Лістападаўская кінасімфонія

Застаюцца лічаныя дні да пачатку XXVII Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”. Сёлета форум адбудзецца ў абноўленым фармаце,бо яго рыхтуе каманда Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Што ж змянілася, чым на гэты раз будуць здзіўляць беларускіх кінаманаў і якія фільмы яны пабачаць, расказвае дырэктар “Лістапада” генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Уладзімір Карачэўскі.

— Уладзімір Міхайлавіч, што змянілася ў “Лістападзе”?

— З гэтага года галоўным пад­радчыкам і арганізатарам кінафоруму выступае Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”, а значыць, “Лістапад” рыхтуе іншая каманда. За тры месяцы — жнівень, верасень, кастрычнік — была праведзена велізарная работа, каб форум адбыўся. Змяніліся і тэрміны правядзення — зараз ён пройдзе з 20 па 26 лістапада. Да таго ж мы распрацавалі новы слоган і лагатып форуму, хоць у яго цэнтры, як і раней, — кляновы лісток. Новым будзе і візуальны вобраз прызоў-статуэтак. Але самае галоўнае: кінафестывалю быць, нягледзячы на ўсе інтрыгі і размовы.

Акрамя таго, сёлетні форум адрозніваецца ад папярэдніх яшчэ і тым, што ён зноў, як і да 2012 года, будзе праходзіць па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Каля 30 фільмаў адправяцца па рэгіёнах, і мы зможам паказаць іх ад 2 да 5 разоў. Прычым рэгіянальныя гледачы не толькі змогуць пабачыць новыя стужкі, але і пазнаёміцца з іх стваральнікамі.

— Сёлетні кінафестываль пройдзе пад слоганам “Кіно — сімфонія адзінства”. Што ён азначае?

— Гэтым слоганам мы заяўляем, што Беларусь — краіна, адкрытая для супрацоўніцтва. Я лічу, што культура, мастацтва збліжа­юць людзей, вучаць іх ствараць, адчуваць і любіць. І мы спадзяёмся, што кіно стане тым мастком для чалавечых душ, які аб’яднае жыхароў усяго свету ў адзіным парыве захаваць Зямлю, дасць магчымасць задумацца над тым, што мы можам страціць, калі будзем разбураць адносіны. Адсюль і галоўная мэта “Лістапада” — аб’яднаць людзей.

— Колькі ўсяго карцін пабачаць беларускія кінааматары ў час фестывалю?

— Усяго мы атрымалі 273 заяўкі з 54 краін. Сярод іх як даўнія сябры і кінапартнёры Беларусі (Расія, Украіна, Азербайджан, Грузія, Сербія), так і краіны Заходняй і Цэнтральнай Еўропы, Лацінскай Амерыкі, Паў­днёва-Усходняй Азіі. Сапраўды гэта вялікая колькасць заявак, хоць магу шчыра сказаць, што мы сутыкнуліся з перашкодамі. Але нягледзячы ні на што, маем вялікую колькасць канкурсантаў з розных краін.

Усяго мы прадставім 99 фільмаў з амаль 30 краін. Так, у асноўным конкурсе ігравога кіно прымуць удзел 13 карцін. На адну стужку больш убачаць гледачы конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік”. Асноўны конкурс дакументальнага кіно будзе прадстаўлены 17 фільмамі, у тым ліку новай работай беларускага рэжысёра Галіны Адамовіч “Страла”. На конкурс “Кіно маладых” адабраны 24 карціны (больш за ўсё) ад рэжысёраў Азербайджана, В’етнама, Нігерыі, Індыі, Таджыкістана, Францыі, Грузіі, Швейцарыі і іншых краін. Асноўныя задачы фільмаў, якія будуць прадстаўлены, — гэта захаванне чалавечых каштоўнасцей і веры ў штосьці добрае, таму ўсе стужкі маюць “чалавечы твар”.

Шырокай атрымалася і пазаконкурсная праграма — 31 карціна. У гэтым годзе яна будзе прысвечана 50-годдзю беларускай анімацыі і 85-годдзю народнага артыста СССР і БССР рэжысёра Віктара Турава. Акрамя таго, плануюцца майстар-класы, рэтраспектыўныя паказы, творчыя сустрэчы са стваральнікамі фільмаў, семінары і круглыя сталы з дырэктарамі розных кінастудый па пытаннях сучаснага кінапрацэсу.

У склад журы фестывалю ўвайшлі вядомыя людзі кіна­сферы: акцёры, рэжысёры, кіназнаўцы, прадзюсары. Так, судзейскую калегію конкурсу ігравога кіно ўзначаліць вядомы расійскі рэжысёр, прадзюсар і сцэнарыст Рэнат Даўляцьяраў. Старшынёй конкурсу дакументальнага кіно стала дырэктар тэлеканала “Беларусь 3” Наталля Марынава. Судзіць “Лiстападзiк” будуць члены журы пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Узбекістан Юсупа Разыкава, а за “Кіно маладых” адкажа журы на чале з рэжысёрам і прадзюсарам з Расіі Аляксеем Цяльновым.

— Ці запрасілі вы знакамітых гасцей на форум?

— Безумоўна. Напрыклад, госцем цырымоніі адкрыцця, якая па традыцыі адбудзецца ў кінатэатры “Масква”, стане народны артыст Расіі Мікалай Бурляеў. А шырока вядомы ў Японіі і за яе межамі пастаноўшчык баявых самурайскіх сцэн Тэцура Сімагуці пагадзіўся правесці майстар-клас. Усяго мы чакаем каля 50 удзельнікаў з розных краін. Вельмі прыемна, што ўсе нашы партнёры і сябры жада­юць прыехаць да нас нават у час пандэміі.

— Прыадкрыйце таямніцу, якіх сюрпрызаў чакаць гэтым разам, напрыклад, у час адкрыцця форуму?

— Перад кінатэатрам “Масква” зробім пляцоўку, якая адлюструе наш слоган: будзе прыгожа падсвечана і з цікавым музычным афармленнем. Мы спадзяёмся, што музыка створыць настрой, а афармленне дабавіць элемент святочнасці. Унутры кінатэатра прадставім экспазіцыю з артэфактаў “Беларусьфільма”, пачынаючы з сярэдзіны ХХ стагоддзя і да нашых дзён. Там будуць музейныя рэчы, якія вы раней ніколі не бачылі: рэквізіт, касцюмы, афішы, якія адлюстроўваюць гісторыю нашай кінастудыі.

— Уладзімір Міхайлавіч, чаго асабіста вы чакаеце ад фестывалю?

— Па-першае, хочацца, каб наш глядач атрымаў тыя эмоцыі, якія чакае, каб ён застаўся задаволеным. Па-другое, наш форум — магчымасць сустрэцца з сябрамі і намеціць цікавыя планы па супрацоўніцтве. Кінастудыя — адзін з брэндаў Беларусі, і ў дадзеным выпадку стаіць задача не проста прадставіць фільмы, а прасоўваць нашу краіну праз кінавытворчасць, абмеркаваць, што нам трэба зрабіць для таго, каб мы маглі больш актыўна працаваць у капрадукцыі. Мы бачым, што ўсё часцей 4—5 невялікіх краін аб’ядноўваюцца сваім бюджэтам у стварэнні аднаго праекта, які пасля пачынае актыўна вандраваць па свеце, як, напрыклад, фільм “Урокі фарсі”, да стварэння якога і мы маем дачыненне. Нам неабходна ­ўдзельнічаць у такіх добрых праектах, якія садзейнічаюць як прасоўванню Беларусі, так і дадатковаму заробку.

Па-трэцяе, “Лістапад” — гэта свята, а людзям хочацца атрымаць станоўчыя эмоцыі і веру ў тое, што жыццё цудоўнае. Таму запрашаю мінчан і гасцей сталіцы на наш фестываль з 20 па 26 лістапада.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.