Літаратурнае сяброўства

- 10:05Якасць адукацыі

Днямі ў Мінску адбылося ўзнагароджанне пераможцаў пятага конкурсу маладых літаратараў Саюзнай дзяржавы “Мост дружбы”. Яго ўдзельнікамі сталі маладыя беларускія і расійскія аўтары ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў, якія на суд журы прадставілі невялікія апавяданні, нарысы і эсэ.

На літаратурнае спаборніцтва было пададзена звыш 80 аўтарскіх твораў з больш як 30 рэгіёнаў — ад Гродна і Брэста да Далёкага Усходу. Пасля папярэдняга адбору на разгляд экспертнага савета былі прадстаўлены 33 творы расійскіх аўтараў і 12 — беларускіх. З іх 10 сталі лаўрэатамі. Вітаючы канкурсантаў, намеснік дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Віктар Сірэнка сказаў, што “Мост дружбы” дае магчымасць надрукавацца маладым аўтарам: “Конкурс — гэта пачатак шляху маладых аўтараў, якія, магчыма, упершыню трапілі ў сур’ёзны зборнік, што мы выдалі. Цяпер імі могуць ганарыцца і родныя, і сябры”.

Начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Карповіч акцэнтавала ўвагу, што “ўсё лепшае нараджаецца, калі мы пераадольваем перашкоды”. “За апошнія два гады мы выйшлі на новы, больш прагрэсіўны ўзровень. Увогуле культура — гэта тая платформа, дзе найбольшая колькасць судакрананняў. Культура — гэта тое, што цесна яднае нашы народы, бо ў нас багатая агульная духоўная спадчына, і карані Беларусі і Расіі цесна пераплецены. Дзякуючы гэтаму конкурсу, імёны дзесяці лаўрэатаў упісаны ў нашу сумесную гісторыю. Жадаю, каб яны і ў далейшым зіхацелі на літаратурнай ніве”, — сказала яна.

Конкурсныя творы ацэньваў спецыяльны экспертны савет у складзе вядомых літаратараў і філолагаў-навукоўцаў Расіі і Беларусі. Так, член журы, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома “Звязда”, пісьмен­нік Аляксандр Карлюкевіч нагадаў, што “Мост дружбы” існуе ўжо 10 гадоў, хоць “далёка не кожны творчы праект можа пражыць столькі часу”: “Дзесяцігоддзе існавання конкурсу і яго плённай працы пераконва­юць, што Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы змог пабудаваць трывалы мост сяброўства. Хацелася б пажадаць конкурсу, каб пра яго больш ведалі ў самых далёкіх рэгіёнах Расіі і Беларусі. Часам зоркі мастацкага слова з’яўляюцца менавіта ў малавядомых гарадах. А калі будуць ведаць пра гэты конкурс, то ён стане багацейшым на іх”.

З беларускага боку пераможцамі конкурсу сталі Паліна Кучук, Раман Казлоўскі, Юлія Макарэвіч, Сярге­й Кавалёў і Максім Сямёнаў, а з расійскага — Аліна Асокіна, Лізавета Сафіуліна, Кацярына Багданава, Ефрасіння Капусціна, Ганна Самкова. Іх творы склалі змест пятага выпуску “Літаратурнага альманаха”, які надоечы пабачыў свет у Выдавецкім доме “Звязда” і быў прэзентаваны на цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу. Кароткія апавяданні гэтых маладых пісьменнікаў пададзены ў кнізе сіметрычна — на рускай і беларускай мовах.

Лаўрэат конкурсу Аліна Асокіна прыехала атрымліваць узнагароду з расійскага горада Ульянава, дзе яна працуе ў Палацы кнігі — Ульянаўскай абласной бібліятэцы. Дзяўчына ўвайшла ў дзясятку лепшых маладых літаратараў дзякуючы твору “Надзя”. “Маё апавяданне — пра сур’ёзную чалавечую драму: гераіня страчвае сына-першакурсніка, якога выпадкова збівае нейкая жанчына. Праз некаторы час мая гераіня На­дзя сутыкаецца з ёй, і ўжо ад яе і яе мужа залежыць жыццё дачкі той, хто загубіла іх сына. Надзя вагаецца: адпомсціць ці дара­ваць?”, — па­тлумачыла аўтар.

Ефрасіння Капусціна, якой усяго толькі 24 гады, прыехала ў Мінск з Санкт-Пецярбурга. Яна фотажурналіст, якога вельмі хвалюе праблема бяздомнасці. “У сваім дакументальным эсэ “У Пецярбургу не ўсе дома” я звяртаю ўвагу на тое, што ў адным з самых культурных гарадоў Расіі больш за 60 тысяч бяздомных лю­дзей, а я лічу гэта недапушчальным. І такая праблема ёсць не толькі ў Расіі, а і ў многіх краінах свету”, — расказала дзяўчына.

У сваю чаргу беларус Раман Казлоўскі ў сваім эсэ “Застацца чалавекам: рэфлексія пасля прачытання Васіля Быкава” ўзнімае праблему памяці: “Калі ў 10 класе я нёс Вахту памяці, то заўважыў, што ўсе ставяцца да вайны як да нейкай гульні. А вайна — гэта трагедыя. І ў сваім творы я апісаў выпадак, як да Вечнага агню падышлі бацька і 10-гадовы сын, доўга размаўлялі і ў канцы тата сказаў: “Галоўнае, сынок, у любой жыццёвай сітуацыі застацца чалавекам”. Пасля гэтых слоў я ўзгадваю гісторыю сваёй сям’і, свайго дзеда, якім было яго жыццё ў часы вайны і пасля яе. Разважаю сам і, спадзяюся, прымушаю чытача паразважаць над подзвігам і здрадай”.

Яшчэ адна наша суайчынніца — Паліна Кучук, якую больш ведаюць пад псеўданімам Ліндо Рандзір, стварае цыкл твораў, у якім “сплаў інтэлекту і эстэтыкі”. На конкурс яна прадставіла “Дзяўчыну міру”: “Тут пра тое, што снег пахне апельсінамі, а зіма — ноч, адна доўгая ноч. Лічу, што літаратура і слова — гэта сувязь, пэўнае аб’яднанне, таму і “Мост дружбы” сімвалічны, бо такім чынам літаратура яднае нас, і я вельмі радуюся, што стала лаўрэатам гэтага конкурсу”, — заключыла яна.

Удзел у конкурсе “Мост дружбы” служыць імпульсам для творчага развіцця маладых літаратараў, а менавіта ім прыйдзецца заўтра вызначаць аблічча культурнай і інфармацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы. “Зараз прынята гаварыць, што моладзь мала чытае і не любіць кнігу, але гэты конкурс пераконвае ў адваротным. І хоць кожны з удзельнікаў конкурсу працуе або вучыцца, але знаходзіць час, каб пісаць. Мы бачым вашы думкі і пачуцці — думкі сучаснага і будучыні нашых краін. Мы, як прафесійныя пісьменнікі, вельмі рады, што ў нас з’яўляецца такая маладая творчая сіла. Мы ўпэўнены, што вы сваім словам умацуеце сяброўства паміж нашымі народамі, таму што разумееце, што слова бывае разбуральным і бывае стваральным. Мы за стварэнне, за мір і дабрабыт нашых народаў! Таму жадаю зялёнага святла на вашым творчым шляху!” — рэзюмавала першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэль­мах.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.