцкі білеты, пенсійнае пасведчанне, пасведчанне дзяржслужачага). “Але зноў-такі, для таго каб прагаласаваць па гэтых дакументах, трэба абавязкова быць уключаным у спіс для галасавання. А ў іх уключаюцца грамадзяне па месцы рэгістрацыі”, – растлумачыла кіраўнік ЦВК.
Лідзія Ярмошына падкрэсліла, што ў рэспубліцы існуе прамая забарона галасаваць не па месцы рэгістрацыі. “Ужо гэта з’яўляецца гарантыяй таго, што выбаршчык не прагаласуе двойчы”, – канстатавала старшыня Цэнтрвыбаркама.