“Лістападзік” адкрывае цуды

Падчас восеньскіх канікулаў для выхаванцаў малодшых класаў сярэдняй школы № 5 Навагрудка гасцінна расчыніў дзверы аздараўленчы лагер “Лістападзік”.

І адразу займальнае падарожжа па незвычайнай карце “Сем цудаў роднага горада”. Выхаванцы адкрылі некалькі цудаў роднага горада: домік для буккросінга, музей пад адкрытым небам “Страчаная спадчына”, алею ліхтароў. Адзін цуд маленькія вынаходнікі сустрэлі непасрэдна ў сваёй школе — музей “Алімпіёнак”. Настаўнік фізічнай культуры і здароўя Юрый Савасцюк распавёў пра гісторыю алімпізму ў Беларусі і пра спартыўныя дасягненні настаўнікаў і вучняў школы.

Адмысловы сюрпрыз чакаў выхаванцаў у гарадскім Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі — фітапакой. Вучні даведаліся пра карысць незвычайнай гарбаты і паспрабавалі смачны напой. “Лістападзік” яшчэ не завяршыў работу. Хлопчыкаў і дзяўчынак чакаюць два цуды: ветрапарк іпомнік князю Міндоўгу. Але ўжо з упэўненасцю можна сказаць, што восеньскія канікулы выхаванцам аздараўленчага лагера “Лістападзік” запомняцца надоўга.

Жанна АЛЯШКЕВІЧ,
дырэктар аздараўленчага лагера сярэдняй школы № 5 Навагрудка.