Літаратурны батл

- 13:11Культура

У Міжнародны дзень абароны дзяцей у прэс-цэнтры Дома прэсы адбыўся ўнікальны батл “Пісьменнікі — дзецям!”. Два маладыя майстры пяра Павел Гушынец і Дзмітрый Юртаеў — аўтары Выдавецкага дома “Звязда” — сышліся на своеасаблівым літаратурным рынгу, каб расказаць пра сваю работу з юнымі чытачамі і паразважаць, як зацікавіць сучасных дзяцей кнігай.

Дзмітрый Юртаеў з чытачамі.

Але перш чым мы акунёмся ў батл, давайце пазнаёмімся з яго ўдзельнікамі. Шматвобразны Дзмітрый Юртаеў — паэт, празаік, перакладчык, публіцыст, мастак, акцёр, член Міжнароднага саюза пісьменнікаў “Новы Сучаснік”, пераможца конкурсу “Пісьменнікі — дзецям” 2017 года, аўтар кнігі вясёлых дзіцячых вершаў “Ні секунды цішыні”. І дасціпны Павел Гушынец — аўтар зборнікаў медыцынскіх апавяданняў, кнігі ўспамінаў дзяцей акупацыі “Вайна дзяўчынкі Сашы” і дзіцячых кніг “Дзяўчынка і кракадзіл”, “Тата, раскажы пра мяне гісторыю”.

Першы раўнд і першае пытанне, як аўтары зразумелі, што яны дзіцячыя пісьменнікі. Дзмітрый расказаў, што яго некалькі гадоў назад запрасілі ў адну з мінскіх бібліятэк выступіць перад школьнікамі. Аднак вялікага вопыту выступленняў у яго на той момант не было, праўда, у яго багажы ўжо было некалькі вершаў для дзяцей: “Я вельмі доўга рыхтаваўся, пісаў праграму, вырашыў, што прадстаўляць свае вершы буду тэатралізавана. Перада мной выступалі дарослыя пісьмен­нікі, мудрыя і вопытныя, але я заўважыў, што дзеці, якіх было каля 60—70 чалавек — поўная зала, праз паўгадзіны пачалі глядзець у вокны, бо ім было нецікава. І тады я зразумеў, што калі і маё выступленне будзе такім, то ніякі я не пісьменнік і тым больш не дзіцячы. Калі ж, нарэшце, падышла мая чарга, я адразу выклікаў дзяцей на сцэну і ўсе 30 мінут мы скакалі, бегалі, чыталі вершы — карацей, весела бавілі час. І менавіта ў той момант я адчуў, што стаў сапраўдным дзіцячым пісьменнікам. Дарэчы, у зале не было цішыні. Напэўна, таму мая дэбютная кніжка, ілюстрацыі да якой стварыла мастачка Акса­на Аракчэева, і атрымала назву “Ні секунды цішыні”.

Павел Гушынец з юнымі кнігалюбамі.

А вось Паўла да дзіцячай літаратуры заахвоціла звярнуцца ўласная дачка, якая стала фактычна суаўтарам яго кніг. Нават малюнкі ў іх з’яўляюцца толькі пасля яе адабрэння. “Калі ў мяне нарадзілася дачка, я пачаў прыдумляць ёй казкі. Пасля зразумеў, што калі майму дзіцяці цікавыя мае апавяданні, то і іншых дзяцей я змагу зацікавіць сваёй творчасцю, — прызнаўся П.Гушынец. — Сваіх герояў я не прыдумваю, у асноўным гэта мая дачка, яе браты і сябры. А калі гаварыць пра афармленне кніг, то першую кнігу “Дзяўчынка і кракадзіл” ілюстравала Надзя Бука. Яна малюе ў сваім непаўторным стылі, які блізкі да “Маленькага прынца” Экзюперы, такія філасофскія і загадкавыя малюнкі. А над другой кнігай працавала брэсцкая мастачка Марыя Міцкевіч, яе стыль больш класічны і адсылае да ўспамінаў пра кнігі майго дзяцінства”.

У другім раўндзе пісьменнікі абмеркавалі цяжкасці, з якімі сутыкаюцца сучасныя дзіцячыя аўтары. Яны прыйшлі да высновы, што часам прыхо­дзіцца дапісваць і перапісваць свае творы, каб яны больш краналі дзяцей. “Вось ты пішаш казку, думаеш, якая яна цікавая і незвычайная. А затым прыходзіш, чытаеш яе дзецям, а яны не ўсміхаюцца і не звяртаюць на цябе ніякай увагі, і тады ты разумееш, што тут нешта не тое, і пачынаеш дапрацоў­ваць сюжэт. У такія моманты асабліва моцна адчуваеш, наколькі складана пісаць для дзяцей”, — патлумачыў Д.Юртаеў.

На пытанне, як адносяцца да крытыкі юных чытачоў, удзель­нікі батла адказалі ў трэцім раўндзе. Дзмітрый падкрэсліў, што ён ніколі не крыўдуе на канструктыўную крытыку, пры гэтым ён перакананы, што калі са ста дзяцей адно не пляскае ў далоні, то варта задумацца чаму. А Паўла насцярожвае даволі прамалінейная дзіцячая крытыка: “Цяжка з такімі дзецьмі, і заўсёды стараешся прыцягнуць іх увагу, разварушыць, каб ім стала цікава”.

Наступны раўнд і пытанне пра сталенне дзіцячай літаратуры. Абодва пісьменнікі лічаць, што гэта аб’ектыўны працэс, якога немагчыма пазбегнуць, бо кожнае наступнае пакаленне дзяцей адрозніваецца ад папярэдняга. “Так, знакаміты раман Майн Рыда “Вершнік без галавы” 150 гадоў назад пісаўся для дарослых, а цяпер яго праходзяць школьнікі. Гэтак жа праз некалькі дзясяткаў гадоў “Гары Потэра” будуць чытаць у пачатковай школе. І гэта натуральна”, — дадаў Д.Юртаеў.

На традыцыйнае пытанне, чым зацікавіць сучаснае дзіця, каб яно само захацела чытаць і прыйсці ў бібліятэку па кнігу, быў адназначны адказ абодвух аўта­раў: трэба гаварыць на адной мове і быць на адной хвалі з сучаснымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, а таксама ствараць кнігі з вялікімі яркімі і дэталізаванымі малюнкамі, бо для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў вельмі важная візуалізацыя.

Апошні раўнд, і апошняе пытанне, канечне, тычылася творчых планаў. “Летам запланаваны выхад адразу трох маіх кніг: адна з іх будзе ў стылі дзіцячага фэнтэзі пра дамавікоў, чарговы зборнік медыцынскіх апавяданняў і другая частка кнігі пра дзяцей акупацыі”, — анансаваў П.Гушынец. А Д.Юртаеў збіраецца перавыдаць сваю кнігу “Ні секунды цішыні”, пераклаўшы яе на беларускую мову.

Вось такім атрымаўся літаратурны батл “Пісьменнікі — дзецям!”, пераможца якога — творчасць і любоў да літаратуры.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.