“Лістападзік” — “гульня без паддаўкоў”

- 13:57Культура

Кожную восень беларускія кінааматары з нецярпеннем чакаюць Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”. Сёлета наш знакаміты форум пройдзе 27-ы раз. Што цікавага падрыхтавалі арганізатары фестывалю, чым здзівяць і парадуюць кінаманаў, раскажа аўтарытэтны кінакрытык і мастацтвазнавец, праграмны дырэктар асноўнага конкурсу ігравога кіно і конкурсу дзіцячага і юнацкага кіно “Лістападзік” Ігар СУКМАНАЎ.

— Ігар, колькі ўсяго карцін пабачаць беларускія кінагледачы з 6 па 13 лістапада?

— Мы прадставім каля 120 карцін з 50 краін у сталічных кінатэатрах “Цэнтральны”, Falcon Club Буцік кіно, Silver Screen у ГЦ Galileo, “Піянер” і “Беларусь”. Цырымонія адкрыцця па традыцыі адбу­дзецца ў кінатэатры “Масква”, дзе першым прадставім фільм Вадзіма Перэльмана “Урокі фарсі”. А карцінай закрыцця стане стужка “Ікар” польскага рэжысёра Мацея Пепшыцы.

Сёлета “Лістапад” пройдзе пад слоганам “Магія вобраза”, які яшчэ раз падкрэслівае, што кіно — гэта сакрамант, магічны працэс. Яно здольнае раскрыць свет вакол нас ва ўсёй яго паўнаце, складанасці і багацці. У візуальным рашэнні фестывалю адлюстраваны герой казачнай стужкі рэжысёра Уладзіміра Бычкова “Горад майстроў”, знятай на “Беларусьфільме” ў 1965 годзе. У цэнтры сюжэта фільма-юбіляра — гісторыя пра барацьбу за свабоду і патрыятызм, гераізм і волю.

— Якія фільмы склалі праграму асноўнага конкурсу ігравога кіно?

— Мы заўсёды выбіраем тыя кінематаграфічныя творы, якія найбольш важныя, актуальныя, сучасныя і разам з тым уяўляюць сабой рэальныя творы мастацтва. Любая карціна з Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, якая дэманструецца на прэстыжных фестывалях у Венецыі або Канах, крыху губ­ляецца сярод іншых не менш важных фільмаў, што адлюстроўваюць усё ж больш заходні погляд на розныя праблемы. Наша мэта — вылучыць такія стужкі, саб­раць разам, каб сярод усіх гэтых жамчужын не ўпусціць тое, што хвалюе грамадства. Варта звярнуць увагу на “Эдэм” венгерскага рэжысёра Агнеш Кочыш, карціну Шарунаса Бартаса “Прыцемкам”. Сямейнае кіно нямецкага рэжысёра Маркуса Ленца “Сапернік” апавядае аб простых людзях, якія апынуліся ў складанай сітуацыі. Жамчужынай з Грузіі стане стужка “Пачатак” рэжысёра-дэбютанта Дэа Кулумбегашвілі. Акрамя таго, бу­дзе прадстаўлена дэбютная карціна з Кітая “Вецер у галаве” Шуцзюня Вэя, а таксама ра­сійскае кіно — “Канферэнцыя” Івана Цвярдоўскага. Усяго мы пакажам 11 карцін у конкурсе ігравога кіно і 12 — дакументальнага.

— Вы адказны за фестывальную праграму “Ліс­тападзіка”. Звычайна менавіта гэты конкурс выклікае найбольшую цікавасць у педагогаў і падрас­таючага пакалення. На прэс-канферэнцыі вы адзначылі: “Мы павінны думаць не толькі пра будучыню нашых дзяцей, але і пра іх сучаснасць. Наша праграма якраз і разлічана на гэтую “сучаснасць”.

— Традыцыйна пляцоўкай “Лістападзіка” будзе кінатэатр “Піянер”, дзе мы прадэманструем 7 конкурсных карцін. У нас была задача, каб усе гэтыя карціны маглі максімальна поўна адлюстраваць эвалюцыю ад дзяцінства да маленства і юнацтва, студэнцтва і маладосці, а таксама паказаць найбольш важныя і глабальныя праблемы і перажыванні, з якімі сутыкаецца дзіця ў рэальнасці. Мы не расказваем нейкія жартаўлівыя гісторыі ці прыгоды пра пошукі скарбаў, а паказваем фільмы, якія па-сапраўднаму хвалююць грамадства, закранаюць дзяцей, іх правы і інтарэсы. Таму гэтыя карціны мы рэкамендуем глядзець цэлымі сем’ямі, адцягнуўшы падрастаючае пакаленне ад дэвайсаў. І для бацькоў, і для дзяцей важна камунікаваць адно з адным. Важна, каб на тыя пытанні, з якімі хлопчыкі і дзяўчынкі сутыкаюцца і не заўсёды гатовыя задаваць дарослым, яны маглі атрымаць адказы на экране. Тады такія адносіны і дыялог будуць больш прадукцыйнымі і стваральнымі.

— Якія тэмы закранаюцца і якія праблемы ўзнімаюцца ў сёлетніх стужках “Ліс­тападзіка”?

— Самыя розныя: першай страты, адзіноты, сяброў­ства, самасцвярджэння і булінгу. А таксама тэма сталення, пра якую не заўсёды дарослыя адважваюцца размаў­ляць з дзецьмі, хоць мы лічым, што гэта таксама вельмі важны і хвалюючы працэс. Усе карціны вельмі далікатныя і зроблены з вялікай любоўю да сваіх герояў і персанажаў. І вельмі паказальна, што многія карціны пастаўлены рэжысёрамі, якія не заўсёды спецыялізуюцца на дзіцячай тэматыцы. Таму мы ўбачым аўтарскія выказванні і розныя падыходы да дзіцячага матэрыялу ў гэтых стужках.

“Лістападзік” прадставіць і чыста жанравыя фільмы, на­прыклад, дзіцячыя блокбастары — галандскія фільмы “Джэкі і Оп’ен” і “Клуб брыдкіх дзяцей”. Ёсць карціны этнічныя, пабудаваныя на самабытнасці культуры, напрыклад, філіпінская карціна “Смерць “Нінтэнда”. Ёсць стужкі, якія зроблены ў жанры канікулярных камедый — “Летнія гарэзы”. А ёсць драмы, такія як чэшская карціна “Зграя”, і вельмі цікавая фінская карціна “Райскі лагер” — пра абуджэнне пачуццёвасці і ўваходжанне ў грамадства маладых людзей. І вось якраз гэтая камунікацыя, сцвярджэнне чалавека як свабоднай асобы, якая разлічвае ў першую чаргу на саму сябе, і ўваходжанне ў вялікае жыццё з’яўляецца важнай тэмай для моладзі. Таму ў рэчаіснасці нам вельмі хацелася, каб у гэтым годзе акцэнт рабіўся не на слове “Лістапа­дзік”, а на “конкурсе фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі”. Гэта вельмі важна, таму што гэта ўсё гульня без паддаўкоў, гэта сур’ёзныя размовы, і нам вельмі хацелася, каб для пакалення маладых гледачоў конкурсная праграма стала першай прыступкай для далейшага іх уступлення ў шэрагі ўжо дарослай аўдыторыі кінафестывалю “Лістапад”.

— Вы раіце хадзіць на паказы “Лістападзіка” сем’ямі. Але раней у “Піянеры” часцей усё ж такі можна было ўбачыць настаўнікаў з вучнямі. На вашу думку, як навучыць глядзець, разумець і любіць фестывальнае кіно, якое сапраўды часам бывае вельмі няпростым?

— З культурай фестывальнага кіно, на жаль, у нас не так добра знаёмыя. Але ўсе павінны разумець, што гэта не класічны кіналекторый і не класічны паход у кінатэатр, таму што мы не пакажам чарговую галівудскую анімацыю. Мэты фестывалю іншыя, наш форум заўсёды пакідае пасля сябе прысмак — шмат пытанняў, якія ўзніка­юць і якімі падлетак не заўсёды гатовы дзяліцца са старэйшымі па розных прычынах. А нашы карціны здымаюць гэты бар’ер. Каб атрымалася камунікацыя паміж дарослымі і дзецьмі, усе павінны ісці насустрач адно аднаму, у тым ліку і педагогі, бо менавіта яны — гэта людзі, якія ўмеюць услухоўвацца ў душу дзіцяці і спрабаваць разабрацца, зразумець сітуацыю, якой бы яна ні была.

Скажу шчыра, мы хочам, каб на нашы карціны ішлі свядома і асэнсавана. Для гэтага мы вя­дзём актыўную работу і ў сацсетках. У нас ёсць адна­думцы, якія чакаюць гэтае кіно і ідуць глядзець яго цэлымі сем’ямі. Мы шукаем менавіта такога гледача — гатовага абмяркоўваць самыя нязручныя пытанні. Бо нязручныя сітуацыі з’яўляюцца тады, калі не­шта замоўчваецца і не заўважаецца, тады гэта спараджае вельмі шмат праблем і дыскамфорт для ўсіх. Але кіно — гэта люстэрка рэальнасці, і часцей за ўсё сумленныя мастакі вочы не апускаюць долу, да чаго і павінны быць гатовы ўсе. І гэтая ступень гатоўнасці і мае на ўвазе тую фестывальную культуру, пра якую мы гаворым. Гэта важна рабіць не дзеля нейкіх птушачак, а па поклічы душы.

— Ці будзе магчымасць, як і ў мінулыя гады, абмеркаваць карціны з мадэратарамі і кінакрытыкамі?

— Мы разумеем, што ўсё гэта павінна быць зведзена да мінімуму, але мы адкрыты да дыялогу і гатовы дзяліцца стрымамі і любой відэаінфармацыяй, якая, акрамя фестывальнай праграмы, будзе даступная для гледачоў.

— Хто будзе ацэньваць “Лістападзік”?

— Міжнароднае журы на чале з Дзянісам Івановым з Украіны — дыстрыб’ютарам і прадзюсарам, сузаснавальнікам Адэскага кінафестывалю, Міжнароднага фестывалю кіно для дзяцей і падлеткаў “Чылдрэн Кінафэст” і Кіеўскага тыдня крытыкі. А таксама Юлія Фляйсіг з Германіі (дырэктар Міжнароднага фестывалю фільмаў для дзяцей LUCAS) і беларуска Святлана Бень — паэтка, актрыса, рэжысёр тэатра лялек і аўтарскага тэатра “Кардонка”, спявачка групы “Сярэб­ранае вяселле”, якая заўсёды падтрымлівае дзіцячыя ініцыятывы і крэатыўна працуе з падрастаючым пакаленнем. Карацей, мы сабралі выдатную каманду, якая пастаянна факусіруе сваю ўвагу на дзецях, культуры і мас­тацтве. Журы будзе ацэньваць конкурсную праграму ў рэжыме анлайн, а 13 лістапада на агульнай цырымоніі закрыцця мы абвесцім пераможцаў.

— Як бы вы ахарактарызавалі конкурс “Маладосць на маршы” і Нацыянальны конкурс?

— Конкурс “Маладосць на маршы” прадставіць 11 карцін. Адна з іх — “Шкура” братоў Бахрама і Бахмана Арк шмат у чым грунтуецца на этнічным ісламскім матэрыяле. Цудоўным дэбютам з Канады стане карціна “Твая чарга” Мірыям Веро, рэкамендуем паглядзець і фільмы “Аазіс” Івана Ікіча і “Пасеяць вецер” Даніла Капуты.

У Нацыянальным конкурсе будуць прадстаўлены адметныя 13 карцін. Сярод іх карціна Мітрыя Сямёнава-Алейнікава “Забароненая зона” пра чарнобыльскую зону, “Эпітафія” Віктара Аслюка пра такія сакральныя месцы, як могілкі. Малады аўтар Андрэй Князевіч у фільме “Якія жывуць” паказвае інтэрнат для людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Кароткаметражны фільм Андрэя Куцілы “Мне трэба поціскаў…” расказвае кранальную гісторыю пажылой маці і яе дачкі-інваліда. У новай карціне “Цемра звонку” Настассі Мірашнічэнка ідзе гаворка пра каманду футбалістаў-інвалідаў па зроку, якія едуць пакараць сусветны чэмпіянат. Такім чынам “Лістапад” дазваляе беларускім аўтарам выходзіць на міжнародную арэну. І мы вельмі рады, што з моманту існавання нацыя­нальнага конкурсу, а ён самы малады ў нас, многія аўтары трывала прапісаліся і ўжо добра знаёмыя фестывальнаму асяроддзю і іншых краін таксама.

— На чым сёлета будзе зроблены акцэнт на індустрыяльнай платформе Bel:Cinema?

— На дыскусіях з удзелам кінематаграфістаў, паспрабуем вызначыць месца беларускага кіно ў кантэксце грамадскага кінематографа і высветліць, чаго не хапае нашай індустрыі. Абмяркуем таксама ігравое, жаночае і дакументальнае кіно. Акрамя таго, адбудуцца прэзентацыя кнігі кіназнаўцы Марыі Касцюковіч “Дзіцячы сеанс” і сустрэча з Пятром Сабаціньскі малодшым — аператарам хіта беларускага пракату “Цела Божае”.

— У гэтым годзе “Лістападу” 27 гадоў. Якім стаў знакаміты беларускі кінафестываль за гэты час?

— У фестывалю няпростая гісторыя і эвалюцыя. Місія “Ліс­тапада” застаецца нязменнай: падтрымліваць і факусіраваць увагу на краінах Цэнт­ральнай і Усходняй Еўропы і працягваць назіраць за працэсамі, якія адбываюцца ў грамадстве. Фестываль увесь час вучыць аднаму: у нас заўсёды ёсць выбар, які мы адрасуем не камусьці, а толькі самім сабе. Каб выстаяць, чалавек павінен у першую чаргу спадзявацца на самога сябе, а для гэтага ўнутры павінен быць магутны стрыжань. Змены, якія адбываюцца ў свеце і душы чалавека, заўсёды ў цэнтры інтарэсаў фестывалю. І мы вельмі рады, што за многія гады свайго існавання “Лістапад” правільна інтэрпрэтаваны, прачытаны і прызнаны ў свеце!

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва арганізатараў фестывалю “Лістапад”.