Літаратура і песні на службе Саюзнай дзяржавы

Літаратурны праект да Года малой радзімы рэалізоўваюць пісьменнікі Беларусі і Расіі, паведаміла першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах.

Паводле яе слоў, беларускія пісьменнікі вельмі актыўна працуюць па тэме краязнаўства і таксама заклікаюць расійскіх калег звярнуць увагу на гэтую тэму. Будуць арганізаваны круглыя сталы з удзелам літаратараў дзвюх краін, аказана падтрымка найбольш таленавітым маладым пісьменнікам Беларусі і Расіі. “На працягу 20 гадоў беларускія літаратары ствараюць кнігі пра свае родныя мясціны, пра іх каштоўнасць, і ў гэтым годзе адбудзецца своеасаблівы агляд дасягненняў нашай пісьменніцкай працы. Малая радзіма — гэта тое, што мае значэнне для кожнага чалавека. Дзякуючы падтрымцы Грамадскай палаты Саюзнай дзяржавы, мы нашу прастору малой радзімы можам значна пашырыць. У канцы года падвядзём вынікі. Будзе прыемна, калі Грамадская палата таксама зможа падтрымаць, узнагародзіць лепшых пісьменнікаў дзвюх краін”, — сказала Алена Стэльмах.

Яна звярнула ўвагу і на тое, што літаратарам трэба больш актыўна сустракацца з чытачамі. Алена Стэльмах пераканана: кніга жывая, калі прахо-дзяць прэзентацыі, творчыя вечары і сустрэчы.

Яшчэ адзін праект пройдзе восенню ў Маскве. Як расказаў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, у расійскай сталіцы плануецца правесці круглы стол “Літаратура і песні на службе Саюзнай дзяржавы”. Ён збярэ на адной пляцоўцы вядомых пісьменнікаў, паэтаў, выканаўцаў песень. Будуць абмеркаваны праекты далейшага супрацоўніцтва на прасторы Саюзнай дзяржавы. Завяршэннем стане канцэрт.

16 ліпеня ў Доме літаратара прайшло пасяджэнне круглага стала, прысвечанае супрацоўніцтву Саюза пісьменнікаў Беларусі і Грамадскай палаты Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *