Лісты з белага свету ў… белы свет

Ну вось і ўсё. Юбілейны, XXV, Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” адбыўся. Прайшоў, праляцеў, адкружыўся ў віхуры нашага імклівага часу, пакінуўшы на ўспамін пра сябе безліч эмоцый, асацыяцый, імпульсаў да роздуму пра кіно і жыццё… “Пазнаючы белы свет” — такім быў слоган сёлетняга мінскага кінафоруму, запазычаны з назвы фільма Кіры Муратавай, якая вельмі любіла наш “Лістапад”, неаднаразова ўдзельнічала ў гэтым кінафоруме, з задавальненнем прадстаўляючы ў Мінску свае карціны, і, можна не сумнявацца, не праігнаравала б і юбілейны фэст, але… Яе не стала ў чэрвені гэтага года, і арганізатары ММКФ вырашылі ўшанаваць памяць пра вялікага рэжысёра, вялікага наватара кіно і вялікага сябра “Лістапада” вось так неардынарна — не рэтраспектывай яе фільмаў, а сардэчным прысвячэннем ёй наогул усяго фестывалю. “Мы хацелі, каб XXV Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” запомніўся найперш адной рэччу, — казаў журналістам у дзень адкрыцця форуму дырэктар праграм ігравога кіно Ігар Сукманаў. — Фільмы, якія будуць прадстаўлены сёлета на “Лістападзе”, — гэта карціны аўтараў, якія, як і Кіра Георгіеўна, страшэнна любяць кінематограф, якія сапраўды спрабуюць расказаць нашу гісторыю мовай кіно і ў нейкай ступені таксама пазнаюць белы свет, даюць магчымасць нам, гледачам, акунацца ў абсалютна розныя прасторы, розныя часы і розныя жанры, каб зрабіць наша жыццё крышку лепшым, крышку больш правільным і крышку больш дакладным”.

Учора адбылося ўрачыстае закрыццё кінафестывалю з паказам фільма класіка канадскага кіно ўладальніка прэміі “Оскар” і дзясяткаў іншых прэстыжных міжнародных узнагарод Дэні Аркана “Падзенне амерыканскай імперыі”. Сёння і заўтра аматараў кіно чакае яшчэ феерычны “лістападаўскі” пастскрыптум. У “Маскве” сёння ўвечары пакажуць “Дом, які пабудаваў Джэк” Ларса фон Трыера — такога ажыятажу ў сувязі з кіно, як у выпадку з гэтым нашумелым фільмам скандынаўскага генія сучаснага кінематографа, даўно ўжо не назіралася ў Мінску. Квіткі на цэнтральны сектар былі раскуплены ўжо даўно, і людзі ў апошнія фестывальныя дні былі бязмежна рады ўхапіцца за магчымасць паглядзець гэтую карціну нават з самых далёкіх і самых крайніх месцаў у кінатэатры, пры тым што магчымасць гэтая каштавала нятанна — 15 рублёў. Кінатэатр “Цэнтральны” скажа сваё пасляслоўе да “Лістапада” дзвюма стужкамі: сёння ў рубрыцы “Майстар-клас” пакажуць “Пералётныя птушкі” (Калумбія — Мексіка — Данія — Францыя) рэжысёраў Крысціны Гальега і Сіра Гера, а заўтра ў рубрыцы “Культ кіно” — кітайска-французскую стужку “Доўгі дзень сыходзіць у ноч” рэжысёра Бі Ганя. Ну а галоўным героем гэтых двух “постлістападаўскіх” дзён стане адзіная жанчына-рэжысёр французскай “Новай хвалі”, якую адначасова называюць маці і нават бабуляй гэтага кірунку ў кінематографе, Аньес Варда. Цягам суботы і нядзелі ў кінатэатры “Піянер” у рамках праграмы “Геніі кіно” можна будзе пазнаёміцца з шасцю яе культавымі стужкамі: “Клеа ад 5 да 7”, “Майстар кунг-фу”, “Львіная любоў (…і мана)” у суботу і “Шчасце”, “Фільм пра Джэйн (Джэйн Б. вачыма Аньес В.)”, “Без прытулку, па-за законам” у нядзелю.

* * *

Фота да матэрыяла: Лісты з белага свету ў… белы свет.І ўсё ж, як ні круці, XXV Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” у прынцыпе ўжо завяршыўся.

І ўжо ў тваім асабістым мінулым, якое, тым не менш, застанецца з табой назаўсёды, чорна-белы фільм адкрыцця польскага рэжысёра Паўла Паўлікоўскі “Халодная вайна”. Неверагодна кранальны фільм, і зусім не пра халодную вайну, хаця падзеі ў ім разгортваюцца якраз у той перыяд, калі толькі-толькі пачыналася гэтае вялікае супрацьстаянне Захаду і Усходу, двух розных светаў, дзвюх розных сістэм каардынат, у якіх даводзіцца жыць героям і пераадольваць бар’еры паміж імі праз… каханне. Так, гэта фільм найперш менавіта пра каханне — чыстае, праўдзівае, непераможнае. Немагчымае ў немагчымы час. 1950 год. У адным з ваяводстваў разбуранай пасляваеннай Польшчы па загадзе зверху вырашана стварыць фальклорны песенна-танцавальны дзіцячы ансамбль, удзельнікамі якога былі б выключна сялянскія дзеці. Пачынаецца прагляд ці, як сказалі б сёння, кастынг. На большасць дзяцей толькі глядзець ды плакаць. Што могуць яны, скалечаныя вайной, паказаць класным спецыялістам з Варшавы, якія паспелі атрымаць выдатную адукацыю ў самой Варшаве і іншых еўрапейскіх сталіцах яшчэ да вайны? Іспыт праходзяць толькі адзінкі з соцень ахвочых, але гэта былі тыя хлопчыкі і дзяўчынкі, генетычная нацыянальная памяць у якіх змагла захавацца скрозь пякельныя ваенныя жахі ды прарасці на руінах… Яны танцуюць, як танцавалі іх бацькі і дзяды, яны спяваюць матчыны і бабуліны песні. Ствараецца ансамбль “Мазурэк”, удзельнікам якога для вучобы і жыцця аддаюць цэлы велізарны панскі палац, і ў гэтых дзяўчынак і хлопчыкаў пачынаецца новае існаванне — у безупынных харэаграфічных і вакальных экзерсісах, у новай, нібыта пралетарскай, культуры, але з абавязковай прывязкай да нацыянальнай аўтэнтыкі.

Яшчэ на кастынгу паміж будучым мастацкім кіраўніком і дырыжорам ансамбля Віктарам і адной з дзяўчынак Зулай успыхвае палымянае каханне. З першага яе слова, якое яна заспявала, з першага яго погляду на яе. Каханне з кожным новым днём паглынае іх усё больш і больш, яны жывуць ім і адно адным, і нават не перашкода ім рэальная халодная вайна, якая выпрабоўвае іх закаханыя сэрцы. Як высвятляецца, Зула з самага пачатку атрымала заданне даносіць адпаведным органам пра кожны крок Віктара: ці слухае ён радыё “Свабода”, ці захоўвае долары, ці падтрымлівае якія-небудзь стасункі з нядобранадзейнымі калегамі… Яе паставілі перад выбарам: хочаш застацца ў ансамблі — “стукай”, не будзеш “стукаць” — вернешся ў вёску пасвіць кароў і глядзець свіней. І выбару ў яе насамрэч няма: яна ўмоўна асуджаная за нажавое раненне роднага бацькі, ёй няма чым запярэчыць органам. Хаця параніла бацьку ў свой час яна з-за таго, што той аднойчы “паблытаў яе з маці”. “Вось мне і прыйшлося паказаць розніцу пры дапамозе нажа”, — у слязах прызнаецца Зула Віктару, і той, канечне, даруе сваёй каханай безабароннай дзяўчынцы…

А тым часам ансамбль “Мазурэк” грыміць ужо на ўсю Польшчу, учарашнія брудныя, забітыя сялянскія дзеці, а цяпер ужо ўпэўненыя прафесіяналы, якія прывыклі да авацый айчыннай публікі, атрымліваюць запрашэнне на гастролі ў Берлін. Берлінскай сцяны яшчэ няма, і ў Віктара спантанна нараджаецца ідэя… уцячы. Уцячы з роднай галоднай Польшчы, уцячы з роднага ансамбля, у рэпертуар якога ўсё больш і больш настойліва “раяць” уключаць нумары, прысвечаныя Сталіну і Камуністычнай партыі… Але ўцячы толькі разам з ёй, Зулай. Яны дамаўляюцца сустрэцца ў прызначаным месцы недалёка ад пераходу ў Заходні Берлін. У пачатку 50-х перайсці туды яшчэ магчыма было без асаблівай рызыкі для жыцця, як гэта сталася пазней, з узвядзеннем бетонна-цаглянай заслоны з калючым дротам уверсе. Ён стаяў увесь вечар і ўсю ноч і чакаў, нервова палячы цыгарэту за цыгарэтай. Яна так і не прыйшла. Толькі праз гады яна скажа яму: “Я адчувала сябе не вартай цябе…”

І з гэтага моманту карціна Паўла Паўлікоўскі “Халодная вайна” пераўтвараецца ў адмысловае роўд-муві, кіно падарожжаў. Мяняюцца гарады, дзе жывуць, куды трапляюць героі: Варшава, Берлін, Бялград, Рым, Парыж… (Зула ўрэшце таксама ўцякае з Польшчы і апынаецца на Захадзе.) Мяняюцца іх любоўныя партнёры, некаторыя з якіх становяцца на нейкі час нават то яе мужам, то яго жонкай… Мяняецца музыка ў фільме: у аўтэнтычныя мелодыі і спевы “Мазурэка” ўсё-такі прарываецца “Кантата пра Сталіна”, а ў Парыжы, дзе ў адным з клубаў працуе Віктар, гучыць дэкадэнцкі для савецкіх 50-х джаз… Не мяняецца, нікуды не знікае толькі іх каханне, якое можа знайсці ўсяго адзін прытулак — у сэрцы. Праз тысячы жыццёвых перыпетый і жорсткіх удараў лёсу яны ўсё ж вяртаюцца адно да аднаго і ў сваю родную Польшчу. Заходзяць у скалечаны вайной касцёл (голыя, параненыя снарадамі сцены і безабароннае неба замест распісанага на біблейскія матывы скляпення), запальваюць свечкі. Ні алтара, ні ксяндза, ні сведак… Толькі іх ціхія галасы, якія разрываюць навакольны свет на кавалкі: “Пакуль смерць не разлучыць нас… Пакуль смерць не разлучыць нас…”

Дарэчы, са здымак у гэтым напаўразбураным касцёле і пачынаўся фільм. І ўжо тады, з самых першых кадраў, было зразумела, што ён насамрэч не чорна-белы, не манахромны. Дакладней, фармальна чорна-белы, але настолькі ж і каляровы, настолькі каляровы — наколькі багатыя на адценні гэтыя два галоўныя колеры жыцця. Сотні, тысячы, мільёны адценняў. Нават у перыяд халоднай вайны.

* * *

Фота да матэрыяла: Лісты з белага свету ў… белы свет.Ужо ў мінулым незабыўная сустрэча з ганаровымі гасцямі XXV ММКФ “Лістапад” — народнай артысткай РСФСР Святланай Немаляевай і заслужаным артыстам Узбекскай ССР Рустамам Сагдулаевым. І адну, і другога мы ведаем найперш па іх незабыўных ролях у савецкім кіно. Святлану Немаляеву — па ролі Вольгі Пятроўны Рыжовай, калегі і былой аднакурсніцы Навасельцава і Самахвалава, сяброўкі Навасельцава і былой каханай Самахвалава ў фільме “Службовы раман”. Рустама Сагдулаева — па ролі Рамэа ў фільме “У бой ідуць адны старыя”. Сёння знакамітыя артысты жывуць жыццём, пра якое мы, можа, і не надта добра ведаем. Святлана Немаляева па-ранейшаму (з 1954 года!) служыць у родным Маскоўскім акадэмічным тэатры імя Уладзіміра Маякоўскага, выступаць на сцэне якога павінна была ўжо на наступны дзень пасля адкрыцця з яе ўдзелам “Лістапада”, што, зрэшты, не перашкаджае артыстцы здымацца і ў кіно. Рустам Сагдулаеў здымаецца ўсё больш у серыялах, але яго і сёння часта называюць Рамэа, і ён не крыўдзіцца, з гонарам адгукаецца на такі зварот.

І Святлана Немаляева, і Рустам Сагдулаеў выказалі падчас сустрэчы з журналістамі безліч цёплых слоў у адрас Беларусі, Мінска, кінафестывалю “Лістапад”, нашых людзей — і прафесіяналаў ад кіно, і звычайных жыхароў нашай краіны. “Спакойных, мілых, душэўных, за якімі нібыта за мураванай сцяной”. Прыгадвалі розныя цікавыя, у тым ліку нават пікантныя, гісторыі.

Так, Святлана Немаляева расказала, як аднойчы іграла ў адным з фільмаў суддзю, якая несправядліва засудзіла добрага чалавека, што абараняў сваю сям’ю, сваё дзіця. А неўзабаве атрымала гнеўны ліст ад цяжарнай дзяўчыны з Беларусі, маўляў, як не сорамна было ёй засуджваць таго няшчаснага чалавека. “Як мне цяпер нараджаць дзіця, як мне цяпер жыць на свеце, калі жыццё такое несправядлівае, калі свет носіць такіх суддзяў?” — такіх лістоў Святлана Уладзіміраўна не атрымлівала ні да таго моманту, ні пасля. Яна напісала той дзяўчыне ліст у адказ, дзе паспрабавала супакоіць сваю рэспандэнтку з Беларусі, маўляў, яна ж не суддзя, яна ўсяго толькі артыстка, якой даручылі іграць такую ролю… Праз гады тая дзяўчына сама знайшла Святлану Уладзіміраўну на адным з фестываляў, прызналася ў аўтарстве таго злашчаснага ліста, папрасіла прабачэння.

Яшчэ адна гісторыя ад Святланы Немаляевай была звязана з “пасцельнай” сцэнай. “Пасцельнай” — менавіта ў двукоссях, бо яна проста ляжала некалькі секунд у кадры ў пасцелі разам са сваім мужам (і па фільме, і па жыцці). Раптам уначы празвінеў званок, і да тэлефона паклікалі героя (генерала): яму трэба было тэрмінова некуды выязджаць, бо здарылася нейкае НЗ… Тым не менш Святлана Немаляева атрымала праз нейкі час ад адной глядачкі ліст, дзе тая абуралася: “Як вам не сорамна!? Грошай у вас мала? Можа, вам грошы сабраць? Лазараў (муж актрысы Аляксандр Лазараў. — М.Ч.) у пасцелі зняўся… Дык і Немаляева туды ж!”

А вось адносна стану сучаснага расійскага кіно Святлана Немаляева выказалася сур’ёзна і без усмешкі: “Я сама здымаюся ў сучасным кіно. Сярод апошніх маіх работ можна згадаць ролі ў карцінах “Мяшок без дна” Рустама Хамдамава, “Ван Гогі” Сяргея Ліўнёва — супрацоўніцтвам з такімі майстрамі я ганаруся… Але наогул я крыху расчаравана сённяшнім станам расійскага кіно. Я ўсё-такі люблю кіно з мінулага свайго жыцця. Можа, гэта мая адсталасць такая… Але я люблю, калі кіно абуджае нейкія чыстыя, цудоўныя пачуцці, якое ўсё-такі здымаецца дзеля чагосьці светлага і ідзе да гэтага светлага. Душэўнае кіно, якое пакідае добры след у чалавеку на ўсё жыццё. Кіно, якое людзі не забываюць, як не забываюць фільмы Георгія Данелія, Эльдара Разанава… У каго высокія патрабаванні да кіно, той не забывае фільмы Элема Клімава, Андрэя Таркоўскага… Але ў любым выпадку ўсё гэта сапраўднае кіно, якое мае на ўвазе катарсіс, ачышчэнне і прасвятленне душы чалавечай, чаго не скажаш пра цяперашнія бясконцыя дэтэктывы, крымінальшчыну і г.д. Нават адносна фестывальнага кіно апошнім часам з’явіўся, мне здаецца, вельмі шкодны стэрэатып, маўляў, калі хочаш патрапіць на нейкі прэстыжны фестываль, трэба абавязкова зрабіць цяжкае, беспрасветнае, бязрадаснае кіно, якое патанае ў змроку, дзе людзі дрэнна жывуць, дрэнна ядуць, дрэнна адно з адным размаўляюць… І таму я хацела б яшчэ раз згадаць свой удзел у фільме Рустама Хамдамава “Мяшок без дна”. Гэта ж таксама аўтарскае фестывальнае кіно. Але ж якое яно светлае, выразнае, чалавечнае! Здымацца ў Рустама, гэтага, я сказала б, чалавека Адраджэння, было для мяне як падарунак лёсу”.

На XXV Мінскім міжнародным кінафестывалі “Лістапад” Рустам Сагдулаеў атрымаў прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве”, а Святлана Немаляева — спецыяльны прыз Выканаўчага камітэта Садружнасці Незалежных Дзяржаў “Кіно без меж” за развіццё культурнага супрацоўніцтва і ўмацаванне дружбы паміж народамі.

* * *

Ужо ў мінулым асноўны конкурс ігравога кіно (праўда, на момант здачы нашай газеты ў друк, у пятніцу, яшчэ не было вядома, хто ж стане ўладальнікам гран-пры “Золата “Лістапада”, галоўная інтрыга мінскага кінафоруму павінна была вырашыцца ўчора вечарам падчас урачыстага закрыцця фэсту), конкурс ігравога кіно “Маладосць на маршы”, пазаконкурсныя паказы ігравога кіно, асноўны конкурс дакументальнага кіно, конкурс маладога дакументальнага кіно — конкурс нацыянальных кінашкол, пазаконкурсныя праграмы дакументальнага кіно, нацыянальны конкурс, конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аудыторыі “Лістападзік”… Усё было важнае, статуснае, жывое. І ў сэрцы кожнага, хто пабываў на гэтых праграмах, мабыць, застаўся нейкі адзін фільм, які найбольш узрушыў, расхваляваў, а таму і запомніўся.

З праграмы асноўнага конкурсу ігравога кіно — для аўтара гэтых радкоў такім фільмам стала стужка “Ірына” балгарскага рэжысёра Надзеі Косевай — пранізлівая гісторыя Ірыны з невялікага балгарскага мястэчка. Яе жыццё пад адным дахам разам з мужам, іх маленькім сынком і яе старэйшай сястрой папраўдзе і жыццём назваць складана. З ранку і да позняга вечара яна мусіць працаваць у кафэ афіцыянткай, каб неяк пракарміць сваю вялікую сям’ю, у якой ніхто больш не працуе. У абавязкі мужа, які, відаць, хацеў, але так і не знайшоў працу, уваходзіць хіба што незаконнае здабыванне вугля для абагрэву дома ў прылеглым раскопе, а ў “абавязкі” старэйшай сястры… задавальненне сексуальных жаданняў мужа Ірыны, пакуль тая гібее на няўдзячнай працы. У дзень, калі Ірыну са скандалам выганяюць з працы (ну, натуральна, за крадзеж ежы), з яе мужам адбываецца няшчасны выпадак. Зайздросны сусед падпілоўвае бэльку ў самаробнай шахце, і Ірынінага мужа засыпае вуглём. Ён цудам выжывае, але яму па калена ампутуюць абедзве нагі. Ён становіцца на ўсё жыццё інвалідам, прыкаваным да ложка. Сям’я Ірыны апынаецца на мяжы не проста галечы, а павольнага і непазбежнага памірання. Паспрабаваўшы ўсё ж неяк выкараскацца з бяды рознымі шляхамі, у тым ліку аднойчы прыйшоўшы на аўтазапраўку ў міні-спадніцы, на вялікіх абцасах і з ярка нафарбаванымі вуснамі, але і там зведаўшы фіяска, Ірына вырашае ста ць сурагатнай маці… З гэтага моманту пачынаецца проста неверагодны псіхалагічны трылер — з бясконцым адчаем самой Ірыны, якая з кожным днём разумее, што ні за што не аддасць дзіця яго багатым заказчыкам, з істэрыкамі інваліда-мужа, які аднойчы пачынае біць Ірыну, цэлячыся ў жывот з дзіцём, і з… пакутамі той багатай жанчыны, якая пайшла на здзелку з Ірынай, не маючы магчымасці самой нарадзіць дзіця, але якая ўсё бачыць, усё адчувае… Бо таксама жанчына. Цяжка было нават прадбачыць, што ў гэтым фільме якімсьці неверагодным чынам перамогуць любоў, дараванне, жыццё. Для ўсіх — адно. Стваральнікі фільма ўсім пакінулі надзею.

Надзвычай шчымлівыя пачуцці выклікаў і дакументальны фільм “Нашы дзеці” вядомага айчыннага рэжысёра-кінадакументаліста Галіны Адамовіч з праграмы нацыянальнага конкурсу. Галіна Адамовіч расказала гісторыю некалькіх сем’яў, у якіх воляй лёсу нарадзіліся дзеці з дыягназам “аўтызм”, у тым ліку гістрыю сям’і вядомай артысткі і спявачкі Ганны Хітрык. Нягледзячы на такую назву, стужка перадусім не пра дзяцей, а пра іх бацькоў — іх штодзённы подзвіг уражвае, выклікае спачуванне, захапленне і прымушае задумацца пра тое, ШТО гэта значыць — быць маці і бацькам. Баюся быць недакладным, бо цытую па памяці, але асабліва запомніліся словы аднаго з бацькоў дзіцяці-аўтыста: “Кожнае дзіця — гэта Божы дар. А такое дзіця — гэта тым больш дар звыш. Бо яно робіць нас, бацькоў, дабрэйшымі, лепшымі…” Фільм вельмі ўпрыгожвае цудоўная музыка Ганны Хітрык.

А вось што тычыцца конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік”, за якім па традыцыі мы штогод асабліва ўважліва сочым (асноўныя героі тут, як правіла, дзеці і падлеткі, а таксама часта настаўнікі), то тут літаральна ўсе стужкі, а іх было няшмат, былі вартыя ўвагі і павагі. Ужо адразу пасля прагляду кенійска-нямецкага фільма Supa Modo рэжысёра з Найробі Лікарыёна Вайнайны было зразумела, што гэтая карціна пераможа ў конкурсе і возьме галоўны прыз “Залаты “Лістападзік” за лепшы фільм. Дзевяцігадовай смяротна хворай Джо, якая вярнулася з бальніцы ў родную вёску дажываць апошнія дні, падабаецца гуляць у супергерояў і хочацца ператварыцца ў чалавека, які валодае ўнікальнымі якасцямі, а для таго, каб Джо сапраўды паверыла, што яна не проста дзяўчынка, а звышчалавек, стараецца ўся вёска. На працягу ўсяго фільма дарослыя ёй падыгрываюць, абы толькі тая менш мучылася ад болю, абы толькі тая сышла ў іншы свет са сваёй светлай дзіцячай марай без агіды да жыцця, да людзей, да Бога… Вусцішна. Фантастычна. Прыгожа. Маленькі шэдэўр для маленькіх і дарослых гледачоў.

Безумоўна, не магла пакінуць нікога абыякавым і гісторыя шасцігадовай Леэлы з фільма “Таварыш дзіця” эстонскага рэжысёра Маонікі Сійметс (дыплом за лепшае аператарскае мастацтва). Леэла — дачка дырэктара школы і настаўніка фізкультуры. Першыя гады яе жыцця выпалі на няпросты пасляваенны час. Яе маці, звольненага дырэктара школы, урэшце высылаюць на Калыму як ворага народа, бацьку ставяць ультыматум: ты можаш пайсці на павышэнне, а твая дачка зможа стаць піянерам, але для гэтага ты павінен развесціся са сваёй жонкай, інакш наогул не будзеш працаваць у школе, і дачка твая ніколі не зможа завязаць піянерскі гальштук… Справа ў тым, што, ня-гледзячы на ўсе абсурды і жахі сталіншчыны ў пасляваеннай Эстоніі, Леэлу сапраўды вельмі прываблівае піянерская рамантыка, ёй вельмі хочацца стаць піянерам. З другога боку, яна, малая, яшчэ проста не можа разумець, у чым правінаваціўся сіне-чорна-белы сцяг, што так настойліва шукае следчы НКУС у яе доме, чаму тата, любімы ўсімі вучнямі настаўнік, раптам кідае родную школу і ідзе працаваць на лесанарыхтоўкі… А яшчэ яна проста чакае маму, з усіх сіл стараецца быць добрай дзяўчынкай, быццам гэта можа неяк прыспешыць яе вяртанне. “Таварыш дзіця” (у англійскай версіі — Little comrade, маленькі таварыш) — зусім не дзіцячы фільм, а паўнацэнная сямейная псіхалагічная драма, якая, дзякуй богу, вырашаецца хэпі-эндам. У 1953 годзе памірае Сталін, эстонцы ўздыхаюць з палёгкай, мама Леэлы вяртаецца з высылкі, сям’я ўзнаўляецца — і жыццё ўзнаўляецца… Дзіцячае шчасце вяртаецца да Леэлы, а яго ж ужо амаль што ўкралі.

Эксклюзіўныя інтэрв’ю са стваральнікамі фільмаў “На мяжы” (спецыяльны прыз за лепшы сцэнарый) і “Уцёкі ў Рым” (лепшая работа дарослага ў дзіцячым фільме) чытайце побач у асобным блоку.

* * *

“Лістапад”…
Пазнанне белага свету.
Прызнанне беламу свету.
Фільмы як лісты.
Лісты з белага свету ў белы свет. Нам з вамі.
“Лістапад”… Лістапад. Працягваецца.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара і з сайта ММКФ “Лістапад”.

Алдзіяр БАЙРАКІМАЎ (Казахстан), рэжысёр фільма “На мяжы”:

“Сёння ў моладзі няма героя часу, на якога можна было б ёй раўнавацца…”

Фільм “На мяжы” — гэта гісторыя некалькіх падлеткаў, і перадусім — Алжаса. Такіх, як ён, называюць белымі варонамі. У адрозненне ад сваіх аднакласнікаў ён сапраўды цікавіцца вучобай, асабліва гісторыяй, вызначаецца добрымі паводзінамі, але менавіта гэта не падабаецца вельмі многім яго аднагодкам і нават айчыму, якія пастаянна з яго здзекуюцца, папракаюць у адсутнасці мужчынскай волі і сілы. Расповед асабліва абвастраецца, калі ў Алжаса маладзейшыя за яго падлеткі падманам адбіраюць новы смартфон, падораны яму маці за поспехі па гісторыі. У выніку далейшых калізій Алжас перажывае нервовы зрыў, яго проста даводзяць да гэтага само жыццё, навакольныя. Даведзены да такога стану, аднойчы ён забівае ні ў чым не вінаватага падлетка, які папрасіў у яго на вуліцы тэлефон, бо яму трэба было тэрмінова патэлефанаваць… Фільм “На мяжы” — красамоўнае выказванне на тэму “Падлетак, які акружаны светам варожасці з боку сваіх аднагодкаў і сям’і, якая не да канца яго разумее і не да канца яго любіць”.

Фота да матэрыяла: Лісты з белага свету ў… белы свет.— Спадар Алдзіяр, якая самая вялікая праблема сённяшняй моладзі, на ваш погляд?

— Мне здаецца, праблема ў тым, што сёння ў моладзі няма героя часу, на якога можна было б ёй раўнавацца, таму многія падлеткі, маладыя людзі і не могуць знайсці сябе. Многія страчаны ва ўсіх сэнсах. Пакаленне — ні туды ні сюды… Я сам нарадзіўся ў 1991 годзе — равеснік постсавецкага часу. Як у той песні, толькі наадварот: “Народжаны не ў СССР”. І я вельмі адчуваю гэтую няпэўнасць, на якую асуджана маё пакаленне.

— Вы назіралі самі тыя з’явы, якія апісваеце ў фільме?

— Безумоўна. Вулічныя разборкі раён на раён, рабаванні сярод белага дня… Усё гэта бачыў на свае вочы.

— Значыць, сцэнарый не прыйшлося прыдумляць? Ён узяты з самога жыцця?

— Ён праўдзівы, жыццёвы. Але, канечне, трэба было прыдумаць канкрэтную гісторыю. Мы працавалі над сцэнарыем утраіх: я, Венера Каіржанава і Балат Іскакаў. Гэта мае сябры яшчэ з часу вучобы ў Казахскай нацыянальнай акадэміі мастацтваў імя Т.Жургенава. У нас былі вельмі сціслыя тэрміны. Напісалі за некалькі дзён, працавалі і днём і ноччу.

— Усё-такі да якой праблемы адсылае ваш фільм у большай ступені: сацыялагічнай або псіхалагічнай?

— Я думаю, тут усё паядналася. Мы не рабілі ўпор на праблему безбацькоўшчыны. Наогул, нешта страшнае робіцца сёння з нашым светам, з нашымі людзьмі. З кожным днём грамадства становіцца ўсё больш агрэсіўным, нецярпімым, бесчалавечным. Згадаць хоць бы нядаўнія падзеі ў Керчы. І ў нас, у Алма-Аце, таксама… Літаральна месяц назад у цэнтры горада загінуў алімпійскі чэмпіён па фігурным катанні Дзяніс Тэн. Да яго аўто падышлі двое хлопцаў, пачалі ўжо здымаць люстэркі, ён падбег, і яны яго забілі, пырнуўшы нажом… Уся Алма-Ата тады скаланулася ад жаху. Хацелася б, каб такое не адбывалася. І наш фільм мы задумвалі як папярэджанне. А ўсё, мне здаецца, пачынаецца з акружэння, у якім расце падлетак. Вельмі важна даваць дзецям і падлеткам адчуванне таго, што яны не адны ў гэтым свеце.

— Канцоўка фільма даволі сімвалічная. Мы бачым Алжаса ў нейкім цёмным калідоры, аднаго сярод голых сцен…

— Гэтая канцоўка мне прыснілася. Гэта адкрыты фінал. Ён пра тое, што здарылася бяда, але жыццё працягваецца. Грамадства жыве далей. Пустыя калідоры напаўняюцца…

Сандра ВАНУКІ (Італія), рэжысёр фільма “Уцёкі ў Рым”:

“У дзяцінстве я аднойчы таксама збегла з дому…”

“Уцёкі ў Рым” гэта гісторыя 11-гадовай Сільвіі з Тасканы. Яе мама пакутуе ад дэпрэсіі, і ўсё жыццё сям’і сканцэнтравана на ёй. Сільвія марыць убачыць Рым, але калі бацька ў чарговы раз адмяняе паездку, яна вырашае ажыццявіць сваю мару самастойна. Смелая і таварыская Сільвія знаёміцца з 13-гадовай цыганкай Эмінай і адпраўляецца за ёй у табар. Гэта пачатак няпростых, але шчырых адносін — дружбы, якая дапамагае абедзвюм дзяўчынкам. Зняты ў цыганскім табары з удзелам непрафесійных акцёраў фільм “Уцёкі ў Рым” — кранальнае, вострасюжэтнае і эмацыянальнае падарожжа ў часе і прасторы… Карціна заканчваецца хэпі-эндам. У пошуках Сільвіі бацькі паднялі на ногі ўсю паліцыю Рыма, але яна ўжо сама вырашае вярнуцца ў сям’ю…

Фота да матэрыяла: Лісты з белага свету ў… белы свет.— Спадарыня Сандра, а вы не думалі, што сваім фільмам вы можаце падаць дрэнны прыклад такім жа 11-гадовым дзяўчынкам, як Сільвія, якім таксама захочацца ўцячы з сям’і?

— Я проста хацела быць шчырай — паказаць адчуванне і стан дзіцяці, якое жыве ў сям’і, дзе нехта з дарослых пакутуе на дэпрэсію, паказаць тое, што гэта найбольшым цяжарам кладзецца менавіта на дзіця… Гэта дрэнны прыклад, але ў той жа час Сільвія дапамагла сваёй маці. Яна яе, можна сказаць, страсянула, скаланула настолькі, што тая вярнулася да сапраўднага жыцця і да свайго дзіцяці. Сільвія стала каталізатарам таго, каб маці пераасэнсавала сваё жыццё і адносіны з дачкой.

— Хто самы няшчасны ў вашым фільме? Дзяўчынка ці бацькі?

— Нават не ведаю… Сільвія проста з-за ўзросту яшчэ не разумее многіх рэчаў. Яна не разумее, што дэпрэсія — гэта сапраўды вельмі цяжкая хвароба, з якой чалавек часам нічога не можа зрабіць. А ў яе маці яна прагрэсіруе з кожным днём.

— Ці прысутнічае ў фільме аўтабіяграфічны момант?

— Так! Мая мама таксама пакутавала на дэпрэсію, і я таксама аднойчы збегла з дому. Розніца толькі ў тым, што мяне вельмі хутка знайшлі і адразу ж вярнулі дадому.

— У фільме вы закранаеце не толькі праблему бацькоў і дзяцей, але і праблему нацыянальных меншасцей, мультыкультуралізму, бежанцаў… Бо гэта ўсё вельмі актуальна для сённяшняй Італіі?

— Можа, у нейкай ступені і так. Але я заўсёды цікавілася цыганскай культурай. І, што дзіўна, усе цыгане, якія сустракаліся мне па жыцці, былі дастаткова мілымі людзьмі. Я хацела сваім фільмам сказаць, што людзей трэба ацэньваць, зыходзячы з пытання “Хто яны?”, а не з пытання “Адкуль яны?”. Так, у сённяшняй Італіі назіраецца дыскрымінацыя некаторых нацыянальных меншасцей, у тым ліку цыган.

— Якія табу існуюць для вас у фільмах для падлеткаў?

— Нашы дзеці, нашы падлеткі сёння вельмі прасунутыя, і таму ў прынцыпе гаварыць з імі можна пра ўсё. Але пры гэтым трэба быць проста асцярожным, напрыклад, пры размове пра секс ці гвалт. Каб не траўміраваць дзіця, не спалохаць яго на ўсё жыццё.

— Як вы адчувалі ў працэсе здымак: здымаеце больш для дзяцей ці для дарослых?

— І для адных, і для другіх. Абсалютна ў аднолькавай ступені.