Літаратура ўключэння

“Калі мы гаворым пра інклюзію, то ўзгадваем звычайна пра стварэнне безбар’ернага асяроддзя для людзей з інваліднасцю. І рэдка абмяркоўваем інклюзіўную культуру, а тым больш літаратуру, — адзначае Вольга Воўк, загадчыца аддзела захоўвання асноўнага і рэдкага фонду Навуковай бібліятэкі БНТУ (library.bntu.by), старшыня камітэта праектнай дзейнасці Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі, удзельніца ініцыятывы “ЗаЧытанне”. — Тым не менш сёння з’яўляецца ўсё больш кніг, якія адначасова адрасаваны людзям рознага ўзросту — дзецям і іх бацькам, а таксама асаблівым і звычайным дзецям. Кніга разглядаецца як нагода для зносін, інструмент інклюзіі”.

“ЗаЧытанне” — ініцыятыва, што аб’яднала вакол сябе аўтараў, ілюстратараў, педагогаў і бібліятэкараў, якія праводзяць нестандартныя акцыі, курсы і праекты, накіраваныя на папулярызацыю якаснай сучаснай літаратуры, як дзіцячай, так і дарослай, традыцый сямейнага чытання.

“Адкуль сучаснае дзіця можа даведацца пра жыццё сваіх аднагодкаў з асаблівасцямі развіцця, прымерыць на сябе іх жыццё, па­знаць разнастайнасць свету? Як зрабіць да­ступнай мастацкую літаратуру, у тым ліку сучасную, для дзяцей з парушэннямі ў развіцці, перш за ўсё для невідушчых, дзяцей з інтэ­лектуальнымі парушэннямі, дыслексіяй? — гаворыць Вольга Воўк. — Каманда “ЗаЧытанне” рэалізоўвае адпаведныя праекты для дзяцей і пра дзяцей — звычайных і з АПФР: “Літаратура як інклюзія” і “Тактыльныя кнігі”. Удзельнікі творчай каманды чытаюць лекцыі і праводзяць майстар-класы па рабоце з інклюзіўнай літаратурай, вядуць спіс “Звычайныя кнігі пра незвычайных дзяцей”, збіраюць бібліятэку і расказваюць пра кнігі ў ёй, ро­бяць падборкі са спіса па індывідуальных запытах, напрыклад, для дзяцей, якія паступа­юць у інклюзіўны клас, укараняюць на практыцы розныя спосабы і метады работы з так званай літаратурай уключэння. З дапамогай мастацкай літаратуры, якая закранае пытанні асаблівага дзяцінства, узаемаадносіны паміж дзецьмі і дарослымі, можна растлумачыць інваліднасць простай мовай, падрыхтаваць да дыялогу. Такія кнігі можна паставіць у класе, рэкамендаваць дзецям, уключаць у розныя мерапрыемствы”.

Дзеці з асаблівасцямі маюць патрэбу ў спецыяльных кнігах: з шрыфтам Брайля, спрошчаным тэкстам, выкарыстаннем піктаграм, тактыльных кнігах і г.д. Пяць гадоў назад Навуковая бібліятэка БНТУ, ініцыя­тыва “ЗаЧытанне” і творчая група “Мівія”, якая стварае тактыльныя копіі карцін мастакоў, скульптур, макетаў архітэктурных збудаванняў, у тым ліку для людзей, якія не ба­чаць, праініцыіравалі праект “Тактыльныя кнігі” па пераводзе ў тактыльны выгляд сучасных дзіцячых кніг. У 2015 годзе праект атрымаў гран-пры ў конкурсе сацыяльных праектаў для Беларусі Social Weekend і невялікае фінансаванне. У 2020 годзе праект увайшоў у фотагалерэю “Лепшыя практыкі сусветных бібліятэк”, дзе прадстаўлены праекты і пра­грамы, якія найлепшым чынам дэманстру­юць тэму “Значэнне бібліятэк у садзейнічанні сацыяльнай справядлівасці і інтэграцыі”. За мяжой унікальныя тактыльныя кнігі ствараюцца менавіта ў бібліятэках.

“Мы ствараем тактыльныя версіі сучасных дзіцячых кніг, — гаворыць Вольга Воўк. — Шыем з тканіны, а ілюстрацыі да іх выконваем з рознафактурных матэрыялаў у тэхніцы шматслойнай аплікацыі. Тэкст пішацца шрыфтам Брайля і прымацоўваецца да кнігі, якая ствараецца ў некалькіх экзэмплярах. Гэта не проста брайлеўскія кнігі, тактыльныя копіі ілюстрацый у іх маюць такое ж значэнне, як і тэкст, з’яўляюцца паўнацэннай часткай літаратурнай гісторыі, дапаўняюць, працягва­юць і развіваюць тэкст. Да таго ж яны выдатна развіваюць маторыку і ўяўленне. Пасля таго як твор прачытаны, яго можна прыдумляць далей самастойна. Тым, хто стварае кнігі для невіду­шчых, варта ўліч­ваць асаблівасці ўспрымання імі свету. Якая асацыяцыя ўзнікае ў звычайнага чалавека пры слове “дом”? Людзі, якія не бачаць, узгадва­юць, напрыклад, ручку дзвя­рэй. Вырабляючы кнігі, мы прапануем невідушчым дзецям пратэсціраваць іх”.

Намаганнямі майстра кнігі Вольгі Шамшуры была створана тактыльная гісторыя на аснове твора Каці Талстой “Гісторыі пра маленькага труса Масю” для дзяцей 7—13 гадоў. З’явілася кніга Ану Штонер “Маленькі Дзед Мароз” ад май­стра Юліі Кучынскай для дзяцей 5—13 гадоў. Да кніг шыліся і галоўныя героі — цацкі. Юлія вырабіла тактыльную копію знакамітай гульнявой “Жывой кнігі” Эрвэ Цюле на кардоннай аснове з выкарыстаннем шрыфту Брайля. “У 2017 годзе мы стварылі і падарылі дзецям з асаблівасцямі зроку літаратурныя творы ў жанры верша ў скрынцы, — гаворыць Вольга. — Распрацоўшчыкам макета тактыльнага верша Рэнаты Мухі “Вялікая вандроўка маленькага пінгвіна” стала Юлія Кучынская. У той час камандзе праекта пашанцавала трапіць у легендарную бібліятэку для сляпых — Селію (Хельсінкі, Фінляндыя), дзе знаходзіцца больш за 1000 тактыльных кніг, большасць з якіх выраблена валанцёрамі. Ірмелі Хол­стэн, эксперт Селіі, падзялілася 30-гадовым вопытам вырабу тактыльных кніг і правя­дзення інклюзіўных чытанняў. У 2018 годзе Ірмелі наведала Мінск і правяла майстар-клас у каворкінгу Навуковай бібліятэкі БНТУ. Пад кіраўніцтвам Ірмелі мы вырабілі тактыльную паштоўку па матывах сучаснага верша. Яго героі ажылі не толькі дзякуючы аўтару, але і з дапамогай разнастайных матэрыялаў, да якіх можна дакрануцца: тканіны, дрэва, паперы, каменьчыкаў, пластыку”.

Літаратурна-тактыльныя паштоўкі па матывах верша для дзяцей з асаблівасцямі зроку выконваюцца па правілах стварэння тактыльных кніг, пачынаючы ад падбору матэрыялаў і заканчваючы размяшчэннем элементаў на старонцы. Частка элементаў робіцца з тактыльных матэрыялаў, а тэкст можна зрабіць шрыфтам Брайля ці проста прачытаць уголас. Майстры кніг разам са звычайнымі школьнікамі зрабілі паштоўкі для дзяцей з парушэннямі зроку, прысвечаныя трусу Масі, маленькаму Дзеду Марозу, а таксама на вершы Р.Мухі “Добрае дрэннае надвор’е”, “Сабаку пакрыўдзілі”. Юлія Кучынская распрацавала макет серыі тактыльных паштовак па вершах сучасных аўтараў для прамысловага вырабу. Да Новага года каманда праекта “Тактыльныя кнігі” выканала заказ на 120 віншавальных паштовак. Яе майстры дзеляцца вопытам вырабу тактыльных кніг і паштовак, выкрайкамі, інструкцыямі і праводзяць інклюзіўныя чытанні ў бібліятэках, дзіцячых садах і школах, падчас якіх звычайныя дзеці і дзеці з асаблівасцямі зроку (у групах па 8 чалавек) разам чытаюць адну і тую ж гісторыю, абмяркоўваюць яе, удзельнічаюць у кніжных гульнях (вершы ў скрынцы і інш.), знаёмяцца з героямі-цацкамі.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.