Літаратурны постынг

- 13:56Партфоліа

Прыём пастоў удала выкарыстоўваецца на ўроках літаратуры.

Да стварэння паста існуюць адпаведныя патрабаванні: невялікі аб’ём, змястоўная карцінка, цікавае напаўненне. Трансляцыя пастоў — гэта спосаб перадачы ўласнага бачання свету, магчымасць зацікавіць аднадумцаў тымі момантамі, якія ўзрушылі аўтара.

З дапамогай пастоў праводзіцца рэклама мастацкіх твораў. Работа складаецца з некалькіх этапаў. Спачатку афармляецца фотаінсталяцыя: падбіраюцца прадметы і аксесуары, якія трапяць у аб’ектыў фотакамеры. Часцей за ўсё галоўнымі атрыбутамі становяцца кнігі, партрэты пісьменнікаў, ілюстрацыі да твораў. Мэтазгодным будзе выкарыстаць тэматычныя рэчы, гэта значыць тыя, якія звязаны з сюжэтам. Самабытныя прадметы можна адшукаць у музеі, а з кнігамі і перыёдыкай дапаможа бібліятэка. Звычайныя побытавыя рэчы таксама могуць спатрэбіцца. Напрыклад, пры падрыхтоўцы паста да апавядання Змітрака Бядулі “Бондар” у кадры апынуўся драўляны посуд, да апавядання Вячаслава Адамчыка “Салодкія яблыкі” — яловы кол і антонаўкі, да байкі Алеся Звонака “Гарбуз” — прадстаўнік аднайменнай агародніны. Пры апісанні “Жыція Ефрасінні Полацкай” усе патэнцыяльныя складнікі інсталяцыі не змясціліся ў адной панараме, таму давялося ўклю­чыць некалькі ў агульную нізку. Толькі партрэтаў святой назбіралася шмат, а яшчэ важна было ўзгадаць  пра крыж (у тым ліку сучасную копію), сабор, помнік. Дарэчнай была таксама стужка часу. Падбіраць тэматычную экспазіцыю — вельмі займальна для вучняў, яны з энтузіязмам прапануюць свае варыянты і знаходзяць неабходныя рэчы. Да месца будуць ранейшыя вучнёўскія ілюстрацыі да твораў, якія заўсёды ёсць у метадычнай скарбонцы настаўніка, або падобныя рэпрадукцыі карцін мастакоў. Далей, калі атрыбутыка сабрана, неабходна эфектна сфатаграфаваць, выбраўшы правільны ракурс. Можна скарыстацца функцыямі апрацоўкі фатаграфій, паэксперыментаваць з колерам, ценем і фонам. 

Наступны этап — тэкставае паведамленне. Яно павінна быць лаканічным, ёмістым, змястоўным і прывабным. Галоўная задача — раскрыць сутнасць прадстаўленага вышэй фотаздымка і заінтрыга­ваць чытача. У тэкст могуць быць уключаны цытаты, якія перадаюць асноўную думку, уласныя разважанні над узнятымі праблемамі, кароткая характарыстыка герояў і г.д. Вось як вучаніца напісала пра апавяданне Івана Пташнікава “Алені”: “Іх было чацвёра, і ішлі яны адзін за адным…” Часам нам не хапае той спагады да жывёл, якую праявіла дзяўчынка Ірка ў апавяданні “Алені” І.Пташнікава. Сябры, давайце таксама захапляцца хараством прыроды і дапама­гаць братам нашым меншым! Зробім свет дабрэйшым!“ Яшчэ прыклад: “Падарожжа ў мінулае можна здзейсніць дзякуючы паэме Якуба Коласа “Новая зямля”. Разам з героямі мы трапляем у звычайныя працоўныя будні нашых продкаў. Выдатнае вывучэнне гісторыі і культуры!”

І апошні штрых — прымацаванне хэш­тэгаў, якія будуць выконваць функцыю маячкоў заяўленай тэмы. Гэта тыя маркёры, што дапамагаюць зацікаўленым асобам хутчэй знайсці патрэбны кантэнт і адфільтраваць лішняе. Так, у пастах пра аповесць Кузьмы Чорнага “Насцечка” прыводзіліся такія хэштэгі: #беларускаялітаратура #аповесцьдляпадлеткаў #насцечка #закрэўскі #серж #сяброўства #фанабэрыстасць #эгаізм #уменнепрабачаць. А пра апо­весць Івана Шамякіна “Непаўторная вясна”— # каханне #выпрабаванне #рэўнасць #студэнт #паэт #фельдшарка #пятроісаша #даваеннычас.

Стварэнне пастоў можна ажыццяўляць у форме КТС (калектыўная творчая справа), калі над адным праектам задзейнічана група вучняў. Тады неабходна правільна размеркаваць ролі згодна з магчымасцямі і прыхільнасцямі вучняў. Адны адказва­юць за падбор, размяшчэнне і фатаграфаванне рэквізіту, другія — за тэкставы блок, трэція — за фармулёўку хэштэгаў. Тэхнічна падкаваныя займаюцца непасрэднай выкладкай агульнага выніку дзейнасці ў інтэрнэце. Зручна мець дзяжурны акаўнт, куды размяшчаюцца гатовыя, пасля мадэрацыі настаўніка, пасты. 

Прыём стварэння пастоў да мастацкіх твораў — творчы працэс, які патрабуе крытычнага мыслення і грунтоўнай аналітыкі пройдзенага матэрыялу. Гэта сучасны займальны спосаб арганізацыі вучэбнай дзейнасці.

Пост — гэта мабільны прадукт. Яго можна рэдагаваць, дапаўняць новым тэкстам і фотаздымкамі (зрабіць так званую “карусельку”), а іншыя карыстальнікі маюць магчымасць адзначаць сваю прыхіль­насць, паставіўшы лайк, або напісаць каментарый. Звычайна аднакласнікі з’яўляюцца падпісчыкамі адно аднаго ў сацыяльных сетках, таму нескладана прасачыць іх камунікацыю ў дачыненні да створанага паста пра мастацкі твор. Аналіз жа адбываецца ў рэальным фармаце, менавіта на ўроку. Кожны з вучняў, удзельнікаў анлайн-абмеркавання, можа выступіць са сваімі аргументамі ўжывую, даказваючы ўласны пункт гледжання. 

Таццяна БАТУРА, 
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Навасёлкаўскай базавай школы 
Гродзенскага раёна.