Лілія Фядзечка: сям’я — гэта тое, што патрабуе вялікай працы, адданасці, цярпення і мудрасці

- 9:00Главная, Новости

“Сям’я — гэта самае дарагое, што можа быць у чалавека. Тое, што патрабуе вялікай працы, адданасці, цярпення і мудрасці”. Лілія Феафанаўна Фядзечка з Дзяржынскага раёна ведае цану кожнага агучанага ёй слова. Яна выхавала чацвёра біялагічных і дзявяцера прыёмных дзяцей, прычым змагла з’яднаць іх. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У сорак гадоў жыццё толькі пачынаецца?

З дачкой Софіяй

Не падумайце, што да гэтага ўзросту Лілія Феафанаўна не паспела дасягнуць пэўных поспехаў. Яна скончыла інстытут замежных моў, атрымала дыплом настаўніка нямецкай мовы. Падчас вучобы была актывісткай студэнцкага атрада, наведвала заняткі па народных танцах, працавала ў піянерскіх лагерах. Настаўніцкі шлях пачынала ў роднай школе ў вёсцы Татаршчына на Дзяржыншчыне, працягнуўшы педагагічную дынастыю. Маці — Софія Ануфрыеўна Козіч — была яе першай настаўніцай, а потым пэўны час калегай. Ліліі Феафанаўне акрамя ўрокаў нямецкай мовы даверылі выхаваўчую работу на пасадзе педагога-арганізатара.

Далейшы жыццёвы шлях непарыўна звязаны з вёскай Новыя Навасёлкі, што таксама ў Дзяржынскім раёне, дзе сям’я жыве і зараз. Тут у 1980 годзе адкрыўся дзіцячы сад, і наша гераіня ўзначаліла ўстанову. Была загадчыцай 16 гадоў, прычым у другой палове дня, калі было неабходна, станавілася выхавальніцай. Дзейнасць установы была паспяховай: Лілію Феафанаўну запрашалі на раённыя канферэнцыі, на базе сада прахо­дзілі раённыя семінары. Аднак ёй хацелася вярнуцца ў школу…

“Я вырашыла атрымаць адукацыю псіхолага, паступіла ў БДПУ імя Максіма Танка. Было мне 40 гадоў. У сям’і падрасталі тры дачкі — Алена, Вольга і Софія. І нараджэнне сына падчас вучобы стала сапраўдным падарункам, асабліва для мужа”, — усміхаецца суразмоўніца.

Атрыманыя веды Лілія Феафанаўна адразу пачала прымяняць на практыцы: стварыла арт-псіхалагічны тэатр у вясковай школе. Разам з навучэнцамі праводзілі тыдні псіхалогіі, рабілі пастаноўкі, праз якія яна імкнулася данесці да дзяцей простыя і такія важныя ісціны: што такое любоў, павага, давер, паразуменне, прыняцце. Да таго ж вяла ўрокі нямецкай мовы.

Зберагчы дзіцячую душу

Лілія Феафанаўна заўсёды марыла аб вялікай сям’і. Пры гэтым адчувала ў сабе жаданне дапамагаць дзецям. Яшчэ падчас праходжання практыкі ў піянерскіх лагерах інтуітыўна адчувала, каму не хапае бацькоўскай ласкі. І дзеці таксама цягнуліся да яе. Калі ў 2020 годзе ў Вялікіх Навасёлках адкрыўся сацыяльны прытулак, туды пайшла праца­ваць старэйшая дачка Ліліі Феа­фанаўны Алена, якая на той момант скончыла Барысаўскі педагагічны каледж.

“Я прыходзіла ў прытулак, і сэрца сціскалася ад болю: сіроты пры жывых бацьках. Асабліва запала ў душу пяцігадовая Насця. Так сталася, што яе мама і тата разышліся, мама вярнулася на радзіму ва Украіну, а дзяўчынка засталася з бацькам. Ён пачаў выпіваць, і Насця трапіла ў прытулак. Я вырашыла пры­няць яе ў сям’ю. Праз год знайшлася маці дзяўчынкі — яна прыехала па дачку. Потым мы прымалі ў сям’ю яшчэ дзетак: Марыю, Карыну, яшчэ адну Марыю. Некаторых забіралі толькі на канікулы. Потым пэўны час я нават працавала на палову стаўкі ў прытулку. Пякла для дзяцей пірагі, брала з сабой баян і праводзіла імправізаваныя канцэрты”, — успамінае суразмоўніца.

Знайсці падыход да дзіцяці, якому здрадзілі самыя блізкія людзі, — задача няпростая. Дасягнуць гэтага прыёмнай маці дапамагала разуменне, што там, пад панцырам, які нарос, каб выратавацца ад болю, — пяшчотная дзіцячая душа. Раскрыць яе, дакрануцца і зберагчы — вось да чаго ўвесь час імкнулася Лілія Феафанаўна з мужам.

“Мы вельмі ўважліва ставіліся да кожнага дзіцяці, да яго інтарэсаў, асаблівасцей характару. Разумелі, што мы не чараўнікі, але так хацелася дапамагчы, паказаць, наколькі вялікай каштоўнасцю з’яўляецца сям’я. Прыёмным дзецям не па­­трэбен жаль, ім патрэбен адказны дарослы побач, які выхавае ў іх лепшыя якасці. Перш за ўсё сваім прыкладам, а не словамі”, — пераканана Лілія Феафанаўна.

Ёй з мужам не сорамна за выпускнікоў, усе атрымалі дастойныя прафесіі, некаторыя ўжо стварылі сем’і, але сувязь з прыёмнымі бацькамі не страчваюць. Дарэчы, амаль для ўсіх выхаванцаў Лілія Феафанаўна стала хроснай маці. Апошнімі дзецьмі, якіх забралі да сябе муж і жонка, сталі брат і дзве сястрычкі-блізняты — Аляксей, Вольга і Насця.

“Лёшка прыйшоў да нас у сям’ю, калі быў у 2 класе. Нават чытаць не ўмеў. Зараз ён у 7-м. Плануем, што будзе паступаць у кадэцкае вучылішча, пакуль ез­дзіць на заняткі ў ваенна-патрыя­тычны клуб у Станькава. Насця перайшла ў дзясяты клас. А яе сястрычка ўжо вучыцца ў вучылішчы на кухара. Сумуюць вельмі адна па адной, блізняты ж”, — расказвае Лілія Феафанаўна.

Батлейка і дабрачыннасць

“Маме з яе артыстызмам і арганізацыйнымі здольнасцямі трэба было паступаць у інстытут культуры, — з усмешкай адзначае дачка Алена. — Яна сама навучылася іграць на баяне, бязмерна любіць фальклор, нацыянальныя традыцыі і адзенне. Мы, чацвёра яе кроўных дзяцей, скончылі музычную школу. Я і Вольга вучыліся па класе фартэпіяна, Софія скончыла харавое аддзяленне, а Аляксей — харэаграфічнае і па класе цымбал. Таму музыка ў нашай сям’і гучала заўсёды. Мама арганізоўвала святы, пастаноўкі нацыянальных абрадаў, такіх як “Піліпаўка”, “Купалле”, “Калядкі”, запрашала сяброў, сусе­дзяў. І мы з маленства выступалі”.

Батлейка у сям’і з’явілася таксама па ініцыятыве Ліліі Феафанаўны. Муж, Васіль Канстанцінавіч, зрабіў яе сваімі рукамі па фотаздымках. І з 2015 года батлейка не адпачывала, а ра­зам з ёй і ўсе дамачадцы. Самі шылі касцюмы, лялькі, рыхтавалі пастаноўкі. Лілія Феафанаўна была рэжысёрам, дзеці — і біялагічныя, і прыёмныя — акцёрамі. Ездзілі ў дзіцячыя дамы, дзіцячыя сады, школы. І не толькі паказвалі муд­рую і павучальную гісторыю, але і прывозілі з сабой падарункі, прысмакі.

Далучаліся да батлейкі і навучэнцы Навасёлкаўскага вучэбна-вытворчага камбіната, дзе Лілія Феафанаўна вяла гурток і арганізавала калектыў “Фальклорная спадчына”. Шмат выступалі, удзельнічалі ў конкурсах. Самай значнай узнагародай стала 3-е месца ў рэспубліканскім конкурсе “Юныя таленты Беларусі”.

Больш за тое, быў створаны і сямейны ансамбль “Сямейны ачаг”. Кіраўнік і арганізатар Лілія Феафанаўна іграла на баяне, муж — на талерках, Аляксей — на цымбалах, Вольга і Софія спявалі, Алена была вядучай і акампаніятарам.

Сустрэчы

“Ганаруся сваёй сям’ёй. Вельмі люблю, калі збіраюцца ўсе ў нашым доме. Традыцыяй стала ра­зам адзначаць дні нараджэння, Вялікдзень, Нараджэнне Хрыстова, Новы год. У нас так шмат розных касцюмаў за гэтыя гады сабралася, што на ўсіх хапае. Я ж збіраю калекцыю нацыянальных касцюмаў, не так даўно купіла сабе яшчэ адзін, абавязкова апрану падчас чарговага выступлення”, — расказвае Лілія Феафа­наўна.

Лілія Фядзечка пераканана: самае важнае, каб сям’я была згуртаванай, каб дзеці імкнуліся дапамагаць адно аднаму, аддавалі і дзяліліся не шкадуючы.

І ёй прыемна бачыць, што ўсе яе дзеці ўвабралі ў сябе гэтыя якасці і паміж імі дружныя і цёп­лыя ўзаемаадносіны.

Старэйшая дачка Алена стала адзінай, хто працягнуў педагагічную дынастыю: зараз яна працуе ў Мінскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы выкладчыкам гісторыі. Вольга звязала жыццё з медыцынай, стала афтальмолагам. Софія скончыла каледж мастацтваў па спецыяльнасці “Рэжысёр-пастаноўшчык”, выкладала музыку ў Петкавіцкай сярэдняй школе. Пасля заканчэння факультэта фізічнай культуры БДПУ імя Максіма Танка працуе фітнес-трэнерам. Сын Аляксей — фармацэўт.

“Менавіта сын стаў пачынальнікам новай традыцыі ў нашай сям’і. Назвалі мы яе “Сустрэчы сям’і”. Ён запрашае ўсіх нас ра­зам наведаць розныя цікавыя месцы. Першым быў Батанічны сад у Мінску, потым мы ез­дзілі на картынг. Уяўляеце сабе, я ўпершыню ў жыцці села ў такую машынку і ганяла па трасе. А не так даўно дзякуючы сыну акунулася ў віртуальную рэальнасць, надзеўшы 3D-акуляры. Вось чакаем новых запрашэнняў і эмоцый”, — дзеліцца Лілія Феафанаўна.

І сама яна не сядзіць на месцы, займаецца грамадскай дзейнасцю. Зараз жыхары вёскі Вялікія Навасёлкі выбралі яе старастай. Гэта адказна, але ў той жа час і ганарова: значыць, людзі давяраюць. А яшчэ яна з нецярпеннем чакае ў госці траіх унукаў, каб уручыць ім свістулькі, узяць у рукі баян і прыемна правесці час…

Марына ЖДАНАВА
Фота з архіва сям’і