Журналістыка павінна адлюстроўваць грамадскую думку аб выбары будучыні краіны. Такое меркаванне выказала міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч на адкрыцці IV Форуму маладых журналістаў “Агульны погляд у будучыню. Журналістыка: выбар маладых”.
“Нацыянальнае інфармацыйнае поле ўяўляе шырокі спектр меркаванняў усіх жыхароў краіны. Вельмі важна, каб журналістыка фарміравала грамадскую думку, якую краіну мы хочам выбіраць. Вядома, мы хочам яе бачыць моцнай, упэўненай, працвітаючай. Будучыня краіны ў руках і маладых журналістаў. Сёння мы робім стаўку на моладзь у прамысловасці, аграрным сектары, у журналістыцы гэтыя працэсы тоесныя. Гэта прафесія – адказная, высокаграмадзянская. За кожным радком, словам стаіць журналіст. Важна, каб ён быў асобай. Тады ён будзе прытрымлівацца сумленнай журналістыкі, тварыць у імя краіны, сваіх гледачоў, чытачоў, слухачоў”, – лічыць міністр інфармацыі Лілія Ананіч.
У форуме прымаюць удзел амаль 150 маладых журналістаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Для іх арганізаваны трэнінгі на базе вядучых рэспубліканскіх СМІ. Пленарнае пасяджэнне адбудзецца 23 верасня. Запланавана ўручэнне ўзнагарод пераможцам у намінацыях “Лепшы рэпарцёр”, “Лепшы аглядальнік”, “Лепшы вядучы радыёпраграм”, “Лепшы вядучы тэлепраграм”, “Лепшы фотакарэспандэнт”. Заснавальнік прэміі – Беларускі саюз журналістаў. Таксама на форуме праходзіць работа па дзвюх тэматычных сесіях: “Палітычная журналістыка сёння: аб’ектыіўнасць і прапаганда” і “Як гаварыць аб эканоміцы даходліва і цікава”. Заключным мерапрыемствам стане панэльная дыскусія “Журналістыка вачамі маладых”, якая пройдзе ў форме адкрытых дэбатаў.