Ліхтарык у дапамогу

- 14:28Портфолио

З году ў год павялічваецца колькасць дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, у якіх, як правіла, назіраецца зніжэнне ўвагі, памяці і цікавасці да арганізаванай дзейнасці, а таксама праблемныя паводзіны. 

Усё гэта істотна абцяжарвае карэкцыйную работу. Даво­дзіцца пастаянна шу­каць новыя спосабы, каб зацікавіць і навучыць дзяцей чаму-небудзь. Важную ролю ў карэкцыйнай рабоце адыгрываюць гульні. Сярод іх вылучаюцца лагапедычныя гульні з ліхтарыкам, цікавыя, простыя і даступныя для выхаванцаў. Ліхтарык выкарыстоўваецца з мэтай павышэння матывацыі да выканання заданняў, накіраваных на карэкцыю гукавымаўлення і развіццё лексіка-граматычных катэгорый. 

Такія гульні станоўча ўплываюць на эмацыянальны стан дзяцей і дапамагаюць хутчэйшаму ўключэнню ў дзейнасць і лягчэйшаму засваенню матэрыялу. Навучанне праходзіць нязмушана і непрыкметна: дзеці не займаюцца, а гуляюць у чараўнікоў. Усё гэта адбіваецца на выніковасці карэкцыйнай дзейнасці. 

Прымяняю гульні на групавых занятках пры вывучэнні лексічных тэм, на індывідуальных занятках па фарміраванні маўленчага боку мовы, у падгрупавой і індывідуальнай рабоце з дзецьмі ў другой палове дня, а таксама ў сумеснай рабоце дзяцей і бацькоў дома па заданні настаўніка-дэфектолага. 

Гульні з ліхтарыкам вельмі простыя. Для іх трэба пада­браць сюжэтныя і прадметныя малюнкі, адпаведныя мэце, склеіць іх паміж сабой, схаваўшы прадметны малюнак унутры. Атрымліваецца набор аднолькавых картак з сюжэтным малюнкам, а ўнутры — розныя прадметныя малюнкі. 

Для таго каб убачыць і назваць неабходны прадмет, трэба падсвяціць яго ліхтарыкам з адваротнага боку. Для дзяцей гэта выглядае амаль чараўніцтвам.

Гульня “Што пад сасной?” накіравана на аўтаматызацыю гука [с] у словах, фразах, сказах. Перад выхаванцам — некалькі аднолькавых картак з намаляванай сасной. Унутры схаваны прадметныя малюнкі, назва якіх змяшчае [с]. Дзіця прасвеч­вае картку ліхтарыкам, пад сасной з’яўляецца прадмет, які трэба назваць, а пры неабходнасці яшчэ выканаць дадатковыя заданні (падабраць прыкмету, прыдумаць сказ). 

Па такім жа прынцыпе дзеці гуляюць у іншыя падобныя гульні: “У Соні ў сумцы” і “Пасылка” (аўтаматызацыя гука [с]), “У Нуліка ў тэлефоне” (аўтаматызацыя гука [л’]), “Грузавік вязе груз” (аўтаматызацыя гука [р]). 

Гэтыя гульні вельмі эфектыўныя на этапе аўтаматызацыі гукаў: дазваляюць адпрацоўваць маўленчы матэрыял шматразова і ў розных варыянтах, не зніжаючы цікавасці выхаванцаў. 

На этапе дыферэнцыяцыі дзеці з дапамогай ліхтарыка выбіраюць неабходныя малюнкі, адначасова замацоўваючы ўменне правільна вымаўляць гукі і адрозніваць іх ад іншых (гульні “Кінакадры”, “Кенгуру”, “Вайсковы парад”).

На занятках па фарміраванні лексіка-граматычных катэгорый выкарыстоўваю гульні “Назаві сок” і “Марожанае” (карткі з выявай каробкі соку і марожанага, а ўнутры — малюнкі прадуктаў для ўтварэння прыметнікаў), “Дзе кошка?” (сюжэтны малюнак двара, унутры ўклеены выявы кошкі ў розных месцах двара), “Адзін — многа” (намаляваны ­адзін прадмет, уклеена многа).

Гульні з ліхтарыкам можна рэкамендаваць таксама пры азнаямленні дашкольнікаў з навакольным светам, падрыхтоўцы да навучання пісьму, знаёмстве з матэматычнымі ўяўленнямі. 

Вольга ДЗЕЛЕН, 
настаўнік-дэфектолаг Пагост-Загародскага ясляў-сада Пінскага раёна.