Лінгвісты вызначылі лепшых

Мазырская зямля прыняла фіналістаў алімпіяды па замежных мовах. У палескі горад на беразе Прыпяці для ўдзелу ў фінальным этапе рэспубліканскай алімпіяды прыехалі 63 юныя знаўцы замежных моў з усёй Беларусі.

Больш за ўсё школьнікаў праходзіла выпрабаванні па англійскай мове — 28 чалавек. 13 спаборнічалі ў веданні нямецкай мовы, 11 прадэманстравалі сваё валоданне французскай, 7 — іспанскай, а 4 змагаліся за званне лепшага па кітайскай мове.

Як расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Мазырскага райвыканкама Ларыса Папкова, спаборніцтвы праходзілі на базе сярэдняй школы № 14.

— Арганізатары і педагогі ўстановы адукацыі стварылі максімальна бяспечныя ўмовы, якія адпавядаюць сённяшняй эпідэміялагічнай сітуацыі. Мы выконвалі ўсе прафілактычныя мерапрыемствы: забяспечылі неабходнай колькасцю дэзынфіцыруючых сродкаў, масак і пальчатак. Для дзяцей арганізавалі пражыванне ў інтэрнатах двух ліцэя­ў: будаўнікоў і геалогіі. Навучэнцы знаходзіліся ў пакоях па адным чалавеку. Харчаванне было прывазное. Яго прыносілі кожнаму школьніку ў пакой. У аўдыторыях рассаджвалі дзяцей у адпаведнасці з рэкамендацыямі — у шахматным парадку, каб вытрымаць дыстанцыю не менш за паўтара метра адно ад аднаго. У кожнай аўдыторыі было ад 6 да 8 чалавек. Да таго ж мы разлічылі патокі такім чынам, каб дзеці не перасякаліся. Імкнуліся зрабіць усё, каб было ўтульна і камфортна. Пасля заканчэння водгукі ад членаў журы і школьнікаў выказваліся толькі ўдзячныя.

Не сакрэт, што для адзінаццацікласнікаў перамога ў рэспубліканскай алімпіядзе — ключ да паступлення ў прэстыжную УВА. Аднак гэта не адзінае, што дае спаборніцтва яго ўдзельнікам. Як і любы інтэлектуальны форум, алімпіяда — гэта новыя сябры, пазітыўныя зносіны, абмен вопытам і ведамі…

Тры школьніцы занялі 1-е месца па англійскай мове. Аднолькавую колькасць балаў набралі Яна Барвянкова з сярэдняй школы № 9 Оршы, Аліна Ляшук з гімназіі імя Ф.Я.Перца № 1 Пінска і Ксенія Пабядзінская з гімназіі № 7 Мінска.

Па французскай мове лепшымі сталі Настасся Косарава з гімназіі № 3 імя А.С.Пушкіна Віцебска і Лізавета Чубо з сярэдняй школы № 15 Брэста. Пераможца па нямецкай мове — Ульяна Чарніковіч з гімназіі № 2 Слуцка, па іспанскай — Святлана Вольская з сярэдняй школы № 114 Мінска, па кітайскай — Юлія Клімовіч з сярэдняй школы № 38 Гродна. Акрамя таго, пяць школьнікаў узнагароджаны прызамі Міністэрства адукацыі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.