Ліга інтэлектуальных чэмпіёнаў

- 12:24Выхаваўчая прастора

21—22 лютага 2015 года ў Жодзіне Мінскай вобласці адбыўся Міжнародны турнір “Нацыянальны кубак Рэспублікі Беларусь па інтэлектуальных гульнях сярод школьнікаў”, у якім прынялі ўдзел 20 каманд з 11 гарадоў Рэспублікі Беларусь, а таксама каманды з Казані, Санкт-Пецярбурга і Рыгі (24 каманды, 144 удзельнікі). Беларускія каманды-ўдзельніцы маюць дастаткова высокі рэйтынг у турнірных табліцах; каманды з Расіі і Латвіі таксама з’яўляюцца лідарамі ў школьным інтэлектуальным руху сваіх краін.

“Нацыянальны кубак” сабраў амаль усе наймацнейшыя школьныя каманды Рэспублікі Беларусь бягучага навучальнага года. Яны ўжо маюць пуцёўку на красавіцкі фінал ХХІІ Рэспубліканскага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях, і турнір стаў для іх сур’ёзнай праверкай — як па вельмі высокім узроўні канкурэнцыі, так і па фізічных і псіхаэмацыянальных нагрузках.
Усе замежныя госці прыехалі з намерам перамагаць. Абедзве каманды з Рыгі носяць тытулы чэмпіёнаў і прызёраў адкрытых чэмпіянатаў Латвіі і Эстоніі. Каманда з Санкт-Пецярбурга — прызёр школьнага сінхроннага чэмпіянату Расіі і Міжнароднага турніру “Паўднёвы вецер” (Краснадар). Адным з галоўных фаварытаў Нацыянальнага кубка прызнавалася расійская каманда “Моладзь Казані” — пераможца міжрэгіянальнага фестывалю для школьнікаў “Адкрыты кубак Хамоўнікаў-2015” (Масква).
Сярод беларусаў вылучалі некалькі каманд, не гатовых уступаць замежным равеснікам. Гэта пераможцы турніраў серыі Вялікага шлема ў Беларусі з Мінска, Гомеля, Мазыра, Ліды, Віцебска і прызёры чэмпіянату 2014 года сярод 9-х класаў з Мазыра, Мінска, Салігорска, Жодзіна, Чэрвеня.
Удзельнікі паказалі свой інтэлект, кемлівасць і эрудыцыю ў пяці турнірных спаборніцтвах. Вельмі роўныя вынікі аказаліся ў табліцы эксперыментальнай гульні “Медыясюрпрыз”. Сапраўды, многія наймацнейшыя нечакана ўступілі.
У каманднай гульні “Свая гульня”, наадварот, тройка прызнаных лідараў у спаборніцтве на эрудыцыю адарвалася ад бліжэйшых дзвюх латвійскіх каманд на сотню балаў. Рыжане на працягу ўсяго турніру часта займалі месцы ў першай дзясятцы, але трапіць у прызёры ім не пашанцавала.
У гульні “Эрудыт-квартэт” нават пасля 120 пытанняў давялося праводзіць “залатую гульню” за апошнюю пуцёўку ў фінал сярод трох (!) каманд. Шчаслівы білет у Мінска і Ліды выйграла каманда з Гомеля (“Залатая антылопа”; педагог С.Л.Лешчанка), але ў фінальнай гульні ўтрымацца ў прызёрах удачы ўжо не хапіла.
Гульня “Брэйн-рынг”, якую так любяць і культывуюць у Беларусі, паказала важнасць вопыту гульні перад простым наборам ведаў. З замежнікаў толькі татарам удалося ўвайсці ў 1/4 фіналу, але ім выпала нялёгкае жэрабя гуляць на выбыванне супраць мінскага “Фрэгата”, які атрымаў валявую перамогу. Стандартнай у плэй-оф была сітуацыя, калі пры роўным ліку патрабавалася вырашальнае пытанне. Двойчы — у паўфінале і ў гульні за 3 месца — крыўдна ўступіла ў рэакцыі каманда з Салігорска.
Гульня “Што? Дзе? Калі?” — галоўная гульня знатакоў — шмат у чым вырашыла лёсы ўладальнікаў абодвух кубкаў. Першым пачала ісці ў адрыў ад пелетону “Моладзь Казані”, за ёй у пагоню рынуўся мінскі “Фрэгат”. Аддаліўшыся ад пераследнікаў, да самага фінішу яны ішлі, змяняючы адна адну. Вырашальны адказ застаўся за беларусамі. У моцнай барацьбе сярод десяці каманд за бронзавую прыступку поспех прыйшоў да каманды Ліцэя БДУ.

Канстанцін БУСАЎ,
загадчык сектара аддзела ўзаемадзеяння з дзіцячымі і маладзёжнымі
грамадскімі аб’яднаннямі і развіцця
дзіцячых ініцыятыў НЦМТДіМ.